Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.
- Автор: Грицкевич Анатолий Петрович
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.». Краткое содержание книги:
Kнігa «Старонкі нашай мінуўшчыны» — зборнік унікальных артыкулаў пра знакавыя асобы i падзеі нашай гісторыі.
Артыкулы напісаны грунтоўна i займальна i будуць цікавыя шырокаму колу чытачоў — ад аматараў гісторыі да навукоўцаў.
У 1655 г. Швэцыя напала на Рэч Паспалітую. За тры месяцы яна заняла амаль усю тэрыторыю Польшчы, апроч яе ўсходніх раёнаў. Швэдзкая армія зь Ліфляндыі на чале з Габрыелем-Магнусам Дэлягардзі заняла Дынабург (Даўгаўпілс) і Жамойць. Гетман вялікі літоўскі Януш Радзівіл, слуцкі князь Багуслаў Радзівіл і прадстаўнікі часткі літоўскай і беларускай шляхты, пераважна кальвінісцкага веравызнаньня, 20 кастрычніка 1655 г. падпісалі ў радзівілаўскім горадзе Кейданах акт дзяржаўнай вуніі Вялікага Княства Літоўскага з Швэцыяй. Швэдзкі кароль (лютаранін) Карл Х Густаў абвяшчаўся вялікім князем літоўскім. Акт вуніі падпісалі 1135 чалавек. Аднак дзеяньне Кейданскае дамовы 1655 г. пашыралася толькі на акупаваную швэдамі тэрыторыю, дый кароль Швэцыі на гэтую дамову не зважаў. Я. Радзівіл і ягоныя прыхільнікі адступілі ў Падляшша, дзе Радзівіл неўзабаве памёр. Практычна дзяржаўная вунія з Швэцыяй не атрымалася. Вясной 1656 г. шляхта паўстала й выцесьніла зь Літвы швэдзкія гарнізоны. Тое ж самае адбылося ў Польшчы, толькі барацьба там зацягнулася да 1660 г.
Расея, у сваю чаргу, у 1656 г. пачала вайну з Швэцыяй за Прыбалтыку, але, нічога не дабіўшыся, заключыла ў 1658 г. замірэньне, а праз 3 гады мір. Зьмянілася становішча на Ўкраіне й Беларусі. Украінскія казакі ў Беларусі мелі канфлікт з расейскімі ваяводамі. Казацкая старшына намагалася далучыць Беларусь да Ўкраіны. Але расейскі ўрад не пагадзіўся на іхныя прэтэнзіі. Тады ў верасьні 1658 г. гетман Украіны Іван Выгоўскі і ўкраінская старшына адмовіліся ад зьвязу з Расеяй і заключылі дамову з Рэччу Паспалітаю аб уваходжаньні Ўсходняй Украіны (Княства Рускага) у склад Рэчы Паспалітай як трэцяга складніка фэдэрацыі. Цяпер украінскія казакі ваявалі і ў Беларусі разам з польска-беларускімі аддзеламі супраць расейскіх войскаў. Праўда, у кастрычніку 1659 г. новы гетман Украіны Юры Хмяльніцкі зноў падпісаў дамову аб уваходжаньні аўтаномнай Усходняй Украіны ў склад Расеі. Пасьля гэтага ўкраінскія казакі былі выведзеныя з тэрыторыі Беларусі. Такім чынам, аб'яднаньня Беларусі, або ейнай прыдняпроўскай часткі й Палесься, з Украінаю не адбылося.
Беларускія-літоўскія і польскія войскі (таксама дзякуючы паўстаньням жыхароў Магілева ды іншых гарадоў) выгналі расейцаў зь Беларусі. У студзені 1667 г. вайна, у выніку якой загінуў кожны другі беларус, скончылася Андрусаўскім замірэньнем. Хоць Беларусь вызвалілася з-пад акупацыі, але Смаленскае ваяводзтва засталося пад Расеяй, таксама як і Левабярэжная Ўкраіна.
Да канца XVII ст. войнаў з Расеяй не было. Нягледзячы на часовую перамогу, яна не змагла ўтрымаць землі Беларусі. Рэч Паспалітая здолела адрадзіцца й даць адпор ажно тром заваёўнікам ― Расеі, Швэцыі й Трансыльваніі. Расея ж мусіла перайсьці да мірных дачыненьняў з Рэччу Паспалітаю і нават да вайсковага зьвязу зь ёю супраць Крымскага ханства й Турцыі, пагроза якой для краінаў Усходняй Эўропы зноў павялічылася. Рэч Паспалітая ня мела сілы, каб ваяваць супраць Расеі. Яна зьмірылася з стратаю Смаленскага ваяводзтва, Кіева й Левабярэжнай Украіны. У траўні 1686 г. была падпісаная дамова аб «вечным міры» паміж Расеяй і Рэччу Паспалітай. Гэтая дамова давала расейскаму цару магчымасьць умешвацца ў нутраныя справы Рэчы Паспалітай. Таму сойм не зацьвердзіў яе. Гэта зрабіла толькі канфэдэрацыя прыхільнікаў Пятра 1 у 1710 г., падчас Паўночнай вайны. У 9-м артыкуле дамовы 1686 г. гаварылася, што кароль цэрквам, манастыром і брацтвам «Грэка-Расейскай веры і ўсім тым людзям, якія ў Каруне Польскай і ў Вялікім Княстве Літоўскім у той жа еры застаюцца, ніякага ўціску і да веры рымскай і да вуніі прымусу рабіць ня будзе…» Хоць у дакуманце не абмаўлялася права цара ўмешвацца ў нутраныя справы Рэчы Паспалітай, аднак царызм надалей выкарыстоўваў сэнс памянёнага артыкула для сваіх мэтаў.
У XVIII ст. на тэрыторыі Беларусі (а практычна і ўсёй Рэчы Паспалітай) існавала толькі адна праваслаўная эпархія ― Беларуская (або Магілеўска-Мсьціслаўская), з цэнтрам у Магілеве. 3 1718 г. значная частка праваслаўных Беларусі падпарадкоўвалася непасрэдна Кіеўскай мітраполіі (цэнтар якой быў у Расейскай імпэрыі). Граматы пра назначэньне біскупаў выдаваў кароль, але фактычна назначэньне адбывалася ў Расеі. Так, у 1755 г. беларускім біскупам стаўся Георгі Каніскі (з дваранаў Чарнігаўскай губэрні), якога прыслалі з Расеі ў Магілеў. Паводле трактату пра «вечны мір» 1686 г., праваслаўных біскупаў у Рэчы Паспалітай фармальна прызначаў мітрапаліт кіеўскі, падпарадкаваны сіноду Рускай праваслаўнай царквы ў Расеі, расейскі падданы.
Апошняя трэць XVII ст. праходзіла пад знакам барацьбы з Турцыяй і Крымам. У 1672―1676 гг. Польшча вяла абарончую вайну з Турцыяй у зьвязе з Аўстрыяй, Вэнэцыяй і Расеяй. Беларускае-літоўскае войска ўдзельнічала ў гэтай вайне, у тым ліку ў пераможнай бітве пад Хоцінам у 1673 г. Там дзейнічалі дзьве калёны пяхоты і коньніцы войска пад камандаю гетмана вялікага літоўскага Міхала Казіміра Паца і гетмана польнага Міхала Радзівіла. Удзельнічала Беларускае-Літоўскае гаспадарства і ў наступнай вайне Рэчы Паспалітай з Турцыяй 1683―1699 гг. (з тымі ж саюзьнікамі). Туркі ў 1683 г. аблажылі сталіцу Аўстрыі Вену. Навісла пагроза далейшага турэцкага наступу ў цэнтар Эўропы. На дапамогу Аўстрыі выступілі польскае й беларускае-літоўскае войскі. Польскае пайшло да Вены, дзе злучылася з аўстрыйскімі й нямецкімі сіламі. Беларускае-літоўскае рушыла ў Славаччыну (тады ў складзе Вугоршчыны) вызваляць гарады ад аблогі. Але частка нашага войска была і пад Венаю.
Больш як 300 гадоў таму, 12 верасьня 1683 г., у бітве пад Венай саюзныя войскі Кароны й Княства, аўстрыйскія й нямецкія пад камандаю караля польскага й вялікага князя літоўскага Яна Сабескага разьбілі туркаў. На правым крыле войска Рэчы Паспалітай дзейнічалі цяжкая коньніца маршалка надворнага літоўскага Юзафа Слушкі й брыгада пяхоты віленскага кашталяна Эрнэста Дэнгофа. Польшча ў выніку гэтай вайны вярнула сабе Падолію, страчаную яшчэ ў 1672 г. на карысьць Турцыі. Пасьля апошняй вайны 1683―1699 гг. турэцкая пагроза для Рэчы Паспалітай была практычна зьліквідаваная, бо Аўстрыя прасунулася далёка на Балканы, далучыўшы да сябе Вугоршчыну, Трансыльванію й значную частку Сэрбіі. Турцыя адступіла ад межаў Польшчы.
Расейская экспансія
У XVIII ст. Рэч Паспалітая становіцца ня гэтулькі суб'ектам геапалітычных дачыненьняў у Эўропе, колькі аб'ектам. На ейнае зьнешнепалітычнае становішча ўсё больш уплываюць суседнія моцныя манархіі з абсалютысцкім рэжымам ―Расея, Прусія й Аўстрыя. Пры слабой дэцэнтралізаванай уладзе ў Рэчы Паспалітай, барацьбе розных магнацкіх груповак за ўладу, іхнай арыентацыі на замежныя ўрады склалася вельмі небясьпечная для незалежнасьці дзяржавы сытуацыя. Трэба дадаць, што кандыдатуры выбарных каралёў перад іхным абраньнем таксама падтрымлівалі іншаземныя двары, і пасьля абраньня каралі праводзілі палітыку, спрыяльную адпаведным чужым дварам. Фактычна ўжо ў канцы XVIII ст. магнацкая групоўка расейскай арыентацыі гатовая была здаць ня толькі тэрыторыю, але й незалежнасьць сваёй дзяржавы расейскаму царызму.
Асабліва ўзмацніўся палітычны ўплыў Расеі падчас цараваньня Пятра I, які выкарыстаў Паўночную вайну 1700―1721 гг., каб весьці ваенныя дзеяньні супраць Швэцыі на зямлі Рэчы Паспалітай і найперш Беларус», а не на сваёй тэрыторыі.
Наша краіна такім чынам сталася стратэгічным перадпольлем Расеі, дзе можна было весьці баі, рабуючы пры гэтым мясцовае насельніцтва. Калі Пётр 1 аднавіў у 1709 г. на польскім і літоўскім стальцы свайго саюзьніка Аўгуста Моцнага, ён фактычна ўжо кіраваў Рэччу Паспалітай. 3 часоў Пятра І расейскія арміі амаль безупынна знаходзіліся ў Рэчы Паспалітай, звычайна без усялякага дазволу яе кіраўніцтва. Расея ва ўсіх сваіх войнах з Швэцыяй, Францыяй (гэта падчас вайны за польскую спадчыну 1733―1735 гг.), Прусіяй і Турцыяй разглядала тэрыторыю суседняй дзяржавы як сваю перавалачную базу. На працягу ўсяго XVIII ст. царскія дыпляматы безупынна ўмешваюцца ў нутраныя справы нашае дзяржавы.
У 1717 г., калі ў Рэчы Паспалітай стаялі 60 тысячаў расейскіх штыхоў, адбыўся «Нямы сойм» («нямы» ― бо бяз спрэчак і абмеркаваньняў). Ён на прапанову дыпляматаў Пятра І абмежаваў уладу гетманаў, скараціў польскую армію да 18, а беларускую-літоўскую ― да 6 тысячаў чалавек. Пад націскам Пятра I, які жадаў умацаваць уладу свайго саюзьніка Аўгуста II, на сойме 1717 г. былі абмежаваныя палітычныя правы некаталіцкай, у тым ліку і праваслаўнай шляхты (гэтак званых дысыдэнтаў), а ў 1733 г. і скасаваныя ― некаталіцкай шляхце не дазвалялася займаць дзяржаўныя пасады, выбіраць дэпутатаў у сойм і ўдзельнічаць у працы Галоўнага Літоўскага трыбуналу. Але, калі гэта было на карысьць Расеі, Кацярына II у 1766 г., наадварот, патрабавала зраўнаць правы каталіцкай і некаталіцкай шляхты. «Вечны мір» 1686 г. (дарэчы, зацьверджаны соймам генэральнай канфэдэрацыі, саюзьнікамі расейскага цара, толькі ў 1710 г. пад націскам Пятра I) дазваляў цару апекавацца праваслаўнымі жыхарамі Беларусі, Украіны, Літвы й Польшчы. Спасылаючыся на гэта, Кацярына выступіла ў ролі заступніцы ня толькі праваслаўных, але й пратэстантаў (на што ня мела аніякіх правоў). У 1767 г. царскі ўрад арганізаваў дзьве шляхоцкія канфэдэрацыі (узброеныя часовыя палітычныя зьвязы шляхты): у Торуні ― польскіх лютаранаў і кальвіністаў, а ў Слуцку ― кальвіністаў, лютаранаў і праваслаўных Вялікага Княства Літоўскага, якія патрабавалі зраўнаньня правоў з каталіцкаю шляхтаю. Пад актамі гэтых канфэдэрацыяў толькі 573 подпісы, прычым расьпісваліся і за адсутных. Тым ня менш Кацярына II абвесьціла, што абараняе Інтарэсы шостай часткі насельніцтва Рэчы Паспалітай, і падтрымала абедзьве канфэдэрацыі. Між тым, паводле падлікаў гісторыка Т. Корзана, у 1771 г. у Рэчы Паспалітай праваслаўныя складалі 5 % ад усяго насельніцтва дзяржавы. У Рэч Паспалітую былі зноў уведзеныя расейскія войскі, якія разам з канфэдэратамі пайшлі на Варшаву й дамагліся ад сойму зраўнаньня дысыдэнцкае шляхты ў правох з каталіцкаю, а да таго ж ― зацьверджаньня анархічнага дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітае (1768 г.). Гэта было галоўнаю мэтаю, дзеля якой выкарыстоўвалі дысыдэнцкую шляхту.