Беларускія пісьменнікі: 1917-1990
- Автор: Гардзіцкі Аляксей
- Год: 1994
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00709-X
- Жанр: Справочная литература
Электронная книга - «Беларускія пісьменнікі: 1917-1990». Краткое содержание книги:
Атрымаў сярэднюю педагагічную адукацыю. У 1918-1919 гг. працаваў загадчыкам сталовай, затым на партыйнай рабоце ў Віцебску. З 1926 г. жыў у Менску, быў намеснікам рэдактара газеты «Акцябэр» («Кастрычнік»). З 1933 г. да лютага 1935 г. - намеснік наркома асветы БССР, затым - культработнік на заводзе імя Кірава. Арыштаваны 07.07.1936 г. і па пастанове пазасудовага органа 27.08.1936 г. зняволены ў выпраўленча-працоўны лагер тэрмінам на 5 год. Зняволенне адбываў ва ўхтпячорскіх лагерах. Паўторна арыштаваны ў красавіку 1937 г. і Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР ад 28.10.1937 г. асуджаны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны па справе 1936 г. - 24.01.1967 г. Судовай калегіяй Вярхоўнага суда БССР, 1937 г. - 02.02.1967 г. Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР. Сябра СП СССР з 1934 г.
Расстраляны 29.10.1937 г. у Менску.
Першы артыкул апублікаваў у 1927 г. у часопісе «Штэрн» («Зорка»). Пісаў на мове ідыш. Разглядаючы жыдоўскую літаратуру, выказваўся і пра творчасць беларускіх пісьменнікаў. Асобнымі выданнямі выйшлі публіцыстычныя і літаратурна-крытычныя працы «Аб масавай рабоце на яўрэйскай мове» (1929), «Дасягненні нацыянальнай палітыкі ў БССР» (1930), «Тэорыя паэзіі Літвакова» (1931), «У змаганні» (1931), «За Магнітабуд літаратуры» (1932), «Пра пісьменнікаў і творы» (1933), «На літаратурныя тэмы» (1934).
Дыла Язэп, нарадзіўся 14.04.1880 г. у горадзе Слуцку ў сям'і служачага.
Скончыў Слуцкую гімназію ў 1898 г. На наступны год паступіў у Юр'еўскі (цяпер Тартускі) ветэрынарны інстытут, з якога на трэцім курсе за ўдзел у антыўрадавых выступленнях быў выключаны. У 1903-1904 гг. працаваў у рэдакцыі менскай газеты «Северо-Западный край». У 1905 г. вёў нелегальную работу сярод сялян па заданні Менскага камітэта РСДРП. Працаваў у выдавецтвах Пецярбурга, Арэнбурга, Казані, Масквы (1906-1918). Быў сябрам Часовага рабоча-сялянскага Савецкага ўрада Беларусі - камісарам працы (студзень-люты 1919). У 1921-1923 гг. - старшыня Цэнтрабелсаюза. Пасля працаваў старшынёй Дзяржаўнай планавай камісіі БССР. У 1924 г. - намеснік старшыні Камісіі па раяніраванні БССР. З лістапада 1924 г. - сапраўдны сябра і вучоны сакратар Інстытута беларускай культуры, у 1925-1927 гг. - дырэктар Першага беларускага дзяржаўнага тэатра, дырэктар Інстытута па вывучэнні мастацтва пры Інбелкульце, намеснік загадчыка Белдзяржкіно па літаратурнай частцы. Быў сябрам ЦВК БССР. У 1931 г. рэпрэсіраваны, асуджаны на высылку з Беларусі. Жыў і працаваў у Саратаве. Рэабілітаваны ў 1957 г.
Памёр 07.04.1973 г.
Як пісьменнік дэбютаваў у 1912 г. у «Нашай ніве». Аўтар п'ес «Панскі гайдук» (1926, пастаўлена ў 1924), «Юнак з Крошына» (часопіс «Полымя», 1965), гістарычнай аповесці «Настасся Мякота» (часопіс «Маладосць», 1968, пазнейшая назва «У імя дзяцей»), шэрагу твораў для дзяцей. У 1981 г. выйшла кніга «Творы».
У перыядычным друку публікаваў апавяданні, крытычныя артыкулы, рэцэнзіі. Пераклаў на беларускую мову паасобныя вершы М.Канапніцкай, працы аб тэатральным жыцці Беларусі ў канцы XIX - пачатку XX стст., успаміны пра Я.Купалу, Я.Коласа, Я.Райніса.
Е
Егарэнкава Галіна, нарадзілася 13.05.1942 г. у горадзе Горкім (зараз Ніжні Ноўгарад, Расея) у сям'і рабочага.
У 1965 г. скончыла філалагічны факультэт Горкаўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Выкладала расейскую мову і літаратуру ў школах Горкага (1965-1967). Скончыла аспірантуру пры Літаратурным інстытуце ў Маскве. З 1972 г. - асістэнт, з 1978 г. - дацэнт кафедры расейскай і зарубежнай літаратур Менскага педагагічнага інстытута. Па сумяшчальніцтве выкладала расейскую літаратуру ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце (1972-1978). З 1980 г. працавала дацэнтам кафедры літаратуры Педагагічнага інстытута ў Горкім. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1979 г.
Памерла 09.02.1989 г.
Выступаць у друку пачала ў 1964 г. Літаратурна-крытычныя артыкулы і літаратуразнаўчыя працы прысвечаны творчасці А.Пушкіна, Ф.Дастаеўскага, Л.Талстога, М.Гогаля, М.Лермантава, сучасных беларускіх пісьменнікаў І.Шамякіна, А.Адамовіча, Г.Далідовіча, В.Казько, І.Пташнікава, І.Чыгрынава і інш. Аўтар кніг «Духовная жажда» (Горкі, 1983), «Земная основа» (літаратурна-крытычныя артыкулы, Горкі, 1987). У 1990 г. у Менску выйшаў зборнік літаратурна-крытычных артыкулаў аб беларускай прозе 70-80-х гадоў «Звено связующее».
Емяльянаў Алесь, нарадзіўся 20.03.1952 г. у вёсцы Забалацце Чавускага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Вучыўся ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі (1969-1971). У 1971-1973 гг. служыў у Савецкай Арміі. Працаваў электрыкам у Менску, а ў 1977 г. перайшоў на журналісцкую працу (газеты «Чырвоная змена», «Піянер Беларусі»). Скончыў завочна філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1983). У 1983-1986 гг. - рэдактар на Беларускім тэлебачанні. З 1986 г. - літкансультант СП БССР. Сябра СП СССР з 1986 г.