Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 9789857089598
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1». Краткое содержание книги:
Дзясяты том склалі аўтабіяграфічныя дыялогі з А. Адамовічам «Маладыя гады» (1985, 2001), а таксама выбраная публіцыстыка 1957–1980 гг.: артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні.
Усе нашы абласныя газеты ў поўнай меры ўжываюць гэтыя формы прапаганды і ацэнкі літаратурнага твора. Некаторыя з іх гэта робяць сістэматычна, пільна сочачы за выхадам у свет кожнай колькі-небудзь карыснай для іх кола чытачоў кнігі. Так, добра пастаўлена гэтая справа на старонках маладзечанскай і магілёўскай абласных газет, якія за апошнія 8 месяцаў (ліпень — люты) змясцілі па 17 рэцэнзій, разгорнутых анатацый або водгукаў чытачоў на кнігі. Змястоўныя і цікавыя рэцэнзіі напісалі ў мінулым годзе В. Крышталь на серыю кніжак беларускага нарыса і апавядання («Мінская праўда», 9 кастрычніка), В. Праскураў — на зборнік вершаў Максіма Танка («Зара», 22 кастрычніка), П. Ахрыменка — на зборнік беларускіх прыказак і прымавак («Гомельская праўда», 7 верасня), С. Дрозд — на аповесць А. Карпюка «Дзяўчына з Ваўкавыска» («Гродзенская праўда», 4 снежня). Адзначаныя вышэй рэцэнзіі цікавыя тым, што побач з пэўнага роду прапагандай новай кнігі яны змяшчаюць і аналіз яе ідэйнага зместу, вобразаў, мастацкіх сродкаў. Правільна, прынцыпова ставячыся да таго ці іншага твора, аўтары гэтых рэцэнзій не абмінаюць і недахопаў, калі яны маюць месца, і адкрыта тлумачаць тое чытачу, некаторыя з іх не згаджаюцца з выступленнем іншых газет аб гэтым творы (напрыклад, рэцэнзія П. Ахрыменкі ў «Гомельскай праўдзе»), іншыя, не зважаючы на масцітасць аўтара, прынцыпова разбіраюць яго творчасць.
Трэба, аднак, зазначыць, што справа рэцэнзавання твораў мастацкай літаратуры на старонках абласных газет патрабуе значнага паляпшэння. Гэтыя газеты яшчэ недастаткова ўдзяляюць увагі мастацкай, асабліва беларускай літаратуры. Літаратурныя рэцэнзіі за апошні час займаюць невялікі працэнт у агульным ліку надрукаваных газетамі рэцэнзій. Так, з 86 такога роду выступленняў абласных газет рэспублікі за 6 месяцаў мінулага і 2 месяцы гэтага года толькі каля палавіны рэцэнзій, водгукаў і анатацый прыпадае на творы мастацкай літаратуры. Нават тыя газеты, у якіх справа рэцэнзавання наогул пастаўлена лепш, чым у іншых (магілёўская, маладзечанская, віцебская), надрукавалі за ўказаны час па 4–10 рэцэнзій на творы мастацкай літаратуры. А ў гомельскай, брэсцкай, мінскай абласных газетах лік такіх рэцэнзій не перавышае чатырох. Колькасць выступленняў на беларускія мастацкія творы яшчэ меншая.
Як правіла, газеты чуйна адклікаюцца на выхад удалай кніжкі вядомага пісьменніка. Так, у мінулым годзе многія абласныя газеты рэспублікі надрукавалі рэцэнзіі на зборнік вершаў Максіма Танка «След бліскавіцы». Цікава ў гэтым выпадку параўнаць два выступленні раённых газет на аднайменны твор. Вось В. Праскураў у брэсцкай «Зары» ў невялічкай, але змястоўнай рэцэнзіі шмат што здолеў сказаць чытачу, раскрыць яму асаблівасці і «сакрэты» выдатнай паэзіі Максіма Танка, хоць скупа, але прааналізаваць мастацкія сродкі аўтара. Іншым шляхам пайшоў другі аўтар рэцэнзіі — В. Тарабураў («Віцебскі рабочы», 3 снежня). Ён бегла пераказвае змест, дарэчы і недарэчы перасыпаючы свой тэкст цытатамі са зборніка і бяздоказна захапляючыся вершамі паэта. У гэтай жа сувязі характэрны многія рэцэнзіі на творы вядомых пісьменнікаў. Аўтары іх больш-менш сумленна перадаюць змест усяго твора ці яго асобных частак, хваляць пісьменніка і стандартна заўважаюць у канцы, што ён напісаў цікавы твор.
Не вылучаюцца высокім крытычным узроўнем многія рэцэнзіі А. Тарабурава і А. Позняка ў «Віцебскім рабочым», Н. Пужэвіча ў «Чырвоным сцягу». Хоць яны і займаюць добры кавалак газетнай плошчы, але ў сілу іх слабай аргументацыі не перарастаюць значэння расшыраных анатацый.
А вось «Гомельская праўда» ў лютым г. г. змясціла два невялічкія, але неблагія артыкулы пад рубрыкай «Чытачы аб кнігах». У першым з іх настаўнік Ц. Кажамякін лаканічна выклаў змест і тое характэрнае, што ўласціва Івану Грамовічу. У гэтай рэцэнзіі нямнога ўзрушаных пахвал, няма разважанняў аб «вялікім значэнні» твора, ёсць толькі ўдумлівая, трапная назіральнасць, якая лепш за гучныя словы пераконвае чытача. Газеты, відаць, павінны часцей даваць магчымасць выказваць свае меркаванні аб кнігах радавым чытачам — інтэлігентам, рабочым, калгаснікам.
Значна больш крытычна і па-дзелавому аб’ектыўна ставяцца многія газеты і рэцэнзенты да творчасці пачынаючых літаратараў, сваіх землякоў. У мінулым годзе выйшла некалькі абласных літаратурных альманахаў. Як правіла, газеты, пры рэдакцыях якіх рыхтаваліся альманахі, прысвяцілі гэтай падзеі шырокія крытычныя артыкулы. Падрабязны агляд твораў, змешчаных у маладзечанскім альманаху «Нарач», зрабіў В. Красноў («Чырвоны сцяг», 30 кастрычніка). Можа, не ўсё правільна ацэнена ў яго артыкуле, не ўсе сцверджанні бясспрэчныя і глыбокія, але там відаць спроба рэцэнзента пранікнуць у творчасць пачаткоўцаў, разабрацца ў вартасцях і недахопах кожнага значнага твора. Іншага, больш інфармацыйнага плана артыкул В. Тарасава ў «Магілёўскай праўдзе» на мясцовы альманах «Дняпро». Аўтар і газета проста ўхіліліся ад крытычнага разбору альманаха, пераклаўшы гэтую справу на іншыя выданні. Наўрад ці былі за гэта ўдзячны ім чытачы і літаратары вобласці.