Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У другі том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Знак бяды» (1982 г.), «У тумане», «Аблава» (1988 г.) «Пакахай мяне, салдацік» (1995 г.), «Балота» (2001 г.), а таксама некаторыя апавяданні 90-х гадоў.
1 ... 57 58 59 60 61 62 63 64 65 ... 254
Перейти на страницу:

— А што ж галоўнае? — гарачыўся Карніла. — Напісалі паклёп, хіба ж гэта няважна?

— У тым-та і справа, што не паклёп. Што праўда! Наймалі ж? Наймалі. Значыць, наёмная сіла.

У хаце ўсе змоўклі, пазіраючы хто куды — што такое наёмная сіла і якія яна цяпер мае вынікі, было ўсім вядома. Сцепаніда таксама маўчала, хоць і разумела, што цяпер нешта трэба рабіць, некаму скардзіцца, ці што? Праўда, у глыбіні душы яна яшчэ не магла паверыць у кепскае, бо тыя пералічаныя ў заметцы людзі хоць і наймалі памагчы па гаспадарцы, але ж якія яны кулакі? І не сабатажнікі нават, бо разам з усімі ўступілі ў калгас, а Прахорыха проста старая бабылка, што дажывала свой век у струхлелай хаце. Ці ж ёй пад сілу было самой абрабіць і засеяць чатыры дзесяціны зямлі? Ну і наймала каго абрабіць поле з паловы ці трэцяй часці. Дык які ж яна класавы вораг?

— Але дзе Патап? — запытаўся Ганчарык.

— Збег, шчанюк. Ведае, паганец, што цяпер яму далей з воч, — не сунімаўся Карніла. Лявон прагна зацягнуўся апошнімі зацяжкамі з недакурка і са злосцю шпурнуў яго на падлогу.

— А я яму прытулак даў! У сельсавет пусціў. Ну паганец! Цяпер чакай у мяне!

— А што ты яму зробіш? — спытаў Карніла. — Не выганіш жа.

— За праследаванне селькора крымінальная адказнасць, — напомніў Ганчарык.

— За яго адказнасць. А яму ніякай адказнасці! Наплёў — і прэч з воза. А тут шавялі мазгой. Бойся! Думай, што выйдзе. Мабыць жа, гэтым не кончыцца.

— Мабыць, не кончыцца.

— Трэба ехаць у мястэчка, — сказаў Лявон і падняў знявечаны твар да Ганчарыка. — Паедзем удвух.

— А як жа апісанне? — запытала Сцепаніда. — Яшчэ ж той канец сяля застаўся. Ці мо другім разам?

— Не, — сказаў Лявон. — Вы апісвайце. А мы пад вечар прыедзем.

— Ну добра.

Павольна, усё дужа паныла Карніла патэпаў па хаце, нешта падумаў і так і гэтак. Ведама: яму было не соладка — працягнулі ў газету. Сцепаніда пашкадавала яго, бо ведала, які ў яго самалюбівы нораў, хоць з выгляду ён быў мужык ціхі, негаваркі. Карніла хацеў нешта сказаць, надзеў на рукі лапленыя, з кажуха, рукавіцы, зноў зняў іх. Але махнуў рукой і ўзяўся за клямку. Сцепаніда таксама пайшла да дзвярэй.

Так, моўчкі, Карніла наперадзе, а Сцепаніда ззаду, яны пайшлі вуліцай у дальні канец Выселак, што раскінуўся за пагоркам у нізінцы. Карніла доўга маўчаў, шырока тупаючы па наледзянелым снезе ў чорных валёнках. Валенкі былі яшчэ новыя, каляныя і здаваліся цяжкімі ў нязграбных, клееных з тоўстай аўтамабільнай гумы галёшах. Канешне, ён часам наймаў што памагчы, хоць на зямлю і быў не багаты, але быў ашчадны, любіў майстраваць і меў троху пчол. Казалі суседзі, што быў скупы і не любіў пазычаць не толькі вяскоўцам, але і родзічам. Ад калгаса не адмаўляўся, уступіў разам з усімі. Лявон яшчэ меўся паставіць яго брыгадзірам, бо Карніла гаспадарыць умеў і быў рупны. Ды вот гэты допіс у газеце.

— Во, кажуць: кіраўнікі, кіраўнікі, — сказаў ён, павярнуўшыся да Сцепаніды, і тая подбегам дагнала яго. — А я табе скажу: горай за суседзяў нікога няма. Ніхто табе столькі шкоды не ўчыніць, як твой сусед.

— Ну, ведама ж, — пагадзілася Сцепаніда. — Бо ўсё блізка, пад бокам.

— Пад бокам, усё бачаць і заходзяцца ад зайздрасці. Асобенна яшчэ, калі нягеглы які. Няўдака! Такі не тады рады будзе, калі сам каня купіць, а калі ў суседа конь здохне. Праўда! Знаю я такіх суседзяў! Ад іх кавалак хлеба трэба пад армяком есці. А то пазайздросцяць. А зайздрасць, яна бокам вылязае. Канешне ж, не таму, хто зайздросціць. Я не кулак, не багаты. Зямлі не болей, чым у другіх. Але я работу люблю. І парадак. Не тое што другі: кінуў, рынуў, пайшоў. Я, калі ўзяўся, дык давяду ўсё да ладу. Зямлю, я яе лепей чым лусту хлеба дагледжу, усе шнуркі на каленях выпаўзаю, усе камочкі ў пальцах ператру. Я ржавую драціну не абміну, падбяру. А як жа іначай у гаспадарцы? Ды во, некаму вочы коле.

— А няўжо гэта Патап напісаў? — усумнілася Сцепаніда.

— А то хто ж? Ён жа ў нас селькор. Памятаеш тады, як на Прахорыху даказаў? Пра лён?

Гэта Сцепаніда памятала добра. Пра той учынак Патапа Каландзёнка, можа, з год гаманілі ў Выселках, а то і ва ўсім раёне. Былі нават спрэчкі: каторыя маладзейшыя ледзь не загрудкі браліся са старымі, якія ганілі хлопца, а маладыя хвалілі, бо пра Каландзёнка напісала тая ж газета, праславіла на ўвесь раён. Здарылася тое залетась, позняю восенню, калі раён апынуўся ў прарыве па льназдачы. Лён не ўрадзіў, не вырас, бо з вясны засушыла, а здаваць трэба было, мужыкі спрэс сталі нядоімшчыкамі. З акругі і з раёна адразу прыехалі аж два ўпаўнаважаныя і разам з Лявонам пачалі хадзіць па дварах, выбіваць лён. Але што можна было выбіць, калі ўсё паздавалі дагэтуль, сабе не пакінуўшы ані каліва; калаўроты і кросны той год стаялі без працы. Каб як выпаўзці з планам, нават развівалі вяроўкі, конскія путы — усё здавалі як валакно. У старой Прахорыхі, ведама, не знайшлося нават якой вяроўчыны, каб раскруціць, упаўнаважаныя яшчэ пашкадавалі бедную бабыліху, якая ўсё плакала і наракала на лёс, на сваю старасць і нездароўе.

1 ... 57 58 59 60 61 62 63 64 65 ... 254
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)