Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0074-9
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2». Краткое содержание книги:
У другі том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Знак бяды» (1982 г.), «У тумане», «Аблава» (1988 г.) «Пакахай мяне, салдацік» (1995 г.), «Балота» (2001 г.), а таксама некаторыя апавяданні 90-х гадоў.
Гуж падышоў бліжэй, можа, думаў, што яна павернецца ад яго, саступіць са сцежкі, а яна не павярнулася і не саступіла. Яна гнеўна глядзела ў яго, мусіць, не надта цвярозы, малады яшчэ твар з белымі брывамі. Твар, як ні дзіўна, не выдаваў нічога: ні асаблівай злосці, ні строгасці, ні якой пагрозы, толькі вочы былі дужа пільныя і сцюдзёныя.
— Там што? — кіўнуў ён на кошык і, перш чым яна паспела адказаць, выхапіў кошык з рук. — Хустка, хлеб… А гэта? Грошы? Грошы спатрэбяцца…
Ён запіхаў у кішэнь чорных брыджаў яе насовачку з пакамечанай траячкай і раптам азвярэла вылаяўся:
— А цяпер бягом! На хутар бягом!!! Акцявістка, ядрыт тваю такую!..
— Што ты робіш? Што робіш? Я закрычу, нахабнік ты! — раз’юшылася і Сцепаніда. Тады Гуж саўгануў чымсь пад палой кажушка і тыцнуў у грудзі ёй руляй. Так, гэта была кароценькая чарнаватая руля без мушкі, яна ўвапхнулася ў кажушок насупраць сэрца, вялікая Гужова рука туга ашчаперыла абрэзаную дзеравяшку ложа.
— Тваё шчасце, радня што! А то… Паняла?
Так, мабыць, яна паняла. Тым болей што ў хвойнічку непадалёк, трошкі шавелячыся і шавелячы галінкі, стаілася і яшчэ адна цьмяная постаць — пільна сачыла за іхняй сутычкай на сцежцы.
Сцепаніда павярнулася і пайшла сцежкай у глыб хвойніку да хутара, ні разу не азірнуўшыся і трошкі баючыся стрэлу ў спіну. Ведала, Зміцер быў здольны на ўсё. Бывала, падлеткам абтрасаў сады, глуміўся з меншых, пляжыў гародніну ў Выселках. Калі ў суседа Карнілы завёўся сабачка, які не даваў Гужу разбойнічаць паначы, дык той злавіў яго, удушыў і павесіў у Карнілы на шуле. Гэты літасці не меў ад роду. Не тое што ягоны рупны, добры і гаспадарлівы старэйшы брат ці нават строгі, але спакойны, набожны бацька, які даводзіўся нейкай раднёй Петраку.
— І каб нікому не слова! Паняла? А то пеўніка пад стрэшку! Ты мяне знаеш! — данеслася ўжо здаля.
Зноў яна, нібы пабіты сабака, ішла ў свой хутар і душылася ад слёз адчаю, крыўды і бяссілля. Нікуды не паткнуцца! Яе абрабавалі, як якога дурня, за вярсту ад жытла, адабралі апошні рубель. І хто? Зноў жа свой чалавек, якога яна яшчэ смаркачом гразілася некалі абстрыкаць крапівой за тое, што крыўдзіў малых на выгане. Цяпер не абстрыкаеш, цяпер стрыкаецца ён, ды так, што абпякае душу. Не шкада ёй было тае траячкі, але во нахабна так пагразіўся, і яна мусіла слухацца, бо што яна зробіць? Калі ён пайшоў на такое, яму нядоўга і падпаліць сядзібу. Ці забіць дзе ў хвойніку.
Ну але тады што — трываць?
Трываць было не ў яе характары, мусіць, яна ўсё ж на нешта наважыцца, нешта зробіць. Найперш яна раскажа Петраку, а заўтра збегае да Ганчарыка, у сельсавет. Усё ж ёсць Савецкая ўлада, знойдзецца нейкая ўправа на тых разбойнікаў у лесе.
Калі яна дабрыла да хутара, ужо сцямнелася, у намерзлым акенцы мірна блішчэў чырвоны агеньчык — дзеці сядзелі пры стале за ўрокамі. Пятрок паіў на падворку каня, мусіць, толькі што выпражанага з саней, якія стаялі каля дрывотні з некалькімі тоўстымі сухадрэвінамі — ці не з Баранняга Логу. Цяпер будзе чым уволю напаліць печ, мабыць, хопіць да цёплага. Але дровы, якія ў іншы час парадавалі б яе, цяпер ледзьве крануліся яе свядомасці — яна падалася да Петрака.
— Пётра! А Пётра!..
Мабыць, Пятрок адразу адчуў нешта кепскае ў яе голасе — такім голасам яна звярталася да яго не часта. Ён кінуў на снег вядро і ўстрывожана ступіў ёй насустрач.
— Пётра, што ж гэта робіцца? — сказала яна і ўсхліпнула. Пятрок разгублена стаяў насупраць.
— Хто табе? Што цябе?..
— Яны ж заб’юць нас. І хату спаляць… Яны ж азвярэлі! У мяне і кошычак адабралі…
Пятрок неяк адразу абвянуў, засмуціўся, толькі ўздыхнуў, вымавіўшы:
— Дык і цябе, значыць…
— А што, і цябе?
— І мяне… У сасонніку, ага?
— У сасонніку.
Пятрок азірнуўся, падышоў да дрывотні, паслухаў трохі, узіраючыся ў бок недалёкага рова.
— Слухай… Паслухай мяне. Нікому ні слова! І не патыкай носа! Сядзі дома. Бо… І мне гразіліся: за адно слова спаляць.
Сцепаніда апусцілася на шурпаты яловы камель на санях, у яе ўжо не было сілы стаяць. Значыць, і Пятрок пабываў ужо ў іхніх руках, значыць, і ён ужо з імі пазнаўся і цяпер загадвае маўчаць. Інакш… Сапраўды, страшна падумаць, што будзе інакш. Дзе тады жыць? Куды ісці з дзецьмі?
Пятрок напаіў каня, завёў і паставіў у хлеў. Папоркаўся там нядоўга і зноў выйшаў на двор. Ужо было зусім цёмна, з-за рага істопкі дзьмуў пругкі вецер, зорак у небе не было відаць ніводнай. Сцепаніда сядзела на бервяне, абнямоглая, заплаканая, і думала: што рабіць? Галоўнае, каб усё тое неяк не зачапіла дзяцей, не апаліла іх бязлітасным сваім крыллем, абышло міма. Пасля, канешне, будзе ўсё, але як падрастуць, хай. А цяпер каб уберагчы як ад благога іхнюю дзецкасць, іх слабыя, недарослыя душы.