Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II
- Автор: Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0898-0
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II». Краткое содержание книги:
– А Глебавічна?
– Бегае ўсё.
– Што з Раўбічамі?
– Яраш у гордай самоце. Не вітаемся.
– А што Гелена?
– Тут, сыне, справы больш складаныя. Раджае яна. Першыя схваткі былі ўчора. Мы яе перавялі былі праз арку, непасрэдна ў будынак. Адмовілася. “Там жыла, там і раджаць буду”.
Дзед глядзеў у агонь і не бачыў вачэй унука.
– Доктар некалькі месяцаў прыязджаў з “губернскага града”. А цяпер тут сядзіць.
Вочы дзеда былі журботныя.
– Глебавічна паспрабавала пагаварыць, хто такі. Не кажа. “Кахаю, – кажа, – ні аб чым не шкадую. Але з ім ніколі не буду”. А роды цяжкія. Еўфрасіння людзей пагнала, каб у Мілым ды ў Загоршчыне па царквах царскія брамы расчынілі. І я... змоўчаў. Так з учарашняга дня расчыненыя і стаяць... Шкада страшэнна... Як нябожчыцу маю святую... Ксені.
Упершыню за ўвесь час, што Алесь помніў дзеда, той вымавіў імя бабкі. Праз сорак сем год маўчання з’явілася ў пакой, да гэтага агню і гэтых кніг, ціха паварушыла полымем і застыла ў цішыні здань, якой адзін быў абавязаны жыццём, а другі – усім болем жыцця.
– Дзеду, – ціха сказаў Алесь. – Я гэта толькі вам. Нават не бацьку... Гэта маё дзіця, дзеду.
Твар Дзеда стаў смугла-аліўкавы. Нешта нібы варухнулася і ссунулася ў вачах... Дзед схіліўся да агню і качаргою пачаў варушыць жар. І, можа, ад жару шчокі пана Данілы трохі паружавелі.
– Т-так. Віншую. Жаніцца трэба.
І, нібы абдумваючы нешта, спытаў:
– Калі?
– Дзеду, – сказаў Алесь. – Вам яшчэ трэба пагаварыць аб гэтым з ёю. Яна не хоча.
– Як гэта – “не хоча”? – раззлаваўся дзед.
Ён сказаў гэта такім рэзкім голасам, што брынкнула, адгукнулася рэхам струна ў гітары на сцяне.
– Не гневайцеся, дзеду. Гэта, на жаль, так. Яна проста помніла аб тым вечары, калі я прынёс ёй волю.
– Расказвай, – кінуў дзед.
...Калі ўнук скончыў, пан Даніла глядзеў у агонь бліскучымі вачыма.
– І Майку назнарок памірыла?
Алесь нахіліў галаву.
– Мне няма чаго гаварыць з ёю, – урэшце сказаў дзед. – Гэта трэба зрабіць табе...
Дзед з сілай кінуў канцом у агонь качаргу. Абодва маўчалі, гледзячы, як у пырсках жоўтага полымя наліваецца чырванню, нібы крывёй набракае, метал. Жалеза стала вішнёвым.
Потым пляснуў рукамі па каленях:
– Але ты пагавары, унуча. Згодзіцца – добра. Не згодзіцца – праз шлюб кагосьці за нашчадкаў – звязаць яе з Ракутовічамі ці з патомнымі Юлляна і Тумаша са Зверына. Будуць толькі на прыступку ніжэй, чым мы... Нічога я для яе, бабы гэткай кепскай, не пашкадую.
І, відаць, вырашыўшы, што непрыстойна выявіў пачуцці, раптам сказаў:
– Вось так. Нашкодзяць, а потым ламай галаву...
– Дзеду, – пачырванеў Алесь. – Няма нічыёй віны... Віна жыцця.
– Віна? – вочы старога Вежы ззялі. – Ду-рань! Гэта слава жыцця!.. Бяжы туды!.. Стой пад дзвярыма. Баб не пушчаюць у алтар, мужыкоў – да парадзіхі. Квіты!..
Як сем год назад, ён ішоў пакоямі, а потым галерэяй, над аркай. Як сем год назад, падыходзіў да дзвярэй.. І – мяжа. Нельга далей.
Ён то сядзеў на падвоканні і глядзеў на яе дзверы, то хадзіў узад і ўперад.
Глебавічна выйшла з пакоя, спляснула рукамі.
– Як жа гэта вы надумаліся?
– Так, – сказаў ён. – Што там?
– Цяжка, князюхна, – сказала яна. – Баюся. І дохтур баіцца. Ды яна яшчэ і не крычыць. Я яе ўгаворваю, лягчэй будзе. “Дурніца... Радасць у свет нясеш”. Маўчыць. Толькі калі зусім нясцерпна, то стогне. Мо сказаць, што вы наведаць прыйшлі? Ёй лягчэй будзе.
– Не ведаю.
Жанчына знікла.
Алесь стаяў у пераходзе над аркай і, прыціснуўшы лоб да сцюдзёнага шкла, глядзеў на безуважныя паркавыя шаты ўнізе.
Трэба пайсці адсюль. Хоць на хвіліну.
Прайшоў пераходам, спусціўся сходамі ў яшмавы пакой і ўбачыў, што насустрач ідуць Вежа і пан Юры.
– Сыне, мілы, – сказаў бацька. – Сядай вось. Што, прыехаў аб праекце гаварыць? Давай.
Вежа непрыктетна паціснуў плячыма. Мужчына селі ў крэслы. Цёмны твар пана Юрыя быў стомлены.
Алесь зразумеў, што памылкай было ісці сюды. Усё нутро, уся істота яго цягнулася туды, наверх.
– То як? – спытаў бацька. – Згода на дзве трэці надзелу без выкупу, а трэць – на выкуп?
Алесь нешта адказваў, сам не чуючы сваіх слоў.
– Што гэта ты, нібы з таго свету прыйшоў? – спытаў бацька.
– Здарожыўся, – сказаў Вежа. – Ану, патрымайся трохі, Алесь.
Але ён мог бы не казаць гэтага.
“Калі толькі ўсё будзе добра – трэба ўсё аддаць”, – успомніў Алесь і стаў гаварыць. Ён абдумваў гэта сто разоў, і тлькі дзякуючы гэтаму ягоныя словы мелі сэнс, хоць ён кідаў іх амаль машынальна.
– Па-мойму, вы на паўдарозе. І дзед, і ты, бацька.