Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Чорны замак Альшанскі
Чорны замак Альшанскі - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Чорны замак Альшанскі

Электронная книга - «Чорны замак Альшанскі». Краткое содержание книги:

«Чорны замак Альшанскі» — адзін з апошніх раманаў беларускага класіка гістарычнай літаратуры. Уладзімір Караткевіч у адметнай форме спрабуе прывабіць чытача таямніцамі і легендамі, якімі поўніцца беларуская зямля. У рамане чарговы раз спалучаецца мінуўшчына з сёньняшнім днём, дэтэктыў з гістарычнай асновай прадстаўляе нам захапляльную і цікавую гісторыю нашага народу.
1 ... 47 48 49 50 51 52 53 54 55 ... 147
Перейти на страницу:

— Антону Глебавічу Космічу прывітанне, — ускочыў ён, калі я падышоў.

— Прывітанне і таварышу Генадзю, які імя па бацьку пакуль што не заслужыў.

— Знаёмцеся, — звярнуўся прахвост Генка да дзяўчат, — прыва-т дацэнт Косміч. А гэта Таня Салей, Тарэса Гайдучык, Валянціна Волат. Наша таўстуха.

«Волат» быў самы худзенькі і малы і таму засаромеўся горш за ўсіх, а ўсе аж заліліся чырванню: як «вузкія» спецыялісты яны крыху ведалі пра мяне. Трэба іх было ратаваць.

— Ну і вы з ім пазнаёміліся, дзяўчаты. Наш дурань.

Дзяўчаты захіхікалі: напружанне было хоць і грубасцю, а знята.

— А хто ж у вас тут начальнік?

— Ну а чаму не я? — абурыўся Генка.

— Такіх шалапутаў начальнікамі не прызначаюць.

— Яшчэ як часта, — зрабіў жаласную міну Генка. — Толькі тады яны адразу перастаюць… шалапутамі. А мне майго шалапуцтва шкада.

— Цябе, ясна, са студэнтамі працаваць паставілі. З такімі ж прайдзісветамі.

— Мы про-ойдзем… Нас дваццаць будзе на раскопе, ды трыццаць школьнікаў наймём, — ён напяваў. — Усе гарадзішчы ўсёй Еўропы мы раскапаем… кетмянём. У прыватнасці, гэтае гарадзішча ранняга сярэдневякоўя.

— Стася Рэчыц у нас начальнік, — ледзь не шэптам сказала «таўстуха», Валя Волат, удзячная мне за дапамогу. — Зараз яна прыйдзе.

Рэчыц? Я, вядома, чуў гэтае імя па некаторых публікацыях, але асабіста яе не бачыў. Ні студэнткай, бо якраз тады часова адышоў ад выкладчыцкай работы, ні ў апошнія тры гады. Па чутках, яна была ў аспірантуры ў Ленінградзе. А спецыяліст, зноў жа па чутках, добры.

— Унь… падымаюцца, — сказала бялявенькая, кірпаносенькая, жывенькая Таня Салей. — З кім жа гэта?

— Дзед Мультан, — сказала Тарэса, вельмі падобная на Таню, толькі што чарнявая і крыху болей строгая. (Верхавод сярод трох, але сапраўды не «гайдук», а толькі «гайдучык».)

Па колішняму ўз'езду на гарадзішча (а я, дурань, пёрся схілам, ледзь не ўторкнуўшыся носам у зямлю) ішлі два чалавекі. Адзін год сямідзесяці, але яшчэ магутны і вузлаваты, як корч. Калісь, пэўна, высокі, а зараз крыху сагнуты, так што рукі звісалі. А побач з ім ішла лёгкай хадою жанчына ў сіняй сукенцы і такой самай сіняй хусцінцы на галаве.

— Дзень добры, — сказаў дзед. — Мультан маё прозвішча.

— Станіслава Рэчыц.

— Антон Косміч.

— Той?

— Сорамна, але выходзіць, што той. А вы тая?

— Ну, калі заўважылі дзесь, дык тая.

Цяпер я мог разгледзець іх лепей. У дзеда былі сінія, зусім не выцвілыя, вочы, сівая кучма валасоў, доўгія сівыя вусы пры дужа кепска голенай барадзе, нос тоўсты, рот усмешлівы і іранічны.

І пры гэтым мядзведжым абліччы ён яшчэ і гаварыў то тэнарком, то хрыплаватым басам і ўвесь час збіваўся са старэчай саліднасці на нейкую мітуслівасць, нібы ніяк не мог забыць, што ў юнацтве быў шалапутам. Стараўся, і часам атрымоўвалася, але да канца не мог.

Жанчыне, а можа, дзяўчыне — дваістае ўражанне, — магло быць год дваццаць пяць. На дзесяць з гакам маладзейшая. Калі я загінаўся ў вагоне для быдла на перагоне Баранавічы — Слонім, была яшчэ зусім дзіцем.

Тонкія яшчэ рукі з вострымі локцікамі, але развітыя высокія грудзі і ногі доўгія, мускулістыя. Мабыць, шмат хадзіла.

Рухі дакладныя, гожыя. Выраз аблічча і голас прыемныя, мяккія.

І — рыжая. Але была гэта не тая бясколерная, апельсінавая рыжына, што здараецца часцей за ўсё, а быў гэта колер цёмнага чырвонага дрэва, што заўсёды адлівае глыбінным золатам. І скура чыстая, без рабаціння, малочна-белая, зусім без блакітнага адцення, што часта ўласцівае скуры рыжых. Ніякай касметыкі нідзе, ды яна «ў полі», пад ветрам і сонцам, і непатрэбная. І тым больш здзіўлялі натуральна цёмныя бровы і веі ў кантрасце з вялікімі вачыма зялёна-блакітнай глыбіні.

«Ну, досыць пяліцца, Косміч. Гэты пірог не для нас, дый не такая ўжо стаіць цаца перад табою. Бывалі лепшыя».

— Зайдзіце на хвіліну да нас, — паказала на палатку.

— Куды мне туды, — забасіў Мультан. — Я яе звалю.

У палатцы было вельмі чыста і прытульна. Чатыры засланыя тапчаны, чатыры спальныя мяхі ў галовах, галінка ядлоўцу ў вазачцы, брызент падлогі пасыпаны аерам.

— Што ў вас — сёмуха?

— У нас заўсёды — сёмуха.

Я амаль адразу заўважыў у яе прыстрасць да парадку, а пасля, па меры знаёмства, і слабасць да грунтоўных і прыгожых рэчаў. Прычым — танна. Замовіць, напрыклад, мясцоваму ганчару дакладную копію старажытнага збана, гаршка, місы. Аблітых падобнай паліваю. Проста каб прыемна стаялі на стале.

— Ну што ў вас, Антон Глебавіч?

1 ... 47 48 49 50 51 52 53 54 55 ... 147
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)