Ланцуг
- Автор: Федарэнка Андрэй
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1361-7
- Жанр: Роман, новелла
Электронная книга - «Ланцуг». Краткое содержание книги:
Як і заўсёды, проза А. Федарэнкі чытаецца лёгка. Але гэта зусім не лёгкае чытво. Аўтар імкнецца спасцігнуць духоўны свет сучасніка, зразумець яго клопаты і трывогі.
Творы пісьменніка вызначаюцца любоўю да чалавека, добрым веданнем жыцця, тонкім псіхалагізмам, шчырасцю.
Войкаючы, ён даклыпаў да бліжэйшай елкі, зваліўся. Паспрабаваў сцягнуць бот, не змог ад болю. Паляжаў трохі на халоднай зямлі, счакаў, пакуль перастане калаціцца сэрца, пройдзе млоснасць, адламаў шурпатую яловую галінку, старанна вычысціў, выкалупаў гразь з рулі. Стала холадна галаве. Ён надзеў шапку, на адной назе прыўстаў і, дзе трымаючыся за галіны і ствалы елак, дзе памагаючы сабе аўтаматам, абапіраючыся на яго, як на кавеньку, пацёгся да шашы.
Цяпер толькі звярыны адчай штурхаў яго ў спіну, гнаў уперад, патрабаваў хоць якога дзеяння… Дачакацца і спыняць машыну? Як? Сграляць па колах? I што потым, калі машына спыніцца? Паўзці да яе? Так, паўзці! Не ляжаць жа пад хвояю, не чакаць, пакуль прыедуць і абложаць, бы ваўка!..
Метраў за трыццаць ад шашы ён спыніўся аддыхацца і раптам насцярожыўся. Яго чуйнае вуха вясковага хлопца ўлавіла знаёмыя гукі: скрып колаў, стукат іх аб карані, пырханне каня. Гукі набліжаліся. Нехта ехаў дарогаю паўз шашу ў напрамку горада.
2.
— Стаяць! — хрыплым, злым голасам скамандаваў ён, калі воз параўняўся з ім, і шчоўкнуў затворам. Тады адразу ж, каб не ўпасці, ступіў бліжэй і схапіўся за ручку драбіны.
У перадку воза ён разгледзеў жанчыну, у куфайцы, хустцы. Ззаду ў возе ляжалі некалькі поўных мяхоў.
— Хто такая? — усё так жа гучна, злосна сказаў ён. — Куды едзеш? Адкуль?
— Ты што, сынок? — спалохана азвалася жанчына. — Салдацік, Бог з табою! — і яна затараторыла сваім мясцовым вымаўленнем, да якога за цэлы год службы ў гзтым краі ніяк не мог прывыкнуць Ласіца. — Местная я, из Тейково, ездила вот в село овса взять, да кладовщика не было, вот и припозднилась…
— Памаўчы! — абарваў яе Ласіца, мацаючы мяхі, раздумваючы, загадаць ёй скінуць іх або не губляць на гэта часу. Ён ведаў Тэйкава, маленькую вёсачку пры шашы, прыкладна пасярэдзіне паміж горадам і месцам, дзе яны цяпер стаялі.
— Так, — сказаў ён. — Паедзеш, як і ехала, лесам. Гоніш як мага, — і, не чакаючы адказу, са стогнам уваліўся ў задок, пачаў зручней уладкоўвацца сярод мяхоў.
— Ды ты чё, салдат? — жанчына ўсё не магла дапяць, што ж адбываецца.
— Ясна табе?! — крыкнуў Ласіца і раптам ускінуў аўтамат і націснуў на курок.:
Куля весела ціўкнула ў вершаліне блізкай хвоі, зразаючы лапкі, збіваючы ігліцу. Ахнула жанчына, ірвануў з месца спалоханы конь. Сыры, густы лес прыглушыў стрэл, адразу растварыў яго сярод іншых сваіх гукаў. Жанчына не азіралася. Воз трэсла, калывала з боку ў бок. Ласіца ўсё ніяк не мог уладкаваць нагу, яна балела і не давала думаць. Праклятая нага! Ён расшпіліў на два верхнія гузікі шынель, пацёр мокрую, гарачую шыю пад гімнасцёркаю. Хацелася піць, аж язык зашэрх. Яго, канечне, спахапіліся ўжо, шукаюць каля складоў… Нічога, шукайце. Вось дабярэцца да Тэйкава, там будзе ў каго-небудзь матацыкл ці машына… А можа, гэтай падводай дабірацца да горада? Можа, так яшчэ лепш?..
— У цябе дзеці малыя ёсць? — спытаў ён.
Не азіраючыся, жанчына ўсхліпнула:
— Няма ў мяне! Ні мужа, ні дзяцей, адна!
— Баішся смерці?
— Баюся, сынок!
— Чаго ж баішся, калі няма нікога?
— Таму і баюся! Бо і не жыла яшчэ! Адпусці!.. — узмалілася яна.
— А ты хоць здагадваешся, хто я?
— Ох, здагадваюся, сынок!..
— Прыедзем у горад — адпушчу. Не бойся.
— Як… у горад?! — аж ускінулася яна. — Сынок, салдацік, паглядзі, конь мокры ўвесь, авёс жа…
— Памаўчы! — прыкрыкнуў ён. Потым дадаў: — Мне ўсё адно канец.
Яны ехалі доўга. Было відаць, як па шашы зрэдчас то ў горад, то з горада праносяцца светлыя плямы машын. Вакол быў усё той жа хваёвы густы лес; Ласіца ведаў, што ён не скончыцца да самага горада. Хоць гэта крыху супакойвала. Ехалі моўчкі. Ласіца хацеў паглядзець, каторая цяпер гадзіна, але паленаваўся. Якая розніца… Гімнасцёрка на шыі і на грудзях па-ранейшаму была мокрая ад поту; шыі і грудзям было горача, а спіне — холадна. Час ад часу яго праціналі дрыжыкі. Ён ляжаў бокам на мяккім мяху, воз гайдала, ледзь чутна скрыпелі колы, конь аднастайна чвякаў капытамі. Пахла мукою, аўсом, лесам, вёскаю… Ласіца ледзь не задрамаў.