Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0074-9
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2». Краткое содержание книги:
У другі том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Знак бяды» (1982 г.), «У тумане», «Аблава» (1988 г.) «Пакахай мяне, салдацік» (1995 г.), «Балота» (2001 г.), а таксама некаторыя апавяданні 90-х гадоў.
— Ай-яй! Што ж гэта робіцца?! — прамовіла яна разгублена.
Анютка, трохі суняўшы ўзрушанасць, гаварыла, ламаючы на грудзях рукі:
— Я ж не ведаю цяпер, што рабіць! Бацька заплакаў: кажа, навошта вы так на старасць маю? А як павялі Анціпа з Андрэем, дык і саўсім біцца стаў аб зямлю, мне страшна стала, ну, я і пабегла сюды. Што ж цяпер рабіць, цётачка?
Што ж было рабіць? Каб яна ведала, што трэба было рабіць. Але, мусіць, цяпер ужо нічога не зробіш. Цяпер позна! Пасля такога ўжо зусім позна, ужо цяпер не паткнешся нікуды. Цяпер ёй стала зусім зразумела, што там рабілася, у сасоннічку, як яна бегла ў мястэчка, чаго яны спынілі яе: ім не траячка яе спатрэбілася — яны чакалі. А яна перашкодзіла. Але ж нада на такое наважыцца, дайсці да такога. А цяпер… Што цяпер будзе?
16
Праз дзень раскулачвалі Багацьку Ладзіміра.
Ранічкай у Яхімоўшчыну прыбег Патап Каландзёнак, якога цяпер Сцепаніда не хацела пушчаць у хату, і ён быццам адчуваў гэта — пастукаў у акно і празвягаў Лявонаў загад прыйсці на раскулачванне. Яна сказала яму і сабе — скулля! І не пайшла. Няхай раскулачваюць без яе, яна не галасавала за тое раскулачванне. Але потым затрывожылася, болей за Анютку, — як яна там? Гэта ж так яе павязуць, і яна ніколі ўжо не пабачыць дзяўчыну. Аж расхваляваўшыся ад тае думкі, Сцепаніда як была, у няновай спадніцы і атопках, пабегла ў Выселкі.
Трохі наводшыбе ад вуліцы, на Ладзіміравым падворку, ужо тоўпіліся людзі, пахмурна стаялі запрэжаныя ў сані коні. З хаты выносілі майно: клумкі, кажухі, падушкі, мяхі, — усё неяк таропка, без ладу кідалі ў сані. Трошкі ў баку, ля плота, знерухомела купка вясковага люду, болей жанок з дзецьмі, мужчын было мала, і сярод іх на падворку вылучалася высокая постаць Лявона ў залапленым кажусе, з чорнай паскай наўкось па шчацэ, цераз лоб. Выгляд у старшыні быў змрочны і злы, — нібыта раскулачвалі яго, а не Ладзіміра. Непадалёк на снезе стаяў незнаёмы Сцепанідзе прысадзісты мужчына ў чорнай бліскучай скуранцы, які таксама назіраў за гэтай выпраўкай у нікому не вядомы, далёкі, жалобны шлях. Дзверы ў сені былі расчынены, адтуль выскачыў спатнелы, чорны, цыганскага выгляду Антось Недасека, пра штось запытаў у Лявона. Следам паказаўся Васіль Ганчарык, — няспрытна, задам ступаючы з ганка; валок цяжкаваты зялёны куфэрак, які з другога боку трымаў сам Ладзімір. Згледзеўшы той куфэрак, Сцепаніда міжволі ахнула: то ж быў Анюцін пасаг, з якім дзяўчо нядаўна яшчэ збіралася замуж — неяк зімой паказвала Сцепанідзе, што там было нарыхтавана. Цяпер гэты рыштунак сам Ганчарык выпраўляў немаведама куды — на Салаўкі, у Сібір — хто ведае? Сцепаніда глыкнула даўкі ком у горле, з усяе моцы памкнулася стрымаць слёзы. Зрэшты, тое было нялёгка, некаторыя бабы ўжо плакалі, — ціхмана хліпаючы насамі, выціраючы рукавамі вочы, а малая Барысава Маня ўсё тузала маці за палу кажушка і пытала:
— Мама, а куды гэта яны? І я хачу ў сані…
Лізавета крыкнула на дачку раз і другі, ды малая не сціхала, і тады старая Малання, што стаяла побач з кіём у руках, мовіла з нейкім благім намёкам:
— Чакай, дачушка. Вырасцеш — паедзеш яшчэ…
Васіль з Ладзімірам уладкавалі куфэрак на сані, Ладзімір пачаў прывязваць яго даўгой вяроўчынай, а Ганчарык выпрастаўся, і Сцепаніда не пазнала ягоны твар — такі спакутаваны выраз ляжаў на ім, — зусім не падобны на яго, ранейшага.
— Праслядзіце за цем, как укладываюцца, — падкрэсліваючы інтанацыяй кожнае слова, загадаў яму незнаёмы ў скуранцы, — мабыць, упаўнаважаны з раёна. — Пад вашу лічную ответсцвеннасць.
Ён стаяў на двары асобна ад іншых, засунуўшы рукі ў кішані скуранкі, і Вася моўчкі кіўнуў, пайшоў у хату Ладзіміра.
«Гэта ж трэба! — разгублена думала Сцепаніда. — Сам нявесту сваю… Хаця, мабыць, ужо не нявеста…»
Яна хацела пабачыць Анютку, баялася гэтай сустрэчы і не магла абысціся без яе, бо ведала, што ім больш не пабачыцца. Але Анюта ўсё не выходзіла з хаты, мабыць, нешта яшчэ збірала, і Сцепаніда наважылася — рушыла цераз двор у сені. Толькі яна ступіла на ганак, як той, у скуранцы, вызверыўся: