Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба
- Автор: Ипатьева Ольга Михайловна
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Неман
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба». Краткое содержание книги:
Аднак на Завіваньні вянкоў Дзівейна не зьявілася, і ён парадаваўся таму. Ды жрацы не адступіліся — прыдатная для ўдалых зьдзяйсьненьняў часіна была іншаю, чым меркаваў вялікі князь…
ШЛЯХІ СПАСЬЦІЖЭНЬНЯ
Дні рабіліся кароткімі, як быццам укарочвалася жыцьцё. Ды так яно, відаць, і было: Кумец жыў у цемры і адзіноце, і толькі Нестар час ад часу прыходзіў да яго. Тады гадзіны рабіліся такімі, як спаконвеку, яны ўкладваліся ў звыклае вымярэньне часу, якім жыў усе свае кароткія гады малады прыдворны і якім прывык давяраць. Але цяпер ён давяраў і новаму адчуваньню, калі жыцьцё пераходзіла ў трызьненьні, і карціны, што прыходзілі да яго, былі больш яркімі і рэальнымі, чым усё, што зьведваў дагэтуль. Расказваў пра іх Нестару, і той, згорблены і яшчэ больш пастарэлы, тлумачыў хлопцу, што ён прарываецца ў іншы сьвет — той, адкуль прыходзіць чалавек для нараджэньня.
— Гэта Ірый? — пытаўся Кумец. — І сьпевы, і сьвятло, і адчуваньне шчасьця, і нікчэмнасьць ранейшых мараў — усё адтуль?
— Так называеце вы Рай, хай так і будзе, — Нестар ківаў. Расказваў пра сьвятых, што спасьцігалі вышэйшы сьвет праз катаваньні і пакуты.
— Чаму праз пакуты? — не разумеў Кумец. — Няўжо чалавек ня можа прыйсьці да сьвятла праз роздум? Праз душу?
— Грахі… — казаў Нестар. — Чалавеку было падараванае ўсё, але ён захацеў большага. Ён дзёрзка і самачынна замахнуўся на тое, чаго ня мог па тым часе спасьцігнуць, а гэта было небясьпечна для Быцьця. Усявышні даў бы яму ўрэшце ўсё веданьне і ўсю задуму Сусьвету — але для гэтага трэба было пачакаць і зразумець хаця б тое, што дадзена… Сьвет праз грэх пайшоў у іншым накірунку, але як было вярнуцца на раздарожжа, з якога ўсё пачалося? Таму Бог паслаў Хрыста, якому трэба было пераплавіць сваёй крывёй і ахвярнасьцю ўсю чарнату сьвету і тым адчыніць вароты пекла, адкуль не было выйсьця грэшным чалавечым душам.
Кумец і сам адчуваў, што сьвет кіруецца зусім іншымі памкненьнямі, чым, мабыць, было загадана багамі. Гэта падказваў нават ягоны пакуль яшчэ невялікі жыцьцёвы досьвед.
Мячом можна было прыдбаць у сотні, а мо і тысячы разоў болей багацьця, чым сабраць яго працай — на ральлі, у лесе, у пчэльні.
Выгадны шлюб цаніўся ў людзей куды болей, чым самае моцнае, палкае каханьне. А яны ж ведалі, што толькі шчырае каханьне дае моцных здаровых дзяцей. Нашто ж чалавек, беручы нялюбую жонку, з якою кожны дзень трэба было дзяліць ложак, сам падрываў карэньні ўласнага роду, сваіх будучых нашчадкаў?
Дабіваючыся ласкі Гаспадара, многія трацілі сумленьне і гатовыя былі на любую подласьць, — ён сам паспытаў тое на сабе. Раз за разам узгадваючы зялёныя вочы Бурылы і ілжывыя вусны Нары, курчыўся, як ад болю — зразумеў, што яны згаварыліся загубіць яго і брата дзеля нейкіх сваіх, адным ім вядомых мэтаў. Аднак жа не праклінаў іх, бо адчуў, што цямніца зрабіла яго іншым. Вера ў тое, што сьвет трэба мяняць, іначай ён загіне, мацнела ў ім нягледзячы на здзекі і пакуты — а можа, якраз дзякуючы ім.
Ранейшыя жаданьні, якія некалі віравалі ў душы і сэрцы, па якія гатовы быў кідацца вопрамецьцю, цяпер страцілі сваю вартасьць, здаваліся нікчэмнымі. Нават ласка князя, які аддаў яго на катаваньні, таму што яму самому трэба было абараняцца, бачылася яму цяпер вартай аднаго жалю… Кумец, чыё хрысьціянскае імя было цяпер Антон, спасьціг пасьля доўгіх роздумаў — забіваць свайго былога прыдворнага, як таго патрабавалі жрацы, Альгерд не хацеў. Хаця дзеля ўлады і выратаваньня Княства яму ня раз даводзілася забіваць нявінных, ды надта моцнаю рабілася ў ім нянавісьць да людзей, што аспрэчвалі ў яго тое, дзеля чаго быў абраны ён Судзяніцамі — самую вялікую ўладу ў гэтай зямлі. Можа, таму гаспадар, як аб тым гаварылі, сапраўды адпрэчваў высілкі Бурылы аб хутчэйшым пакараньні важкім довадам: няхай яшчэ пасядзяць, бо сьмерць для хлопцаў будзе лягчэйшаю, чым замкавая вязьніца.
І так сапраўды думаў Няжыла, старэйшы з братоў.
Ён хацеў сьмерці, прасіў яе ў багоў. Нават Заяц стаў спачуваць чалавеку, які так прагнуў небыцьця, бо сьвет стаў яму нямілым. А нашто яму было жыць? Каханая Рэчыца, чый кожны рух лавіў ён з замілаваньнем і шчасьцем, абылгала яго, ейны бацька адрокся ад самага сватаўства, а князь і княгіня паверылі ў нагаворы і адвярнуліся ад яго. Брат, якога ён так любіў, быў таксама ў цямніцы — з-за яго, Няжылы. Маці іхняя ад ганьбы памерла. Сёстры ж, Бяроза і Радагоста, ні разу не адгукнуліся ні словам, ні хаця б кавалкам вепручыны, які маглі б перадаць брату і яму ў цямніцу. Ад голаду ён гатовы быў грызьці сьцены, калі б яны былі з дрэва, але камень, да якога быў прыкуты ланцугом, не паддаваўся нават яго моцным кіпцюрам, калі ў шаленстве драпаў яго пасьля таго, як ачуньваў ад катаваньняў. Вільготныя ад сырасьці лахманы церліся аб сьпіну, калі ён клаўся на падлогу, каб заснуць і забыцца на ўсё, што было вакол, і раны смылелі, сьвярбелі і адгукаліся невыносным — у тысячы голак — болем.