Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II
- Автор: Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0898-0
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II». Краткое содержание книги:
– Пойдзем, сыне, – сказаў дзед. – Потым.
– Не. Хай скажа, – вочы пана Юрыя шукалі вачэй сына. – Як?
– Не трэба землеўласніцтва, – сказаў Алесь. – Трэба пакінуць сабе маёнткавую зямлю, сады, паркі ды запаветныя ўрочышчы... Ну яшчэ, можа, тую зямлю, якая забяспечвае конныя заводы ды слуг. Усё астатняе аддаць ім.
Пан Юры ліхаманкава падлічваў.
– Па столькі валок! – сказаў ён. – Па... У Вітахмо, скажам, па семдзесят дзесяцін на сям’ю. А дзе і болей. Запусцяць!
– Не адразу аддаваць. Як узбагачвацца будуць. З умовай вечнай, каб на трэці зямлі цукровы бурак і іншае, якое не прадаюць нікому, акрамя нас.
– У старцы нашчадкаў? – ускінуўся пан Юры. – З розуму выжыў, сту-дэнт.
– Чакай, – насцярожана сказаў дзед. – Хай даводзіць...
– Хай фермерствуюць, – сказаў Алесь. – Вы не разумееце таго, што ў іх капіталы не тыя. Пакуль яны самі здолеюць завесці цукраварні, буды, гуты, плавільні, палатняныя заводы і іншае – мы паспеем на прыдбанні іхніх прадуктаў зрабіцца заводчыкамі, якім сялянская канкурэнцыя нястрашная.
– У старцы нашчадкаў пусціць? – зноў гнеўна спытаў пан Юры.
– У старцы, бацька, пойдзем, калі так не зробім. Хіба табе найміт будзе так працаваць, як мужык для сябе на сваёй зямлі? Маёнткам усё адно галеча з такой сістэмай, і пытанне толькі, колькі часу на гэта спатрэбіцца.
– Буды... гуты... У купцоў ператварыцца?
– У купцоў – не ў старцоў. Толькі надзел не падушны, а пасямейны. Тады вялікія сем’і вымушаны будуць частку людзей пасылаць на цукроўні... па вольным найме. Можа, так. А можа, і гэтага не трэба. Расце патрэба ў грашах. Узрасце цесната на надзелах. Ды яшчэ – машыны. Тады трэба ўвесці заахвочвальныя цэны на бурак, лён, каноплі, бульбу... Фабрыкі будуць расці, а багацце будзе ва ўсіх.
А сам думаў: “Лухта! Якая лухта! Перад гэтым, што насоўваецца, такая лухта. Бурак, каноплі, торба мукі”.
– Я б на таваім месцы падумаў, – сказаў сына Вежа. – Нешта ва ўсім гэтым ёсць. – І, паглядзеўшы на ўнука, злітаваўся, сказаў пану Юрыю: – Ідзі адпачывай. Я вось яму пару слоў скажу і таксама паганю спаць. А галовы ў нас дзеці, га, Юрась?
– Галовы, – наіўная і хітрыя вочы пана Юрыя смяяліся. Ён торгаў хвалісты вус, прыкрываючы ўсмешку.
Пайшоў. Дзед і ўнук сядзелі моўчкі.
– Пачакай ты тут. Не пакутуй – не паможаш... Сам прыдумаў?
– Сам. Я пайду.
Дзед зразумеў: трэба супакоіць. Хоць на хвіліну адцягнуць думкі.
– Як думаеш Гелену забяспечыць?
– Хіба ўсё будзе добра?
Стала цішыня.
– Мнямля, – сказаў дзед. – Першынцу!.. Зямлю тых двух маёнткаў, што за Сухадолам. Дом у Ведрычах.
Алесь ускінуў вочы:
– Дзядуля.
– Што “дзядуля”? Дам, нічога не зробіш.
Схіліўся да Алеся:
– Хадзем, вып’ем з табою.
Гадзінай пазней Алесь зноў хадзіў туды і сюды па калідоры. Вакол была тая самая нясцерпная цішыня.
Здалося? Не , не здалося. У цішыні раптам прагучаў балесны стогн. Яшчэ стогн... Яшчэ... Стогны былі ціхія, стрыманыя, але кожны працінаў сэрца.
Не ведаючы, куды схавацца, Алесь адчыніў дзверы. Нявялікая, амаль пустая камора. Акенца ў дзве далоні.
Ён стаў між пустых бляшанак і торб з мукою і гарохам і чакаў. Стогны... стогны... Ці гэта ў вушах?
Вітахмоўцы, кажуць, калісьці былі чарадзеі. Перад родамі муж доўга глядзеў жонцы ў вочы, а потым знікаў з хаты, ішоў у пушчу і там крычаў і біўся аб дрэвы. І жонкі раджалі лягчэй, а мужчыны, кажуць, нават адчувалі боль, яны нібыта бралі частку пакут на сябе.
Потым, як заўсёды, ад гэтага засталася адна абалонка. Ніхто амаль не ўмеў “браць на сябе”, але ў пушчу ўсё адно ішлі... Гэта звалася кувада... Няўяўнай старадаўнасці звычай...
Ён не ведаў, як пакінуў камору, як арынуўся зноў ля дзвярэй. Была цішыня, і ён зразумеў, што стогны яму толькі здаваліся і, магчыма, даўно ўжо адбылося горшае.
Адчыніліся дзеры. Не заўважыўшы яго, выскачыла і пабегла некуды сядзелка. Праз шчыліну ён на імгненне ўбачыў лекара. Лекар стаяў і трымаў у руках нешта чырвонае.
І раптам пралунаў калідорам крык. Слабенькі, але на ўсесь палац, на ўвесь свет – крык.
З дзвярэй выйшла павітуха, прыкрываючы ручніком балейку.
Голас у пакоі нібы дзіўна перабіваўся, распадаўся і зноў злучаўся:
– А-а! А-а-а! А! Э-э-э! Гэ! Гэ! А-а-а!
Еўфрасіння выкацілася з дзвярэй. У яе трэсліся вусны.
– Двайняты! Князюхна, мілы! Хлопчык і дзяўчынка.
Спляснула рукамі, пабегла некуды. Дзве сядзелкі пабеглі назад у пакой. Пачалася мітусня. Ніхто не звяртаў на яго ўвагі, і ён сеў на нізкае падвоканне.
Густа сцямнела за акном, як заўсёды перад золкам.