Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У другі том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Знак бяды» (1982 г.), «У тумане», «Аблава» (1988 г.) «Пакахай мяне, салдацік» (1995 г.), «Балота» (2001 г.), а таксама некаторыя апавяданні 90-х гадоў.
1 ... 63 64 65 66 67 68 69 70 71 ... 254
Перейти на страницу:

— Вот каб мне за жонку цябе…

Яна зноў засмяялася.

— Дык шлі сватоў, чаго ж ты…

— А пойдзеш? — зноў настырчыў позірк Карніла.

— Падумаю. Можа, і пайду. Не знаю яшчэ…

Яна і сапраўды не знала, хоць нічога не мела супраць яго. Карніла быў мужык спраўны, але ж удавец з двума малымі. А яна хадзіла ў дзеўках, з хлопцаў нікога на прыкмеце не мела, ніхто яшчэ да яе не сватаўся. Што было ёй рабіць? Месяцаў колькі яна чакала, марыла рознае, уяўляла, аж зненавідзела сябе і Карнілу. Ды сватоў ён так і не прыслаў, на Мясаед прывёў з Кухналёў перастарку Вандзю, якая і загаспадарыла на Карнілавай сядзібе. Сцепаніда трохі паплакала ў падушку і супакоілася, хоць і не забылася на той летні ранак на ягоным падворку.

Можа, цяпер яму за тое пакаранне?

Але ж не, хіба за такое можна караць? А завошта тады караць Ладзіміра, старую Прахорыху? Дый Гужова таксама… Зрэшты, калі падумаць, дык, можа, усё і пачалося праз гэтага Гужа? Калі б ён тады не заўпарціўся і каго выклікаў, дык бы не прыязджаў Новік, не патрабаваў бы яго раскулачвання. І не раскулачылі б, калі б на галасаванні Ганчарык не падняў руку і тым не зрабіў большасць. А не раскулачылі б Гужа — не было б заметкі ў газеце, а тады ж што? Тады не чапалі б і гэтых?

Але тады праз каго ўсё гэта? Праз Гужа? Новіка? Ці Васілёву няўстойку? Дык няўжо ж ад адной толькі ягонай рукі так шмат залежала ў Выселках? Але во, мусіць, залежала. Проста страшна падумаць, як шмат, бывае, залежыць у жыцці ад аднаго толькі слова, рукі, нават нейчага позірку. Асабліва ў гэткі час! Якім трэба быць памяркоўным, ашчадным, справядлівым і добрым. Бо тваё зло супраць некага можа абрынуцца з яшчэ большаю сілай назад, на цябе самога, тады ой як стане балюча. А перад тым, як ты валіў яго на суседа, ці балела табе? Часам бывае радасна, што цябе абышло, абмінула, усім цяжарам зваліўшыся на іншага. А як абрушыцца на цябе самога?

Ранкам яна ўстала разбітая, ушчэнт растузаная сваімі думкамі — трэба было збіраць у школу малых, а то б не ўставала. Хай бы Пятрок карміў парсюка, авечак, добра, карова яшчэ не цялілася, даіць не трэба было. Пры газнічцы наабірала чыгунок бульбы, запаліла ў печы. Дзеці яшчэ спалі: салодка пасапваў уранні Федзька, Фенечка таксама сцішылася, а то ўсю ноч неспакойна варочалася на ложку. Пятрок выйшаў на двор і, мусіць, забавіўся ля скаціны. Цяпер, як заўважыла яна, ён даўжэй, чым калі раней, бавіў час ля каня, ведаў: хутка прыйдзецца ім разлучыцца. Шкада было спраўнага маладога коніка, якога год назад нажылі і цяпер аддаваць… Яна разумела Петрака. Тым часам пачало днець, засінеўся золак у вокнах, у хаце было відна ад агню з печы, і яна ўжо хацела была дзьмухнуць на газнічку, як у акно пастукалі. Спярша яна падумала, што гэта Пятрок, але не — стук быў нейкі надта даўгі і рэзкі, спалоханы, ці што, Сцепаніда падумала: калі што, там жа недзе ў хляве гаспадар. Але яна падышла да акна і не адразу разгледзела за намёрзлай і падталай шыбкай жаночую постаць ля прызбы.

— Цётачка… — глухавата данеслася з-за акна як не з гэтага свету, і яна пазнала Анютку. Сцепаніда таропка расчыніла дзверы з сянец, Анютка ўбегла ў хату і адразу ўпала на лаву, заходзячыся ў ёкаце. Яе чорны сачок быў расшпілены, хустка з’ехала на патыліцу, светлая расплеценая каса рассыпалася па плячах.

— Ой, цётачка, ой, бяда ж у нас…

Яна ўжо здагадалася. Учора ў сельсавеце стала зразумела, якая бяда насоўвалася на Ладзіміра, Анютку і яе дарослых братоў, і цяпер хацела неяк суцешыць дзяўчыну. Але тая раптам устала з лавы, абарвала плач і, аціраючы слёзы з твару, загаманіла:

— Ой, цётачка, ноччу ж Анціпа з Андрэем забралі — прыехала міліцыя і забралі, усё ператрэслі, шукалі яшчэ Гужовага Зміцера, але ж Зміцер хітрэйшы, Зміцер уцёк, а нашых пабралі, павялі некуды…

— Так, так, так, — машынальна казала Сцепаніда, ужо здагадваючыся аб іншым. — Яны з Гужом былі?

— Ой, цётачка, хіба ж я ведаю, але гэтыя дні недзе прападалі. Зміцер як прыйшоў за імі — і прапалі, дзве ночы не былі дома. А сёння ж… Ці вы мо чулі, што ўначы сталася на бальшаку? Ой, гэта ж бяда сталася. Кажуць, нехта пераняў Касмачова, ну і таго з Полацка, і стралялі. Во там, у сасоннічку. Кажуць, Касмачова паранілі, добра, што конь вынес. Конь як паддаў і вынес аж у мястэчка. Ну, міліцыю паднялі, ай, што рабілася! Ноччу… Наехалі якраз, як браты вярнуліся. Толькі кажухі пасцягвалі — стук-стук, пытаюцца: дзе былі? Тыя: дома. Тады да мяне… А я што скажу, я ж нічога не ведаю…

Ашаломленая тым, што чула, Сцепаніда апусцілася на ўслон, адчуваючы, як усё перамяшалася ў яе пачуццях і ў яе галаве таксама. Патроху яна пачала разумець, што сталася — сталася страшнае. Адчула яшчэ невыразную сувязь таго страшнага здарэння з тым, што рабілася днямі і ўчора, са сваёй сустрэчай у сасонніку. Яна маўчала, пазіраючы на Анюту, якая ўзялася папраўляць хустку. Сэнс незвычайных падзей марудна даходзіў да яе свядомасці. У запеччы паўставалі малыя. Федзька, надзеўшы порткі, страхавіта высунуўся з-за радзюжкі і стаяў так са спалохам на сонным твары.

1 ... 63 64 65 66 67 68 69 70 71 ... 254
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)