Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0074-9
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2». Краткое содержание книги:
У другі том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Знак бяды» (1982 г.), «У тумане», «Аблава» (1988 г.) «Пакахай мяне, салдацік» (1995 г.), «Балота» (2001 г.), а таксама некаторыя апавяданні 90-х гадоў.
Але як толькі камісія выйшла з халоднай, няпаленай хаты на двор, Патапка Каландзёнак, які заўжды круціўся каля начальства, падышоў да старшага ўпаўнаважанага, маладога мужчыны ў чорным бобрыкавым паліто, і шапнуў, што ў пустым хляве ў бабкі схаваны лён. Спярша яму не паверылі, зазірнулі ў пусты, з расчыненымі дзвярыма хлеў, і Патапка, узлезшы на бэльку, выцягнуў з-пад страхі тры куксы выдатнага гладкага кужалю. Гэта быў сабатаж, і хоць Прахорыха апраўдвалася, што ўшчэнт абнасілася, што тое ёй для сподняга на смерць, склалі пратакол і хацелі судзіць. Але неяк абышлося з судом, мусіць, усё ж пашкадавалі бабулю, а пра класавую пільнасць Патапа Каландзёнка напісала раённая газета «Чырвоны араты». Во пасля таго выпадку Лявон і пусціў у сельсавецкую хату Каландзёнка з маткаю, якія жылі да таго ў лазні. Самога ж Патапа ў вёсцы сталі клікаць Селькор — адны з пахвалой і зайздрасцю, а другія з насмешкай. Што ж датычыцца Патапа, дык, мусіць, ён зразумеў гэта па-свойму, і яшчэ разы два ў газеце паявіліся кароценькія заметкі пра высялкоўцаў: адна — што ў вёсцы добра працуе лікбез, а другая пра збор попелу на ўгнаенне.
Яны падышлі да скасабочанай, пад трухляваю страхой хаты, Карніла пакратаў зачыненыя знутры веснічкі. Тут жыў Багацька Барыс, мнагадзетны бядняк, які, аднак, ці не апошні на сходзе запісаўся ў калгас і адразу знік з вёскі. Казалі, некуды з’ехаў. Веснічкі ніяк не адчыняліся, тады Карніла так трасянуў іх, што тыя ледзь не паваліліся разам са слупкамі і расчыніліся. Яны абое зайшлі на засмечаны саломай і трухой, зруднелы ад памыяў падворак, праз халодныя сені ўвайшлі ў хату.
— Дзень добры. Ці ёсць тут хто? — падаў голас Карніла.
Не адразу з запечча выткнулася Лізавета, Барысава жонка, з паспешна захінутым нейкаю радзюжкай малым на руках, які туліўся мурзатым тварыкам да пустой Лізавецінай сіські. Счырванелымі, мабыць, ад плачу вачмі Лізавета ўставілася ў захожых.
— Лізаветка, мы апісаць, што ў калгас абабшчаствляць падлягае, — стараючыся як мага ласкавей, сказала Сцепаніда. Лізавецін твар ад тых слоў пыхнуў знянацкім гневам.
— Апісваць? Апісвайце! Во іх апісвайце! Маня, Тэкля, Гануля — усе сюды! Во іх бярыце, карміце ў сваёй камуне.
З запечча да маці кінуліся дзве басаногія малыя ў заношаных каптаніках, ухапіліся за брудную спадніцу. Саромеючыся, выйшла старэйшая Гануля і таксама, пазіраючы спадыбла, стала за маці. У падпеччы, чуваць было, спуджана кудахталі куры, смярдзела чымсь непрыемным, і было дужа няўтульна ў запушчанай хаце.
— Ладна, — сказаў Карніла. — Ты тут нам шпіктакль не строй. Дзе Барыс?
— А я знаю, дзе той Барыс? Мне не сказаў. Калі ў калхоз запісаўся, дык яго і апісвайце. А я не пайду і каровы не дам. Карова мая, у пасаг бацька выдзеліў. Не маеце права адбіраць.
— Ды сціхні ты, Лізавета! — зазлавала і Сцепаніда. — Карову мы пісаць не будзем. Запішам толькі каня. Ну і вупраж. Семяны тожа.
— А няма сямян. І каня тожа няма.
— Як гэта няма? — настырчыўся Карніла. — Быў жа конь, вараны.
— Быў, ды няма. Сплыў. Во як!
— Сплавілі? Прадалі?
— Хоць бы і прадалі, — выцерла слёзы Лізавета. — А што ж, дарма ў камуну аддаваць? Ці нам яго хто дарма даў? Грошы плацілі.
— Дурная ты, як стаптаны бот! — памаўчаўшы, зазлаваў Карніла. — Во і пастрой з такімі калхоз! Перш табе б розуму набрацца! Культуры якой навучыцца! Во ў хаце не прыбрана, дзеці замурзаныя. Гультайка ты, а маладая яшчэ! Толькі малых раджаць, болей анічога не варта!
— Якая ёсціка!
— Ідзі паказвай, што дзе. Каб мы не тыцкаліся, як зладзеі.
— А не буду нічога паказваць. Самі глядзіце.
Яна пачала хутаць у радзюжку малога, зусім безуважная да іх, і Карніла, не стрываўшы, плюнуў пад ногі.
— Ну глядзі, апішам. Тады не наракай.
Удваіх са Сцепанідай яны зноў выйшлі на забруджаны ўшчэнт падворак, Карніла агледзеўся.
— Дзе тут у іх што? Там варыўня, здаецца?
Але не паспеў ён павярнуць да старой, з выкрышанымі вугламі будыніны, як з вуліцы пачуўся задыханы дзіцячы голас:
— Дзядзька Карніла, татка сказаў, каб вы ў сельсавет ішлі.
Абвязаная пад пахі хусткай, па той бок веснічак стаяла меншая Лявонава дачушка Волечка. Зірнуўшы на яе счырванелы ад бегу твар, Сцепаніда зразумела: штось сталася.