Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Ніхто дабром не дасць збаўлення...
Ніхто дабром не дасць збаўлення... - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Ніхто дабром не дасць збаўлення...

Электронная книга - «Ніхто дабром не дасць збаўлення...». Краткое содержание книги:

«Ніхто дабром не дасць збаўлення» — трэцяя кніга з «Менскай трылогіі» Сяргея Пясецкага, славутага польска-беларускага празаіка. Мы працягваем сачыць за лёсам ўжо знаёмых нам герояў — менскіх злодзеяў Аліка Барана, Яся Нацэвіча і Філіпа Лысага.
У апошнім рамане трылогіі апісваюцца падзеі 1919 года, калі з Менска сышлі германскія войскі і сталі гаспадарыць бальшавіцкія камісары. Якія змены наступілі для фраераў і блатных? Што прынеслі з сабою новыя ўлады? І чым тады выславілася Камароўка?
«Ніхто дабром не дасць збаўлення» — кніга, у якой пульсуе жыццё і віруюць жарсці. Аўтар захапляльна распавядае пра таямнічы і закрыты свет ліхадзеяў, поўны прыгодаў і авантур, небяспекі, вясёлых і трагічных неспадзяванак, а таксама моцных пачуццяў ды шчырага кахання.
1 ... 55 56 57 58 59 60 61 62 63 ... 93
Перейти на страницу:

Справа, якую хлопцы збіраліся правярнуць на патанцульках, была адмысловай. Гардэроб тут знаходзіўся направа ад увахода. Гэта быў вялікі пакой, у які можна было зайсці з сяней і праз чорны ход. Акрамя таго, ззаду былі вокны, якія выходзілі на прасторную зашклёную веранду. За верандай быў пусты дзядзінец.

Казік Марацкі і Філіп Лысы пасунуліся ў памяшканне. Купілі ў касе два квіткі і спачатку скіраваліся ў залу. Там аркестр рэзаў полечку. Пасярод залы круціліся ў танцы пары. Гэта былі пераважна вайскоўцы і дамы самай рознай рэпутацыі. На крэслах і лавах сядзела шмат гледачоў. Падлога была абшарпаная абцасамі. Навокал клубіўся цыгарэтны дым. Некалькі танцораў былі п’яныя як бэлі. У адным з бакавых пакойчыкаў туліўся буфет. Там у паўмісках ляжалі бутэрброды і пірожныя. На стойцы блішчэў таўстабокі самавар. Але госці пераважна замаўлялі малако. Яго налівалі з вялізнага імбрыка. Малако, імаверна, было досыць моцнае, бо, выпіўшы яго, госці сплёўвалі, моршчыліся і закусвалі яго бутэрбродамі. Потым жвавелі і весялелі.

Філіп Лысы купіў чатыры бутэрброды, паклаў іх на талерку і пакрочыў у гардэроб. Там паставіў яе на шырокую дошку, якой закладалі праход, і павярнуўся да гардэробшчыка:

— У цябе ёсць шклянка альбо кубак?

— А што такое?

— Хачу выпіць, халера, а не пераношу цісканіны. Лепей тут з табой кульнуць. Такі холад, што варта нутро разагрэць.

Філіп выцягнуў з кішэні паўлітроўку толькі крыху разбаўленага вадой спірту і пляснуў адзін глыток трунку ў кубак, пададзены яму гардэробшчыкам…

— За цябе, таварыш!

Выпіў. Адной рукой узяў бутэрброд, а другой наліў амаль поўны кубак алкаголю.

— Цягні, братка, на здароўе! — звярнуўся да працаўніка гардэроба.

Той ахвотна высмактаў спірт і таксама закусіў. Праз некалькі хвілін ён ледзь вязаў лыка і плёў нейкую лухту. Тым часам Баран і Гліст ззаду адчынілі дзверы на веранду. Потым дасталі шыбку з акна ў гардэроб і паздымалі ўсе зашчапкі. Гліст, як цень, шмыгануў у гардэроб. Ён быў найлепшым шніферам[25] у горадзе. Днём няўклюдны, маўклівы, бесталковы, ён перараджаўся на працы. Быў як вужака, які мог праслізнуць у любую дзірку і які нават у поўнай цемры рухаўся бязгучна.

Цяпер Гліст, згінаючыся за вешалкамі, дабраўся да дзвярэй чорнага ходу і адамкнуў іх. Падрыхтоўка да задання была закончаная. Баран і Гліст чакалі знаку для пачатку работы. Сігналам мела быць згашанае ва ўсім будынку святло.

Філіп Лысы, стоячы спераду, заўважыў, што хлопцы адчынілі дзверы ў гардэроб і былі напагатове. На хвілю ён пакінуў свайго сабутэльніка і выйшаў у танцавальную залу. Кіўнуў галавой Казіку і вярнуўся ў гардэроб.

— Ну давай вып’ем разыходнае!

Марацкі патэпаў з залы ў хол. Там адамкнуў шаберам дзверцы малой шафкі, у якой знаходзіліся электрычныя коркі для ўсяго дома. Прытаіўся. Пасля кароткага перапынку аркестр зноў зайграў. Шум у зале мацнеў. Штораз новыя пары пускаліся ў скокі. Толькі тады Марацкі выкруціў два коркі і захлопнуў шафку. Увесь будынак патануў у змроку. На вуліцы завуркатаў рухавік. Філіп Лысы акурат пераказваў свайму таварышу сон рабой кабылы, а той, дашчэнту назюзюкаўшыся, ледзь лыпаў. Аркестр дайграў мелодыю ў апраметнай цемры.

А ў гардэробе Гліст і Баран разгружалі вешалкі. Неўзабаве да іх далучыўся Марацкі, які насіў бярэмы вопраткі да проймы ў паркане. Праз пару хвілін гардэроб быў пусты. У зале, агорнутай цемрай, гучалі праклёны, свіст, нехта тупаў нагамі. Раздаваліся нецярплівыя, раздражнёныя галасы:

— Давай святло!

— Што за халера адбываецца!

Блатныя хутка закінулі сваю здабычу ў аўтамабіль, які падкаціў у завулак і прыпыніўся каля дзіркі ў паркане. А адтуль паехалі наўпрост да скупшчыка, з якім дамовіліся загадзя. Там усё агледзелі і пасартавалі. Яны здабылі шмат кароткай агнявой зброі, некалькі тэчак і сумачак, безліч футраў і паліто, але найбольш вайсковых плашчоў.

Скупшчык праверыў і ацаніў вопратку. Філіп Лысы з гумарам рэкламаваў некаторыя рэчы:

— Паглядзі, які каптан, — ён трос у руках шырокае дамскае паліто. У такім толькі крамы абкрадаць. У самой каралевы Мадагаскара такога няма!

Блатныя падзялілі на месцы грошы, зброю, тэчкі ды іншыя дробязі, якія знайшліся ў кішэнях або ў сумачках. І разышліся па дамах.

Скупшчык заплаціў злодзеям не больш як пятую частку цаны барахла. Ён мусіў перабраць рэчы яшчэ раз. Некаторыя з іх перашываліся, каб іх нельга было распазнаць, і збываліся пасярэднікамі на месцы. Іншая вопратка, якую ён перапрадаваў, не раз падарожнічала вельмі далёка — у іншыя губерні і часткі краіны.

вернуться

25

Шніфер — начны кватэрны злодзей.

1 ... 55 56 57 58 59 60 61 62 63 ... 93
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)