Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.
- Автор: Грицкевич Анатолий Петрович
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.». Краткое содержание книги:
Kнігa «Старонкі нашай мінуўшчыны» — зборнік унікальных артыкулаў пра знакавыя асобы i падзеі нашай гісторыі.
Артыкулы напісаны грунтоўна i займальна i будуць цікавыя шырокаму колу чытачоў — ад аматараў гісторыі да навукоўцаў.
Бесцырымонна ўводзіліся расейскія войскі на тэрыторыю Беларусі, каб вярнуць у Расею тых, хто ўцёк ад жорсткага прыгону і рэпрэсіяў супраць старавераў-раскольнікаў, якія даўно ўжо пасяліліся ў слабодах Веткі ды ейных ваколіцах. У красавіку 1735 г. пяць расейскіх палкоў на чале з палкоўнікам Я. Сыціным «вывелі» зь Веткі й суседніх слабодаў 13 294 жыхароў, а ўсе будынкі, з манастырскімі ўлучна, былі спаленыя. Паколькі ўцёкі на Беларусь з Расеі працягваліся, дык на загад Кацярыны II генэрал-маёр Маслаў з двума палкамі зноў зрабіў налёт на Ветку («другая веткаўская выгонка») і вывеў у Расею новых пасяленцаў ― да 20 тысячаў душ, якія былі высланыя ў Сібір. Адначасова расейскі ўрад рыхтаваў далучэньне часткі тэрыторыі Беларусі да Расейскай імпэрыі. Неўзабаве пасьля ўступленьня на трон Кацярына II у рэскрыпце расейскаму пасланьніку ў Варшаве Кейзерлінгу (8 лютага 1763 г.) у сувязі з чуткамі пра хваробу і магчымую сьмерць караля Аўгуста III пастанавіла выбраць караля, цалкам ёй падпарадкаванага. Царыца загадала патрабаваць ад кандыдата ў каралі за ейную падтрымку перадачы Расеі часткі тэрыторыі Рэчы Паспалітай, выдачы «многіх тысячаў сялянаў-уцекачоў, гарантыі рэлігійнае свабоды праваслаўным «абывацелям».
6 кастрычніка 1763 г., наступным днём па сьмерці караля Аўгуста III, на нарадзе ў Кацярыны і І гэтыя патрабаваньні былі пацьверджаныя. Праект па тэрытарыяльным пытаньні вызначаў абшары, якія мелі адысьці да Расеі. Прапанаваная дзяржаўная мяжа цалкам супадала з будучаю мяжою паміж Расеяй і Рэччу Паспалітай пасьля першага разбору 1772 г. Гэтыя патрабаваньні былі прад'яўленыя ад імя царыцы ў канцы 1763 г. кандыдату ў каралі Станіславу Аўгусту Панятоўскаму. Такім чынам, у 1763 г. Кацярына II першая паставіла пытаньне пра далучэньне часткі тэрыторыі Рэчы Паспалітай да Расеі. Пры гэтым царызм выступаў супраць падзелаў Рэчы Паспалітай зь іншымі дзяржавамі, бо лічыў, што лепш мець слабога і цалкам залежнага ад сябе суседа на сваёй заходняй мяжы.
Кацярына II нават патрабавала, каб расейскія войскі на Беларусі, Украіне й Польшчы ўтрымліваліся за кошт скарбу Рэчы Паспалітай; імпэратрыца прымусіла сойм прыняць дамову аб карды нальных правох (1768 г.), якая захавала анархічны дзяржаўны лад. У адказ на адкрытае ўмяшаньне Расеі ў Рэчы Паспалітай пачаўся вызвольны рух. У лютым 1768 г. у Бары (на Ўкраіне) утварылася шляхоцкая канфэдэрацыя на чале зь Юзафам Пуласкім. У Беларусі таксама ўзьнік канфэдэрацкі рух. Пачалася барацьба з расейскімі войскамі, якія акупавалі краіну.
У Беларусі да Барскай канфэдэрацыі далучылася частка шляхты зь Берасьцейскага й Мсьціслаўскага ваяводзтваў, Ашмянскага, Ваўкавыскага, Аршанскага й Браслаўскага паветаў. У кастрычніку 1768 г. расейскія войскі разьбілі канфэдэратаў пад Дзярэчынам і занялі Нясьвіскую й Слуцкую фартэцыі. У 1769 г. аддзел берасьцейскіх канфэдэратаў на чале з Пуласкім здабыў перамогі ў баёх пад Бераставіцай, Слонімам, Мышшу. Найбольшы размах канфэдэрацкі рух у Беларусі дасягнуў у 1770―1771 гг. Ад чэрвеня 1770 г. аддзел Сымона Касакоўскага, які складаўся пераважна з дробнай шляхты, дзейнічаў у раёне Мядзела, Радашкавічаў, Менска. Зноў узьнялася шляхта ў Ашмянскім і Браслаўскім паветах, Полацкім і Мсьціслаўскім ваяводзтвах. Неўзабаве аддзел Касакоўскага, які папаўняўся сялянамі й іншым нешляхоцкім элемэнтам пацярпеў паразу пад Наваградкам. У верасьні 1771 г. на бок канфэдэратаў перайшоў гетман вялікі літоўскі Міхал Казімер Агінскі, але ягоны 3-тысячны аддзел быў разьбіты А. Суворавым пад Стваловічамі. У 1772 г. канфэдэрацкі рух быў задушаны.
Разборы Рэчы Паспалітай. Страта незалежнасці
Разгром барскіх канфэдэратаў у Польшчы супаў з пачаткам першага разбору Рэчы Паспалітай. Яшчэ ўлетку 1771 г. пачаліся перамовы пра яе падзел паміж Прусіяй і Расеяй, зьвязанымі вайсковапалітычным саюзам. Кароль Прусіі Фрыдрых ІІ дамагаўся атрымаць частку польскай тэрыторыі, каб злучыць Усходнюю Прусію зь іншымі ягонымі ўладаньнямі. Аднак бяз згоды Расеі гэта было немагчыма. У сувязі са складанымі для Расеі абставінамі ў часе расейска-турэцкай вайны 1768―1774 гг., расейскі ўрад згадзіўся прыняць прапанову Фрыдрыха 11 пра падзел Рэчы Паспалітай. Пазьней да іх далучылася Аўстрыя.
5 жніўня (25 ліпеня) 1772 г. у Пецярбурзе паміж гэтымі краінамі была падпісаная канвэнцыя. Расея далучыла да сваёй тэрыторыі Інфлянцкае ваяводзтва, большую частку Полацкага, амаль усё Віцебскае, усё Мсьціслаўскае і ўсходнюю частку Рэчыцкага павету Менскага ваяводзтва. Кацярына аддала Аўстрыі паўднёвую частку Польшчы й Заходнюю Ўкраіну. Прусія атрымала паморскія землі Польшчы.
Пасьля першага разбору Рэчы Паспалітай на яе тэрыторыі не засталося праваслаўных эпархіяў. Георгі Каніскі і расейскі пасланьнік у Варшаве Штакельбэрг запрапанавалі прызначыць для ўсіх праваслаўных у дзяржаве асобнага біскупа, які жыў бы ў Слуцку і быў бы таксама архімандрытам Слуцкага Траецкага (Трайчанскага) манастыра. Кацярына II згадзілася, і ў чэрвені 1785 г. у Кіеве ў сан біскупа пераяслаўскага (з рэзыдэнцыяй у Слуцку), вікарыя мітрапаліта кіеўскага, быў пасьвячоны Віктар Садкоўскі, расейскі падданы, выхаванец Кіеўскай духоўнай акадэміі, ад 1738 г. архімандрыт Трайчанскага манастыра, а да таго сьвятар царквы пры расейскім пасольстве ў Варшаве, падпарадкаваны сыноду Рускай праваслаўнай царквы.
У канцы 80 ― пачатку 90-х гадоў XVIII ст. у Рэчы Паспалітай адбываліся прагрэсіўныя зьмены. Ішлі рэформы, мацаваліся і павялічваліся польская і беларуская-літоўская арміі, была прынятая канстытуцыя 1791 г., якая стварыла больш спрыяльныя ўмовы для разьвіцьця капіталістычных дачыненьняў. Варожа настроеная да рэформаў і ўмацаваньня незалежнасьці групоўка магнатаў і шляхты дзеля захаваньня прывілеяванага становішча вырашыла зьвярнуцца па дапамогу да Кацярыны II. Пад наглядам царыцы ўклалі акт канфэдэрацыі. Да ўсходніх рубяжоў Беларусі і Ўкраіны падцягнуліся расейскія войскі, якія на загад Кацярыны перайшлі мяжу. Акт канфэдэрацыі быў падпісаны ў памежным мястэчку Таргавіца (на Ўкраіне) 14 траўня 1792 г. Прусія ўвяла свае войскі ў Польшчу. Вайна цягнулася да канца ліпеня. Літоўскае войска адступіла за Буг. Да канфэдэрацыі далучыўся кароль.
Улады Таргавіцкай канфэдэрацыі скасавалі рэформы. У Пецярбурзе 23 (12) студзеня 1793 г. Расея й Прусія падпісалі канвэнцыю пра другі разбор Рэчы Паспалітай. Паводле канвэнцыі Расея ў залік выдаткаў на «падтрыманьне парадку» у Рэчы Паспалітай (а фактычна за акупацыю краіны) забірала сабе цэнтральную частку Беларусі з гарадамі Менск, Барысаў, Слуцак, Пінск, Бабруйск і Мазыр, а таксама большую частку Правабярэжнай Украіны.