Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Сустрэча з самім сабою - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Сустрэча з самім сабою

Электронная книга - «Сустрэча з самім сабою». Краткое содержание книги:

Новая кніга прозы Сяргея Грахоўнага вяртае чытача ў рамантычную пару юнацтва камсамольцаў 30-х гадоў, у суровы час класавай барацьбы, расказвае пра чыстае і светлае каханне, пра лёсы людзей працы. У кнізе знайшлі месца ўражанні аўтара пра першыя дні будаўніцтва Наваполацка і нафтаперапрацоўчага завода, пра нашых сучаснікаў.
1 ... 61 62 63 64 65 66 67 68 69 ... 94
Перейти на страницу:

Я памахаў яму рукою і выйшаў на візіру. Дым, мабыць, паспеў выветрыцца, і авадні ўсё смялей даймалі мяне. Я адбіваўся ад іх галінкаю і ішоў, жмурачыся ад сонца. Цяпер і лес павесялеў і пасвятлеў. Далёка было чуваць, як стукае дзедава сякера, а ў вушах усё яшчэ гучаў яго глухаваты голас.

А МАЦІ НЕ СПІЦЬ

Кароткая гісторыя доўгага жыцця

Перад засевам

Даўней сейбіт ва ўсім белым выходзіў у поле, кленчыў у баразну, маліў зямлю і неба, каб добра ўрадзіла жыта і кожнае зерне дайшло да засекаў, чапляў на плечы сявеньку, і з шорсткай далоні ў цёплую вільготную раллю веерам разляталася адборнае насенне.

Ішла вясна — таямніца апладнення зямлі дабром, жыццём, палітым мужычым потам. Сейбіт з надзеяю і трывогаю шаптаў сваю малітву, каб узышоў, закаласіў, наліўся і выспеў ягоны засеў, каб не памалаціў град, не спаліў сухавей.

Так і я, як колішні сейбіт, укленчыў перад сваім познім засевам. Зерне да болю прарасло ў душы, што нельга далей трываць. Яно ўзышло, а ці стане лустачкаю, акрайчыкам ці хоць бы скарынкаю хлеба, замешанага на чыстай праўдзе, салёнай слязінцы і кроплях веснавога сонца.

Ці вырасце з майго засеву тое каліва, якога шукае і прагне добрая і шчырая душа?

1

У гэты світальны час усе пасажыры ў аўтобусе спалі. Хто абапёрся на сумку, напакаваную батонамі і сушкамі, хто схіліў галаву на плячо незнаёмай суседкі, хто падклаў рукі пад лоб на жалезную спінку пярэдняга сядзення і калываўся на выбоінах яшчэ не расталай, у калатушы мокрага снегу дарогі.

У шафёрскай кабіне, каб не задрамаў вадзіцель, то гучна, то ціха іграў невялічкі транзістар. Толькі на апошняй лаўцы, сціснутая шыракаклубымі суседкамі, не спала невялічкая сухенькая бабка. Тонкія запалыя вусны часам варушыліся, нібы нешта шапталі, быстрыя, глыбока пасаджаныя вочы боязна азіраліся. Калі аўтобус падыходзіў да прыпынку, бабка выцягвала шыю і з апаскаю ўзіралася ў кожнага новага пасажыра. Рушыў аўтобус — яна спакайнела, а сон усё роўна не браў.

Абапал дарогі праплывалі голыя прысады, унізаныя сытым да бляску вараннём, мільгалі сустрэчныя грузавікі, абганялі вёрткія легкавушкі, здалёк у смузе праплывалі вёскі і вёсачкі з пасмамі дыму над комінамі, пахілыя стажкі сена, пры дарозе адскоквалі назад добра дагледжаныя аднолькавыя дамкі дарожных майстроў. Бабулька зайздросціла кожнаму, хто едзе ў свой дом, да радні, да добрых знаёмых, у цяпло светлых пакояў, дзе смачна пахне варывам, каго чакае мяккая пасцель, радасць сустрэчы з блізкімі.

І ўспамінаецца бабцы яе колішняя хата, стопка і хлеў, гародчык з вяргінямі пад акном, лапушыстыя грады, кучаравыя сланечнікі і чадны канапляны дух на ўзмежку, а яна бяжыць з даёнкаю па колкай расе. Падласка смачна меле жвайку. «Ану, уставай, галубачка». Ёй і цяпер, у сонным аўтобусе, пачулася, як звоняць у дно даёнкі цёплыя струмочкі малака, а ў загарадцы рохкаюць два падсвінакі, як з хлява цягне нашатырным духам гною і дажджавой вадой з пазелянелай кадушкі.

Гайдаецца аўтобус, цяжэюць павекі. І ўжо нешта вярзецца знаёмае на колішнім падворку: над ёю плыве ружаватая аблачынка, на сцежцы сустракае, трэцца аб ногі кот, пачуўшы пах сырадою. Зазвінела ўвушшу. Гэта ж яе Анікей кляпае касу і пускае колцы сіняватага дыму ад самасаду з саладкаватым пахам вішнёвага лісту. Прыгадалася, як у печы полымя ліжа чалеснікі і закіпае перад ім чыгунок дробнае бульбы, і сябе, неяк здалёк, угледзела, маладую, пруткую, быструю на нагу і прагнаю да работы: як упраглася ў яе недзе гадоў з чатырох, так увесь век і не вылазіць.

Аўтобус затармазіў, і яна прахапілася. У пярэднія дзверы ўсунулася шыракаклубая кабета ў зялёнай балонневай куртцы, з чырвонаю зашмальцаванаю стужкаю на рукаве. Яна трымала цыратовую кніжачку, нешта папытала ў шафёра, запісала, зычна і весела загаварыла:

— Пара ўставаць, граждане. Дома адаспіцеся. Хуценька прад'явіце білеты,— і пайшла ад сядзення да сядзення надрываць скручаныя і скамечаныя білеты.

Бабка замітусілася, замаргала маленькімі слязлівымі вочкамі, намацала ў кішэні старога паліто з аблезлым каўняром пакамечаны, ужо двойчы прастрыкнуты білет.

— А ваш, гражданачка, бялецік.

— Ёсцека, ёсцека, дзеткі, от, здацца, і ён,— яна падала рабенькую паперчыну, падобную на магазінны чэк.

— Ты што, бабка, праспала ці прыдурваешся? Табе ж трэба было сысці дзве гадзіны назад. У-у-га! Куды закаціла.

— Відаць, такі праехала... а калі праўду казаць, на болей грошай не выстарчыла. Усяго і было дзевяноста капеек. Можа, злітуешся, галубачка, з бальніцы ж я. Хачу дагрэбціся да свае стараны. Не скідай хоць да Новага Двара, а там, можа, як і дакалываюся.

1 ... 61 62 63 64 65 66 67 68 69 ... 94
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)