Ланцуг
- Автор: Федарэнка Андрэй
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1361-7
- Жанр: Роман, новелла
Электронная книга - «Ланцуг». Краткое содержание книги:
Як і заўсёды, проза А. Федарэнкі чытаецца лёгка. Але гэта зусім не лёгкае чытво. Аўтар імкнецца спасцігнуць духоўны свет сучасніка, зразумець яго клопаты і трывогі.
Творы пісьменніка вызначаюцца любоўю да чалавека, добрым веданнем жыцця, тонкім псіхалагізмам, шчырасцю.
Праз паўтадзіны ўзвод Ласіцы быў зняты з усіх нарадаў — з кухні, КПП; замяняліся іншымі салдатамі дзяжурныя і днявальныя.
У штабе перад камандзірам палка палкоўнікам Гардзеевым стаялі «смірна» зампаліт — капітан Атаманчук, камандзір «дэзерцірскай» роты маёр Сілін, камандзір узвода лейтэнант Шаўчэнка, старшына роты Быкаў. Трохі воддаль ад стала ў крэсле сядзеў начштаба падпалкоўнік Мішчук і гартаў папку з асабістай справаю радавога Аляксея Ласіцы.
Гардзееў, выслухаўшы кароткія даклады, якія нічога не высветлілі, маўчаў. Начштаба загарнуў папку, кінуў на столік перад сабою; прамовіў:
— Адукацыя сярэдняя, характарыстыкі выдатныя, амаль год адслужыў… Вось-вось мог бы атрымаць лычкі малодшага сяржанта і з’ездзіць у адпачынак. Бацька, маці, сястра… Добра страляе з аўтамата, — дадаў ён.
— Вольна, што вы выцягнуліся тут, — сказаў афіцэрам Гардзееў. — Добра страляе… Лепш бы ён кепска страляў.
За ўсю гісторыю палка было толькі два падобныя выпадкі. Гады тры назад з КПП тых жа лясных складоў знік каравульны. Яго шукалі двое сутак, прачасалі ўвесь лес, а энайшлі пад вечар другога дня за сто метраў ад КПП, — ён соладка спаў сабе на ігліцы пад елкаю. «Дзяды» не давалі выспацца, і небарака не прыдумаў нічога лепшага, як дачакацца каравула і ўволю «падавііць на масу». Друті выпадак: гадоў дзесяць назад, улетку, салдат адпрасіўся ў горад сфатаграфавацца і не вярнуўся. Ён быў сіратою, дзетдомавец; трохі яго пашукалі і кінулі — няма, ну і няма; галоўнае, што без зброі. Аб’явіўся ён месяцы праз тры, брудны, барадаты, у лахманах, галодны. Увесь гэты час, як высветлілася, ён жыў непадалёк ад горада, у бетоннай, зарослай травою сухой грубе пад шашою. Карміўся здабычаю з вакольных агародаў, а ўвосень, калі пахаладала, апусцелі агароды, пайшлі дажджы і ў трубу пачала зацякаць вада, вырашыў здацца. А чаму ўцякаў, чаго хаваўся? — і сам не ведаў.
— Можа, спіць дзе пад хвояю, — прачытаў думкі Гардзеева начштаба.
— Можа, і спіць, — Гардзееў пабарабаніў пальцамі па стале, тады ўперыўся паглядам у старшыну: — Калі вы разберацеся з тымі дзіркамі ў плоце?!
Адказу не дачакаўся.
— Мо і спіць, — зноў паўтарыў ён. — Страляе добра… Аўтамат і два магазіны патронаў, шэсцьдзесят штук… Карацей, так, таварышы-грамадзяне афіцэры-прапаршчыкі, праз паўгадзіны, ні секундаю больш, стаіце тут як штыкі і дакладваеце: хто, што, дзе, як. Усё зразумела?
Афіцэры і старшына адказалі «так точна!», прыклалі далоні да фуражак і выйшлі.
4.
Тры дні пошукаў нічога не далі. Узброены дэзерцір знік без следу.
Як на зло, праклятыя склады знаходзіліся ў такім месцы, што ў які бок ні ўцякай, усё добра. Да таго ж ніхто не ведаў планаў дээерціра. Будзе спрабаваць выйсці ў горад, да часці? Ці вырашыць дабірацца дамоў, у Беларусь? Былі перакрыты шэсць асноўных дарог, што вялі ў горад, правяралася кожная машына. Круглыя суткі патруляваліся чыгуначны і аўтобусны вакзалы, а таксама рачны вакзал у недалёкай Кінешме. Папярэджваліся ўсе шафёры-»дальнабойшчыкі». На трасах Маскоўская, Кастрама — Яраслаўль — Балагое — Віцебск, а таксама Горкі — Уладзімір — Мурам — Бранск былі выстаўлены пасты. У радыусе дваццаці кіламетраў ад складоў прачасалі, агледзелі, здавалася, кожнае дрэва, кожную магчымую схованку. Апыталі сотні гараджан і жыхароў блізкіх да горада вёсак. Аж тройчы прыязджалі ў Тэйкава да ўдавы Пятровай Марыі, якой акурат у той дзень, калі знік салдат, брыгадзір наказаў з’ездзіць падводаю ў суседняе сяло па авёс і камбікорм, бо кладаўшчык напіўся і не мог сам, і яна з радасцю згадэілася — у тым сяле жылі бацькі і можна было заадно праведаць іх — і вярталася ўвечары, галоўнае, тою ж дарогаю, амаль паўз склады. Жанчына бажылася, што нічога не бачыла, яна задрамала і нават не заўважыла, як апынулася дома. Разумны стары конь сам давёз, не першы ж раз на ім ездзяць у тое сяло і назад. Усё ж агледзелі хату, падпол, хлявы — пуста.
Нібыта аціраўся нейкі салдацік у Кінешме каля лодачнай станцыі; адзін шафёр нібыта бачыў уночы падазронага чалавека, які лесам паўз шашу ішоў у напрамку Мурама. Гэтыя скупыя звесткі толькі пацверджвалі — дэзерцір будзе спрабаваць дабрацца да дому.
Пад вечар чацвёртага дня ў далёкай Беларусі, у невялікай палескай вёсцы каля хаты Ласіцаў спыніўся ваенкамаўскі «газік», з якога выйшлі два чалавекі ў форме і адзін у цывільным. Гаспадары былі дома. Бацька дэзерціра глядзеў тэлевізар, сястра вучыла ўрокі, у меншай хаце маці выбірала з разрэзанага гарбуза зярняты і раскладала на засланай саломаю блясе. Чалавек у цывільным папрасіў гаспадароў не хвалявацца, растлумачыў, што іхні сын Аляксей часова прапаў з размяшчэння часці, але армія ёсць армія, бывае і не такое… Маці адразу ж пачала плакаць, бацька прыкрыкнуў на яе. Госці доўга не затрымліваліся. Чалавек у форме пагартаў Алёшаў школьны альбом, папрасіў паказаць яго пісьмы з войска. Чалавек у цывільным пацікавіўся ў бацькоў, як іхні сын вучыўся, ці не паводзіў ён сябе часамі дзіўна — скажам, ці не сыходзіў з дому, калі на яго сварыліся? Ці не білі яго бацькі? I калі білі, дык як ён рэагаваў? Не, нічога такога. Вядома, усяляк бывала: бывае, і пасварышся, і стукнеш пад гарачую руку, на тое бацька… Ён тады зацінаўся, мог не гаварыць дзень, потым адыходзіў. Вучыўся, як і ўсе, вершы добра на памяць ведаў. Усё.