Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II
Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II». Краткое содержание книги:

«Груша цьвіла апошні год». Гэты незабыўны сказ уводзіць нас у незабыўны сьвет раману ў двух кнігах Уладзімера Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». Раман прысьвечаны падзеям напярэдадні паўстаньня 1863-1864 гадоў у Беларусі. А першая кніга распавядае нам пра «выйсце крыніц» якія выліліся ў раку гневу і змаганьня за незалежнасьць Беларусі. Нягледзячы на літаратурнасьць раману, чытаючы адчуваецца натуральнасьць падзеяў. Кожны бачыць перад сабой хлапчука Алеся Загорскага, ды яго вясковых і шляхецкіх сяброў. Кожны бачыць, як памірае стары сьветапогляд яшчэ з часоў перад падзеламі Рэчы Паспалітай, і нараджаецца новае пакаленьне якому суджана пакласьці галаву для будучыні Беларусі. «Грушы накнавана абрынуцца ў Дняпро», але і «крыніцы нязьменна спалучацца ў імклівую раку». Уладзімер Караткевіч доўга падыходзіў да раману «Каласы пад сярпом тваім», і цалкам верагодна, што меў задуму на працяг, але нягледзяячы ні на што менавіта «Каласы пад сярпом тваім сталі сапраўднай вяршыняй творчасьці беларускага пісьменьніка і паэта, які заўчасна пакінуў гэты сьвет кааб назаўсёды злучыцца з роднай беларускай зямлёй.
1 ... 51 52 53 54 55 56 57 58 59 ... 163
Перейти на страницу:

– Ты што? Ды ён мне сам казаў, што здаровы як конь. А ён жа медык.

– Значыцца, сам не ведае... Карміць трэба, карміць. Мёд, масла, сала, мядзведжы тлушч. Салам заліць.

– Не вярзі. У яго, у такога хлопца?..

– Смерць што, выбірае? Паніч, слухайцеся мяне. Ён не бачыць, усе не бачаць. А я добра бачу... Думаю я, ці не позна ўжо.

Алесь урэшце паверыў і схаладнеў.

Са сталовай даляцеў залівіста-вясёлы смех Віктара.

Снег. Снег. Тое надвор’е, у якое шляхціц Завальня ставіў на акно свечку. Дуйка. Белыя вужакі, стаўшы на хвост і ўзняўшы ў паветра цела, дзесяткамі трапечуць і згінаюцца над кожнай вострай гурбай.

Праз слюдзяныя акенцы кібіткі відаць, як не хоча ляжаць на месцы снег, як ён імкнецца ў чорныя лясныя нетры, як заінелі крыжы коней.

Да Вежы яшчэ далёка. Хіліць спаць.

Каб не заснуць, Алесь думае. Аб хлопцах з “Агула”, аб сустрэчах у яго на кватэры (дабіўся-такі гэтага!), аб тым, што за гэтыя пяць месяцаў арганізацыя павялічылася на семдзесят два чалавекі. I дзесяць хлопцаў з “Агула” аддалі Віктару.

I яшчэ аб тым, што гурток Серакоўскага пачынае рабіцца сапраўднай нелегальнай арганізацыяй і ўвосень можна будзе ўжо думаць аб справах, аб планах на будучае.

З усмешкай успаміналася адна з апошніх спрэчак. На тэму – што рабіць, акрамя падрыхтоўкі паўстання, тым, хто з памешчыкаў. Ямант вёрз нешта аб тым, што трэба пераконваць сваіх сялян, што дваране дужа харошыя, а цар дрэнны. Загорскі зірнуў на Кастуся, але той падміргнуў яму, паціснуў плячыма. Нічога не зробіш – ідэаліст. I тады Алесь устаў і сказаў, што гэта тыповае белае трызненне. Нікога не пераканаеш словамі. Калі нехта хоча, каб яго лічылі добрым, – хай робіць добрыя справы. Расказаў аб праекце бацькі, барацьбе вакол яго і дадаў, што тым, хто гарлае аб добрым стаўленні да мужыка, варта было б падарыць яму волю раней, чым цар, і на больш ільготных умовах. Тады нікога не трэба будзе агітаваць. За відочна добрае, за даброты жыцця нікога агітаваць не даводзіцца. А калі ўжо агітуюць паны і ўдзень і ўночы – так і ведай, што нешта няладна, і добра яшчэ, калі толькі падмануць збіраюцца. “Я думаю, трэба, пакуль тое, рабіць хоць гэтых, хоць сваіх людзей вольнымі. I гэта будзе найлепшая агітацыя для паўстання і лепшы сродак для яго перамогі”.

Падняўся гвалт. Белыя напалі. Але нечакана напала і частка чырвоных: “Ружовыя акуляры! Дадуць табе рабіць дабро. Трымай кішэнь”.

Серакоўскі ўсміхаўся ў вусы, відочна, згаджаўся з Алесем.

– Кажаце, не дадуць, – сказаў Алесь. – А вам што, дадуць так вось проста паўстаць і перамагчы? Нехта крэкнуў.

– Значыць, гэта з’явы аднаго парадку. Ну, будуць не даваць. Што ж, так і сядзець склаўшы рукі? Баішся супраціўлення – не ўставай. А не баішся – кожную хвіліну змагайся, каб наблізіць час.

Серакоўскі схіліў галаву.

...У ляманце завірухі глух і часам знікаў ірваны голас званочкаў. Фурман спяваў песню, далёкую і даўнюю, як сама бяздольная прыдняпроўская зямля, што зараз так страшна дранцвела ў снягах:

Ой, косю мой, косю, Чаму ж ты нявесел, Чаму ж ты, мой косю, Галовачку звесіў?

Голас верыў у сваё сэрца, у сваю прыгажосць і таленавітасць і таму радаваўся нават плачучы, ганарыўся нават у тузе:

Ці я табе цяжак, Ці тугі папругі? “Ой, ты мне не цяжак, Не тугі папругі”.

Алесь слухаў і шчыльней хутаўся ў мядзведжае футра.

Вучыцца ва універсітэце было лёгка. Куды лягчэй, чым у гімназіі. Там было шмат лухты, шмат нямілых дысцыплін. Там не было, урэшце, нават адноснай свабоды.

Тут было ўсё цікава, важна, міла. Тут чалавек мог займацца тым, чым хацеў. I хоць таксама былі цемрашалы і дурні – на іхнія лекцыі можна было проста не хадзіць. Можна было шмат чытаць і пісаць, займацца справамі “Агула”, збіраць матэрыялы на слоўнік, вывучаць пад кіраўніцтвам Віктара старыя граматы, ды яшчэ заставалася трохі часу на карціны, музыку, тэатр і ўласныя, не вельмі ўдалыя, спробы корпаць вершы.

Алесь падумаў, што стаў на правільны шлях. Лічыў сябе дагэтуль бяздарнасцю і дылетантам – і раптам, усяго за пяць месяцаў, прыдбаў прыхільнасць Сразнеўскага.

Загорскі ўспомніў, як пацяплелі вочы Ізмаіла Іванавіча, калі разбіраў першы Алесеў рэферат: “Моўныя асаблівасці, што датычацца паўночна-заходняй мовы, у “Слове аб палку Ігаравым”.

– Малайчына... Што думаеце рабіць?

– Мяркую за паўтара гады падрыхтавацца і здаць іспыты за славесны і гістарычны факультэты.

– Ну, а потым?

– Потым, мяркую, філасофія, натуральныя навукі.

– Не баіцёся раскідацца?

1 ... 51 52 53 54 55 56 57 58 59 ... 163
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)