Беларускія пісьменнікі: 1917-1990
- Автор: Гардзіцкі Аляксей
- Год: 1994
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00709-X
- Жанр: Справочная литература
Электронная книга - «Беларускія пісьменнікі: 1917-1990». Краткое содержание книги:
У 1948 г. паступіў вучыцца на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (скончыў у 1953). Адначасова працаваў настаўнікам расейскай мовы і літаратуры ў вячэрніх школах. З 1953 г. - рэдактар дзіцячай і юнацкай літаратуры ў Дзяржаўным выдавецтве БССР (пазней - «Беларусь»), у 1964-1966 гг. і ў 1966-1969 гг. - старшы рэдактар на Беларускім радыё, у 1966 г. (студзень - верасень) - галоўны рэдактар Менскай студыі навукова-папулярных і хранікальна-дакументальных фільмаў. З 1969 г. працуе ў часопісе «Неман», з 1979 г. - загадчык аддзела прозы часопіса. Сябра СП СССР з 1981 г.
Літаратурную дзейнасць пачаў з рэцэнзій і артыкулаў у студэнцкія гады. З 1955 г. выступае пераважна як перакладчык твораў беларускіх пісьменнікаў на расейскую мову. У яго перакладзе выйшлі раманы М.Лобана «Гарадок Устронь» (1972), Л.Арабей «Іскры ў папялішчы» (1973), А.Васілевіч «Пачакай, затрымайся» (1975), А.Шашкова «Спытай сваё сэрца» (1976), Б.Сачанкі «Вялікі Лес» (1986), В.Адамчыка «Голас крыві брата твайго» (часопіс «Нёман», 1990), асобныя аповесці А.Кулакоўскага, В.Карамазава, А.Марціновіча, Я.Маўра, І.Сяркова, М.Паслядовіча, кнігі І.Навуменкі пра Янку Купалу і Якуба Коласа і інш.
У яго літаратурнай апрацоўцы выдадзены на расейскай мове кнігі Ў.Парахневіча «Огненные вихри» (1967), А.Караткевіча «Обелиск у дороги» (1971), Л.Шыпулі «Четыре тарана в небе» (1982).
Жылка Ўладзімір, нарадзіўся 27.05.1900 г. у вёсцы Макашы Нясвіжскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1914 г. скончыў гарадскую навучальню ў Міры і разам з бацькамі пераехаў у Менск. Вучыўся ў Багародзіцкай агранамічнай навучальні Тульскай губерні (1915-1917), працаваў аграномам у дзяржаўным маёнтку пад Менскам (1918-1919). Вучыўся ў беларускай гімназіі ў Дзвінску, а ў лютым 1923 г. выехаў на вучобу ў Чэхію, дзе быў залічаны на гісторыка-філалагічны факультэт Карлава ўніверсітэта ў Празе. У 1926 г. вярнуўся на радзіму. Быў літсупрацоўнікам рэдакцыі газеты «Звязда», выкладаў беларускую літаратуру ў Менскім музычным тэхнікуме. На пачатку 1930 г. арыштаваны і паводле пастановы пазасудовага органа ад 10.04.1931 г. высланы тэрмінам на 5 год у г. Уржум Кіраўскай вобласці, дзе працаваў загадчыкам гаспадаркі і выкладчыкам літаратуры ў медыцынскім тэхнікуме. Рэабілітаваны 19.09.1960 г. Судовай калегіяй Вярхоўнага суда БССР.
Памёр 01.03.1933 г.
Выступаць у друку з вершамі пачаў у 1920 г. У Вільні выйшлі асобнымі выданнямі паэма «Уяўленне» (1923) і зборнік вершаў «На ростані» (1924). У Менску выдадзены зборнікі «З палёў Заходняй Беларусі» (1927), «Вершы» (1970), «Пожні» (вершы, пераклады, крытычныя артыкулы, 1986).
Пераклаў «Слова пра Якуба Шэлю» Б.Ясенскага (1932), а таксама асобныя творы А.Блока, А.Міцкевіча, Г.Ібсена, Ш.Бадлера, І.Волькера і інш.
Жычка Хведар, нарадзіўся 20.03.1927 г. у пасёлку Марс Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1944-1951 гг. служыў на Балтыйскім Ваенна-Марскім Флоце, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Потым працаваў літработнікам у рэдакцыях газет «Чырвоная змена», «Піянер Беларусі», адказным сакратаром рэдакцыі часопіса «Бярозка». У 1959 г. скончыў Літаратурны інстытут у Маскве. Быў рэдактарам, загадчыкам рэдакцыі выдавецтва «Беларусь», галоўным рэдактарам газеты «Літаратуры і мастацтва». З 1976 г. - старшы рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура». Сябра СП СССР з 1960 г.
Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» і медалямі.
Першы верш апублікаваў у 1947 г. (часопіс «Полымя»). Аўтар зборнікаў паэзіі «Стой на вахце, сэрца» (1961), «Росныя лілеі» (1965), «Настой» (1968), «Абеліск» (1973), «Абавязак» (1979), «Карэц калодзежнай вады» (вершы і паэмы, 1984), «Абрус» (1985), «Абдымкі сонца» (1988) і паэмы «Партызанскі праспект» (1975).
У сааўтарстве з П.Беразняком напісаў кнігі апавяданняў і фельетонаў «Сукенка ў крапінку» (1956) і «Лясныя страхі» (1959). Выйшлі аповесці для дзяцей «Каштанавы «Масквіч» (1959), «Піфагоравы штаны» (1961), «Зброю бяруць сыны» (1964), «Зорачка-пяцёрачка» (1965), «Дзе растуць бяссмертнікі» (1967), «Дзень будзе ясны» (1981), зборнікі апавяданняў «Паспелі суніцы» (1966), «Букет вяргіняў» (1970), навукова-папулярныя нарысы «Мая вуліца» (1970), «Мы па вуліцы ідзём» (з І.Чыжэўскім, 1973), «Старонкі піянерскай гісторыі» (1975), зборнік вершаў «Сонца скача па траве» (1989). У 1977 г. выдаў зборнік гумарэсак «Спагадлівыя людзі».
У яго перакладзе на беларускую мову выйшлі кнігі Т.Масэнкі «Казка нашага лесу» (1962), М.Алейніка «Леся» (з В.Крайко, 1967) і «Жылюкі» (1983), Л.Украінкі «Лясная песня» (1971), Б.Ногейла «Паводка» (1977), В.Нэзвала «Васількі і гарады» (1986). Выдаў зборнік выбраных паэтычных перакладаў «Вокны ў сад» (1987). Склаў анталогію сучаснай чэшскай паэзіі «Высокае неба» (1980).
Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Віцезслава Нэзвала (1983) за пераклады і прапаганду чэшскай і славацкай паэзіі. Узнагароджаны Дыпломам і медалём Славацкага літаратурнага фонду (1984).