Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба
- Автор: Ипатьева Ольга Михайловна
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Неман
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба». Краткое содержание книги:
— Брат, скажы шчыра: навошта табе жрэц? — як толькі са скрыгатаньнем зачыніліся цяжкія, акаваныя меддзю дзьверы вязьніцы, запытаўся Кумец.
— Дазнаешся заўтра, — коратка адказаў Няжыла. Яго шырокі, круталобы твар пабляднеў, вусны падцяліся. Вялікае рашэньне, якое ён падспудна насіў у сабе, зараз высьпела ў рашучасьць. Ён павінен ратаваць брата, калі той ня хоча ратавацца сам. І хаця Кумец заўсёды быў разумнейшым за яго і знаходзіў лепшыя рашэньні, Няжыла быў упэўнены, што ў бязвыходнай сітуацыі трэба не маліцца, не пакорліва чакаць, пакуль іх павесяць на сьвяшчэнным дубе, а дзейнічаць…
Калі пасланы Бурылам Лелюш выслухаў Няжылу, ён зразумеў: пакараньне Няжылы можна адкласьці, таму што ня сьмерць яго, а жыцьцё лепей паслужыць жрацам. Такую ж думку выказаў і Бурыла:
— Марыя памерла, і гэты пахолак нам нястрашны. Наадварот — мы пакажам Альгерду, які так яго шкадуе, што мы не крыважэрныя, і што мы лічымся з пачуцьцямі вялікага князя. Хай пакуль пажыве…
САРАКАВІНЫ. МОРАК
Карчажка з хмельным мёдам стаяла на магіле вялікай княгіні Марыі, што месьцілася ля самай царквы Параскевы Пятніцы, побач на ручніках ляжалі яйкі, кавалкі жытняга хлеба і дзічыны. Паабапал, накрытыя ручніком, стаялі брэцьяніцы, аднак краўчы трымаў у руках залатую з эмальлю грэцкую чашу, з якой будзе піць вялікі князь. Хлопчыкі-памагатыя выстаўлялі наперад чашы меншыя, з серабра, аздобленага пярлінамі — для вярхоўных жрацоў. Вецер ірваў шытыя золатам павязкі на галовах прыдворных жанчын, уздымаў полы сініх, жоўтых, зялёных корзнаў іхніх мужоў, загаляў доўгія рукавы на жрэчаскіх каптанах. Беглі аблокі, адчынялі час ад часу сіні крышталь недасяжна-вечнага неба, адкуль глядзелі на трызну па мёртвай княгіні Марыі тыя, хто прымаў дары і паднашэньні.
Вялікі жрэц Бурыла чытаў маленьне да ўладаркі сьмерці Марэны, якая, як верылі ўсе прысутныя, прынесла сюды, на саракавіны, душу вялікай княгіні, каб магла яна пабачыць усіх дарагіх яе сэрцу людзей і суцешыць іх у вялікай жальбе.
Япіскап Нестар не выходзіў з храму — там зараз рыхтавалася паніхіда па памерлай, і князь Альгерд, пасьля таго як ён праводзіць душу нябожчыцы назад, у чысьцец перад Ірыем, прыйдзе ў храм, каб папрасіць для яе спакою і добрага адказу перад тым, Адзіным, хто судзіць усе справы яе і думкі.
Нямногія маглі здагадацца, колькі жарсьцяў і вузлоў закруцілася вакол гэтай нечуванай для Вільні падзеі, калі вярхоўныя жрацы прыйшлі да хрысьціянскага храму, хай нават і на магілу вялікай княгіні.
— Для нас гэта не царква — для нас гэта найперш сьвяцілішча Рагуціса, хай і разбуранае, — сказаў урэшце на вялікай радзе сьвяшчэнных старцаў і вярхоўных жрацоў стомлены ад шматгадзінных пярэчаньняў і састарэлых крыўдаў Бурыла. — Ягоны дух там, бо стагоддзі запар пакаленьне за пакаленьнем прыходзілі да яго, каб узьнесьці яму пахвалу і маленьні. І калі мы будзем паводзіць сябе абачліва і мудра, можа, неўзабаве верне сабе Рагуціс сваё законнае месца? І каменьне з нечасьцівай будыніны будзе раскрышана маланкамі Перуна?
Тое самае адразу ж загаварыла, як засьпявала, Нара:
— Нам не выпадае сварыцца з вялікім князем, які цяпер у скрусе. Падтрымаем яго зараз — ён падтрымае нас у цяжкую хвіліну. А вы бачыце: вакол нас змыкаецца кола хрысьціянства. Ды і ўнутры: уся усходняя частка Княства паддалася гэтай заразе, хаця і гвалціў сын рабыні князёўну Рагнеду перад бацькам і братамі! І што ж? Хіба адпомсьцілі палачане так, як гэта належала б воям? Хіба не здрыганулася рука ў Рагнеды? Яна ўрэшце сама стала рабыняй, прыняўшы схіму ў Ізяслаўлі!
— Што згадваць старыя часы! — падняўся з месца Лойка. — Страшнейшае тое, што мы — мы, хто ведае! — прыйдзем да апаганенага чарвямі цела — былога сасуду сьвятла і высокай сілы. Ня вам казаць пра тое, што, спальваючы цела, мы дапамагаем вызваліць з цямніцы полымя Духу, якое павінна падняцца ў Сваргу! І як я ўздыму там, ля апаганенай зямлі брэцьяніцу, як буду вітаць дух, які, можа, усё яшчэ ня можа выбрацца з тае цямніцы, ажно пакуль яна не згніе да костак!
Усе доўга маўчалі. Пасьля падняўся адзін з вешчых старцаў імем Вецер. Быў некалі вялікім празарліўцам, ды даўно зацьменіўся спакусамі жыцьця і каханьнем да простай жанчыны, з якою прыжыў сына. Нара, якая даведалася пра тое выпадкова, ня толькі захавала таямніцу, але і вылечыла сына ад цяжкай хваробы. За тое старац быў бязьмерна ўдзячны ёй і падтрымліваў, дзе і як мог. Востры розум дапамагаў яму захоўваць сваё высокае становішча, і ягоныя парады слухалі заўсёды з пашанай.