Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба
- Автор: Ипатьева Ольга Михайловна
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Неман
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба». Краткое содержание книги:
— Я паўтару табе, княжа, безьліч разоў: калі табе патрэбна будзе дапамога, я ўсё роўна прыйду да цябе.
— Ты, выходзіць, на мяне, як сапраўдны хрысьціянін, ня крыўдзішся, хаця я і адмовіў табе, ойча?
— Я — толькі служка Госпада. Гэта яму ты адмовіў сёньня. Памятай пра гэта, вялікі гаспадар…
ПАГАДНЕНЬНЕ
Высокі, як заўсёды чыста паголены Бурыла ледзь не даставаў галавой вышыні дзьвярэй. Альгерд пайшоў яму насустрач, але не схіліўся перад вялікім жрацом, як бывала гэта раней, і госьць адзначыў тое з прыкрасьцю, але не паказаў сваіх пачуцьцяў.
— Заўсёды рады вітаць вярхоўнага жраца вялікага Перуна.
У голасе вялікага князя было ледзь улоўнае зьдзіўленьне — роўна настолькі, каб прымусіць нечаканага наведвальніка адчуць няёмкасьць ад таго, што прыехаў зьнянацку. Але той не варухнуў і брывом. Агледзеў залу, дзе ня быў з таго дня, як вялікі князь рабіў тут свой першы прыём для жрацоў усіх язычніцкіх капішчаў Вільні — першы пасьля яе гвалтоўнага захопу і ўцёкаў пастаўленага бацькам Гедзімінам на сталец брата Яўнута. З таго часу гаспадар княства часта мусіў ісьці да жрацоў, прыносячы багам багатыя і пышныя ахвяры, гадзінамі прастойваючы ў час вялікіх маленьняў перад іхнімі выявамі.
— Тут не было гэтых… тканак, — з цікаўнасьцю ўгледзеўся жрэц у сьцены. Сапраўды — вялікія тканыя шпалеры з кветкамі і падобныя на шары пладамі на зеленавата-шэрым фоне зусім нядаўна падарылі Альгерду паслы Папы. Ярка-аранжавыя нетутэйшыя плады рабілі залу ня гэткай змрочнай, як заўсёды. Зброя, што вісела на сьценах і раней, адзіная ўпрыгожвала сьцены, цяпер нібы страціла свой ваяўнічы і злавесны выгляд і мякка адблісквала ў промнях няяркага, яшчэ слабога сонца. Трашчалі дровы ў вялікім каміне, абкладзеным зялёнымі кафлянымі пліткамі, на якіх карычнева выдзяляўся трызубец — сямейны знак Гедзіміна.
Бурыла сеў на крэсла, пачціва падстаўленае яму служкам, расшпіліў аплікі багата аздобленага залатымі шнурамі суконнага каптана, з-пад якога паказаўся вялікі залаты медальён-зьмеявік, і строга зірнуў на князя.
— Пакараньне зламысьнікаў заўсёды прымушае простую чадзь схіляцца перад уладай і пачціва прымаць усе законы, якія мы даём людзям дзеля іхняй жа карысьці, — сказаў ён, выдзяляючы кожнае слова.
— Пра каго ты гаворыш, вялікі жрэц?
— Пра любога, хто не выказвае пакоры багам.
— Але ж ня дзеля таго, каб я пачуў тое, што добра ведаю, ты ўспароў мяне з ложку? Нешта здарылася, аб чым мне не сказалі?
— Табе і не маглі гэтага сказаць: толькі сёньня ў капішча прыйшла вестка аб тым, што бяглянка, якая адмовілася служыць багам, жыве сабе ў Нямеччыне і не зьбіраецца вяртацца.
— Ты гаворыш пра Уну, дачку пасла Леся, якая зьнікла колькі месяцаў таму? Адшукаў яе брат?
— Думаю, што гэты нягоднік сам дапамог ёй уцячы, хаця хлусьліва прыкідваўся, што для яго гэта таксама вялікая навіна.
— Мне якраз здаецца, што Круглец — шчыры і добры хлопец. Калі ён так гаворыць, значыць, сапраўды ня ведае, дзе ягоная сястра.
— Гаспадар, ты можаш яго праверыць: няхай ён сам прывязе сястру ў Вільню.
Альгерд раздумліва глядзеў на Бурылу.
— Але яна — знатная баярыня. Нягожа цягнуць яе сілком, як цёлку на вяроўцы. Бачыш, як ня хоча яна служыць Перуну. А ты, помніцца, казаў, што дзяўчына толькі і марыць аб тваім храме… Што ж — ёсьць сотні іншых, выберыце сабе. З Лесем мы сябравалі. Ён шмат зрабіў для Княства і для майго бацькі Гедзіміна, і я не хацеў бы…
— Вялікі гаспадар! — перабіў яго жрэц. — Калі ня будуць слухацца багоў знатныя баяры — ня стане таго рабіць і простая чадзь. Трэба добра пакараць зламысніцу — нягледзячы ні на заслугі бацькі, ні на знатнасьць ейнага роду. Як жа ты хочаш, каб у нашым Княстве быў парадак, калі людзі ня будуць ведаць цяжару сваіх абавязкаў і несьці іх, як належыць!
У голасе Бурылы Альгерд злавіў нязвыклую для таго гарачнасьць і насьцярожыўся. Але не паказаў таго. Наадварот, спытаўся як бы між іншым:
— А дзе жыве Уна?
Бурыла махнуў рукой, нібы падкрэсьліваючы тым, што гэта дробязь.
— Калі гэты мудрэц паедзе, мы яму скажам, дзе яна. І дадзім двух жрацоў, каб яны… дапамагалі.
— Але пакуль ты скажы гэта мне, — сьцішана прамовіў князь. Ён адчуваў размову, як гульню ў варцобы альбо паядынак на дзідах. Праціўнікі ходзяць адзін вакол другога, шукаюць слабое месца, каб пасьля сабраць усе сілы і перамагчы.
— Яна ў Хайдэльбергу, — спакойна мовіў Бурыла, толькі на імгненьне зялёным выбліснулі яго вочы.
— Яна што, купіла там дом? Ці здымае жытло?