Ленін і Сталін думаюць пра Беларусь
- Автор: Трофимчик Анатолий Викторович
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Ленін і Сталін думаюць пра Беларусь». Краткое содержание книги:
Паўсталая ў выніку тых працэсаў БНР вымусіла лічыцца з сабою ўсіх суседзяў, якім, аднак, такое суседства не было патрэбным. У першую чаргу гэта датычыцца панскай Польшчы і бальшавіцкай Расіі. Хаця, як лічыць дзеяч БНР Кляўдуш Душ-Душэўскі, і Польшча, і Савецкая Расія фактычна прызналі БНР у 1918 г. Ён прыводзіць пэўныя доказы, што праўда, іх можна лічыць толькі ўскоснымі. Аб прызнанні БНР згадвае і Старшыня польскай дэлегацыі ў сваёй заяве на другім пасяджэнні Галоўнай камісіі мірнай канферэнцыі 4 кастрычніка 1920 г.: «Польская Республика, не ожидая шагов со стороны России, признала независимость Литвы, Украины и Белоруссии». А ў дэкларацыі расійскай дэлегацыі ад 24 лістапада 1920 г. гаварылася аб прызнанні Расіяй незалежнасці Беларусі яшчэ ў 1918 г. Ёсць і юрыдычныя дакументы, якія сведчаць аб прызнанні на прававым узроўні прадстаўнікоў БНР пры ўрадзе РСФСР (такім у якасці генеральнага консула быў Алесь Бурбіс, копія дыпламатычнага пашпарта якога захавалася). Паводле меркавання беларускага гісторыка А. Грыцкевіча, «бальшавікі ў Маскве вымушаны былі лічыцца з трэцяй Устаўной граматай да народаў Беларусі. У лістападзе 1918 г. урад Леніна нават спрабаваў дамовіцца з тагачасным урадам БНР на чале з Антонам Луцкевічам, але потым спыніў перамовы». Дый Варшава мела дыпламатычныя стасункі з прадстаўнікамі БНР менавіта ў такой іх якасці. Прэзідэнт Рады БНР П. Крачэўскі прыводзіць дакументы з цытатамі аб прызнанні ў 1918 г. незалежнасці Беларусі і Польскай Рэспублікай, і РСФСР. Паводле А. Ціхамірава, урад Украінскай Народнай Рэспублікі прызнаваў Беларусь дэ-факта, але адмовіўся прызнаць яе дэ-юрэ, спасылаючыся на ўмовы Брэст-Літоўскага мірнага дагавора. Гетман Скарападскі, які прыйшоў да ўлады пасля дзяржаўнага перавароту, заняў прыкладна такую ж пазіцыю.
Гэткім чынам, мы маем шэраг фактычных прызнанняў БНР з боку непасрэдных суседзяў, якія — будзем аб'ектыўнымі — у цэлым не былі зацікаўленыя ў падобных прызнаннях, але мусілі на іх пайсці з прычыны эвентуальнага[7] выкарыстання высокай паводле вартасці беларускай карты. Іншая справа, што прызнанні тыя былі вельмі асцярожнымі, амбівалентнымі[8] ці нават латэнтнымі[9]. І гэта зразумела. Міжнародна-палітычная кан'юнктура не дазваляла выяўляць канкрэтнасць — таго ці іншага парадку — бо:
1) існаванне незалежнай Беларусі не прадугледжвалася — у першую чаргу Савецкай Расіяй ды Польшчай,
2) канкрэтнасць, акрэсленасць пазіцыі па гэтай праблеме замінала б гнуткасці яе выкарыстання на дыпламатычна-прававым полі.
Год 1918-ы не стаў для беларусаў часам аднаўлення дзяржаўнасці. У адрозненне ад заходняга суседа (і Літвы), не хапіла ўнутранага патэнцыялу і знешняй падтрымкі каб забяспечыць БНР, абвешчанай 9 сакавіка з дэклараваннем незалежнасці 25 сакавіка 1918 г., жыццяздольнасцю. (Дарэчы, гэткі акт палякі здзейснілі толькі 11 лістапада таго ж года.) Сілы беларускага адраджэння на той гістарычны момант не маглі супрацьстаяць неспрыяльнаму ім міжнароднаму развіццю падзей па аб'ектыўных прычынах: разгром бальшавікамі ў канцы 1917 г. Усебеларускага Кангрэса / З'езда (хоць ён стаяў на савецкіх пазіцыях саюза з федэратыўнай Расіяй з мэтай фарміравання самастойнага беларускага кіраўніцтва на Беларусі) стварыў сітуацыю, у якой нацыянальныя сілы Літвы і Украіны апынуліся ў больш авантажным[10] становішчы, што прымусіла звярнуць увагу ваюючых бакоў на праблему самавызначэння гэтых усходнееўрапейскіх народаў.
7
Эвентуальны — магчымы пры вызначаных акалічнасцях — Polochanin72
8
Амбівалентнасць (ад лац. ambo — «абодва» і лац. valentia — «сіла») — дваістасць дачынення да чаго-небудзь — Polochanin72
9
Латэнтны — звонку не выяўляльны, утоены — Polochanin72
10
Авантажны (фр. avantageux - прыбытковы) — выгадны, спрыяльны, які валодае прывабным, самавітым выглядам — Polochanin72