Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба
Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба

Электронная книга - «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба». Краткое содержание книги:

«У гэтай аповесьці мне хацелася зьвярнуцца да тых старонак нашай гісторыі, якія складаюць яе духоўную славу і якія павінны быць адноўленыя, каб над нашай краінай прасьціралася ахоўная моц пакутнікаў, якіх ушанавалі яшчэ ў ХIV стагоддзі і якія, як вечная загадка для атэістаў, засталіся нятленнымі ў сьвеце, дзе рассыпаюцца камяні і царствы…»
1 ... 52 53 54 55 56 57 58 59 60 ... 78
Перейти на страницу:

— Мы можам выклікаць там новы агонь[45] і такім чынам ня будзем апаганеныя, — прапанаваў ён.

Шэлест прайшоў па прысутных. Выклікаць на кавалку сьвяшчэннага ясеню альбо вярбы новы агонь каля магілы вялікай княгіні, як вышмароўвалі яго сьвярдзёлкам каля магіл высокіх духам старцаў, каб людзі пасьля несьлі той агонь да сябе ў хаты, значыла паказаць князю высокую пашану да ягонай жонкі, і разам з тым ачысьціць сябе ад непажаданага абраду. Гэта быў добры выхад, і ўсе згадзіліся з тым.

У той жа вечар, сабраўшыся ўтраіх у капішчы Перуна, вырашылі Бурыла, Нара і Вецер упершыню паказаць вялікаму князю Дзівейну. Цяпер было гэта надта няпроста: Лойка і яго маленьне моцна сапсавалі ім задуму. Бо, хаця і не знайшліся смарагды ў Дзівейны, усё ж цьмянае падазрэньне вісела над ёю, а значыць, і над ейнай сястрой. І ўсё ж трэба было працягваць — назад шляхоў ужо не было…

…І цяпер, калі маленьне завяршалася, збоку ад магілы вешчы старац Ар з нашытай на белым плашчы знакам Сваргі — рагатым чатырохкутнікам сонцазвароту — стаў шморгаць ясеневым цурбалкам па палене сухой вярбы, якое моцна трымалі з аднаго боку хлопчык у белай кашулі, а з другога — дзяўчына ў празрыстым покрыве, які закрываў ейны твар. Тое, што гэта была маладая дзяўчына, выдавалі яе рукі — тонкія, белыя, далікатныя. Народ, што тоўпіўся ля храму, спачатку не зьвяртаў увагі на старца і яго памагатых. Але паступова агульная ўвага засяродзілася як на Бурыле, так і на старцы, які раўнамерна рухаў сваім цурбалкам па палене. Сьпіна яго ўзмокла, цёмныя пляміны распаўзаліся па кашулі. Бурамір паскараў чытаньне, і ў рытм яму рухаўся цурбалак.

Толькі Нара магла заўважыць, што вопытны Бурыла доўжыў маленьне якраз да той хвіліны, калі з-пад рук Ара ўпершыню паказаўся нясьмелы сіняваты, амаль нябачны ў дзённым сьвятле матылёк агню. Натоўп ахнуў, хлопчык памагаты імгненна падкінуў да матылька пук сухіх сьцяблінак, а памочніца старца схапіла сваімі далікатнымі пальцамі палову таго пучка і кінула сабе ў чашу, дзе ляжала загадзя падрыхтаваная спажыва для агню, ад чаго ён успыхнуў ярка і весела. Яна адкінула пакрывала, і вакол раздаўся яшчэ адзін агульны ўздых: гэта была Дзівейна, пра якую віленцы і гаварылі, і слухалі на працягу апошніх тыдняў ці ня болей, чым пра самога вялікага князя.

З новым, толькі што народжаным агнём у руках яна пайшла проста да яго, і ўсім здалося — дзяўчына ня рухаецца, а плыве ў паветры. Цёмныя хмары пераддожжа надалі агню ў ейных руках асаблівую значнасьць: яго чырвоныя пасмачкі здаваліся большымі, а твар Дзівейны — таемным і велічным.

— Вазьмі, вялікі гасудар, гэты чысты і сьвяты агонь, няхай затуліць ён цябе ад чорнай сілы і немачы, — сказала яна рытуальныя словы, і вочы яе — сьветлыя, з чорнымі доўгімі вейкамі, сустрэліся з зеленаватымі, ледзь пачырванелымі на рэзкім ветры вачыма Альгерда. Гук ейнага голасу як абарваў у ім нейкую струну, сэрца вухнула і застыла, пасьля забілася шалёна, быццам хацела выскачыць з грудзей.

Захоплены зьнянацку, ён адразу, усёй істотай, спасьціг тое, пра што ня раз чуў як пра выраз, якому не надаюць асаблівага значэньня: «увайшла ў душу».

Ды яна не проста ўвайшла — уляцела. Уся, дашчэнту — высокая, гнуткая, з белым лілейным тварам, з румянкам на шчоках і чорнымі прамымі брывамі, з выразнымі, як намаляванымі, вуснамі і гэтым сваім нявінным выразам вачэй, адначасна наіўных і мудрых. Уляцела і, нібы заняўшы належнае ёй месца, тут жа ўладкавалася там, у ім, і нават скруцілася ў клубочак, як котка ці… зьмяя?

Пасьля, калі ён узгадваў гэты момант, спасьціг, што ня толькі голас, які абарваў нешта ў душы, і агонь, які яна несла, паслужылі задуме: яны дашчэнту спапялілі нешта ўнутры яго — можа, гэта была абярожная сьцяна, што ёсьць у кожнага чалавека, а можа, гэта было гало ўлады, што абкружае толькі гаспадара краіны. Іначай чаму ж, прыняўшы агонь, ня мог адвесьці погляду? Ня памятаў, як падхапіў чашу нехта з прыдворных, як сам ён падзякаваў дзяўчыне і ўзьняў брэцьяніцу з хмельным пітвом, каб памянуць нябожчыцу жонку.

І ўвесь той дзень ён быў як апоены нечым: яна, толькі яна стаяла перад ім — цнатліва-белая, як яблыня ў квецені. Недзе па баках ад яе хаваліся погляды, якія ён заўважыў і схаваў глыбока ў памяці: затоена-зласьлівы Бурылы і радасна-дзёрзкі Нары. А яшчэ — чамусьці разгублены — ваяводы.

Ваявода сапраўды разгубіўся: вялікае ўражаньне ад Дзівейны, стаўленьніцы жрацоў, было ў Альгерда настолькі відавочным, што гэта магло скончыцца для яго самога кепска. Ён раскрыў клубок змовы, але пра гэта ведалі толькі тры чалавекі. Калі ж вялікі князь, зачараваны дзяўчынай, раскрые ёй таямніцу, яго, ваяводу, можна толькі пашкадаваць. Ён зьнікне ці то ў водах Вяльлі, ці то ў страшных сховішчах храмаў, і ніхто ніколі не даведаецца пра яго…

вернуться

45

Паводле С. Цярохіна («Перунова цяпельца», Мн., «Юнацтва», 1993 г.), яшчэ ў ХІХ ст. у Германіі, Аўстрыі і некаторых паўднёва-славянскіх землях сьвятары высякалі Новы агонь на могілках або каля цэркваў, а пасьля яго разносілі па хатах.

1 ... 52 53 54 55 56 57 58 59 60 ... 78
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)