Толькi не гавары маёй маме...
- Автор: Глебус Адам
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Сучасная Літаратура
- ISBN: 985-6202-02-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Толькi не гавары маёй маме...». Краткое содержание книги:
Я прыспешыў крок, уцякаючы ад афiшнай распуснiцы, i хутка апынуўся ў цемнаватым пад'ездзе, якi патыхаў стогадовым пылам, пыл вялiкiмi лахманамi вiсеў на павуце, што апляла лiфтавую шахту. У недасяжнай вышынi заскрыгатаў трос. Кабiна пасунулася ўгару. У трэснутым люстэрку з аблушчанай эмаллю з'явiўся мой стомлены твар: пачырванелыя вiрлы прымружаных вачэй, сухiя, нiбыта ў шэранi, плоскiя вусны, доўгiя, завiтыя ў вялiкiя кудзеры валасы. Такi твар можна ўбачыць падчас бяссоння — выцягнуты, змяты i нiбыта крышачку змазаны. Мiнск- Ленiнград не блiзкi свет. Я заўсёды перажываў i хваляваўся перад чужымi дзвярыма. Што сказаць? Цi адкажа голас з-за дзвярэй? А мне што гаварыць голасу за дошкамi?
Уяўляю, як дрыжыць душа перад уваходам у пекла, але i перад райскай брамаю душа калоцiцца не менш. У запаўночнай цiшынi ўзляцела з-пад маёй рукi вiсклiвае трапятанне званка, яно кiнулася ўлукаткi па цёмным пад'ездзе. Хто? Сонны голас цёткi Тосi, далёкай маёй сваячкi. Раз на тры гады Тося прыязджала ў госцi ў Мiнск. Таму i ведала ленiнградская цётка ўсiх маiх сваякоў, i таму проста сказаў у чорныя дзверы... Адам, з Мiнска!
Я апынуўся ў доўгiм, застаўленым розным ламаччам, камунальным калiдоры. Не затрымлiваючыся, Тося правяла мяне ў свой пакойчык, дзе паўночы пiлася гарбата за круглым сталом i расказвалася пра ўвесь род... Дзе хто? Хто з кiм? Хто каму i нашто?
Цётка Тося жыла адна. Таму яе цiкавiлi чужыя лёсы. Спаць мяне паклалi на вузенькi раскладны фатэль, якi быў знарок куплены для гасцей-сваякоў з Беларусi. Заснуў я пад цiхi голас цёткi Тосi... У нас, на рагу, у хлебнай краме ўзяла сёння два бублiкi, па пятаку. А яны чэрствыя, не ўгрызцi. У мае гады хлеб заўсёды чэрствы. А скарынку я цяпер нажом пачала абразаць. У маладосцi не было нiчога смачнейшага за скарынкi. Пакуль з крамы прынясу бохан, дык аб'ем з абодвух бакоў. Так у Ленiнградзе днi аб'ядаюць ноч, з вечара адкусяць, з ранiцы адкусяць. Вось зараз трэцяя гадзiна, а светла...
Спраўджваць цётчыны словы не было сiлы, я не мог адплюшчыць вачэй. Праспаў я дзесяць гадзiн i не пашкадаваў. А наперадзе мяне чакаў непрыемны iспыт, i адразу скажу: iспыт правалiў, не здаў, зрэшты, i не хацеў здаваць. Ну, чаму я павiнен дагаджаць нейкай з палюбоўнiц Валодзi Бортнiка? Не павiнен! Хто яна такая? Можа, жанчына, пра якую гавораць: прыгажуня — гэта меч, якi падсякае жыццё! Ха! У Янi Бялькевiч караткаватыя ногi, зразумела, не зусiм кароткiя, але вiдавочна непрапарцыянальныя адносна выцягнутага торса. Зрэшты, яе пастава з даўгаватымi, амаль хлапечымi, рукамi, мяне зусiм не раздражняла. Я ж не збiраюся лезцi да яе пад спаднiцу. А вось паводзiны... Ёй увесь час нечага жадалася, i не проста хацелася, ёй карцела. Пра такiх кажуць — iголкi ў дупе. У Бялькевiч, вiдавочна, былi ў клубах даўжэзныя iголкi. Ёй карцела iсцi, бегчы, iмчацца, ляцець. Ёй хацелася: у прыбiральню, у заапарк, есцi, i ўсё адначасна. Калi я цi Бортнiк прапаноўваў iсцi ў Эрмiтаж, Яня загадвала заварочваць у Кунсткамеру. А калi намервалiся папалуднаваць у "Шашлычнай", Бялькевiч зацягнула нас у рэстаран "Паўночнае ззянне". Як жа яна мяне задзяўбла! Мне што, вось Бортнiку...
Яна ўвесь час лазiла рукою да яго ў нагавiцы, мусiць, думала, што нiхто не бачыць. Пра што думае жанчына, калi дакранаецца да мужчынскага стрыжня? Пытанне. Яня лезла да мужчынскага сымбалю i не саромелася, не чырванела. Яе блякла-блакiтныя вочкi прымружвалiся, рот раскрываўся, а на нiжняй губе ўзнiкала маленечкая бурбалка слiны. Яна лопалася з ледзь чутным "пок". І тады расхiналiся веi на пустых, як у нежывой верхаводкi, вачах. Бялькевiч глядзела ў нябачную далячынь жаночага "iнь". Я не вытрымаў, маё трыванне ляснула ў рэстаране "Паўночнае ззянне"... Пакладзi рукi на стол! Мне сорамна, калi каханка цягаюць за чэлес у рэстаране.
Янiны вочы звузiлiся, зрабiлiся шчылiнкамi пакрыўджанай гейшы. Я не стаў чакаць слоў. Праз хвiлю мяне панёс Неўскi праспект. Я зноў вызвалiўся i мог iсцi куды заўгодна, хоць у заасад.
* * *
Дарагi мой Адам!
Нарэшце! Я вытрымала ўсе iспыты, а iх, калi памятаеш, было тры.10 студзеня я скiнула апошнi iспыт. І, уявi сабе, у гэтым годзе атрымала "выдатна" па размоўнай практыцы. А раней вышэй за "добра" не ўзнiмалася. Вядома, адзнакi не азначаюць, што я ўмею правiльна гаварыць i пiсаць па-расейску. Але я вызвалiлася, нарэшце!