Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.
- Автор: Грицкевич Анатолий Петрович
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.». Краткое содержание книги:
Kнігa «Старонкі нашай мінуўшчыны» — зборнік унікальных артыкулаў пра знакавыя асобы i падзеі нашай гісторыі.
Артыкулы напісаны грунтоўна i займальна i будуць цікавыя шырокаму колу чытачоў — ад аматараў гісторыі да навукоўцаў.
А Прусія атрымала заходнюю частку Польшчы. Горадзенскі сойм 1793 г. маўкліва зацьвердзіў захоп Расеяй беларускіх ды ўкраінскіх земляў і пад націскам царскага пасла, у акружэньні салдатаў расейскага войска, згадзіўся на перадачу Прусіі заходніх польскіх земляў.
Нацыянальна-вызвольны рух у Польшчы, Літве й Беларусі, паўстаньне 1794 г. пад кіраўніцтвам Т. Касьцюшкі, задушанае расейскімі й прускімі войскамі, выклікалі трывогу Кацярыны II, прускага караля і аўстрыйскага імпэратара. Яны вельмі баяліся ўплыву рэвалюцыйнай Францыі на ўсходзе Эўропы. Таму ва ўмовах расейска-прускай акупацыі праведзены трэці разбор Рэчы Паспалітай. 24 (13) кастрычніка 1795 г. зноў у Пецярбурзе, зноў пад асабістым наглядам Кацярыны II паміж Расеяй, Прусіяй і Аўстрыяй была падпісаная канвэнцыя. Расея забірала сабе Курляндыю, Літву (без Занямоньня), Заходнюю Беларусь (безь Беласточчыны) і Валынь. Аўстрыя атрымала Малую Польшчу зь Люблінам, Сандамірам, Кракавам і Міньскам-Мазавецкім. Прусія ― Варшаву, большую частку Мазовіі, Беласточчыну й літоўскае Занямоньне. Кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі 25 лістапада 1795 г. зрокся трону на карысьць Кацярыны II.
На гэтым гісторыя незалежнай Рэчы Паспалітай скончылася. Тым самым была зьліквідаваная і незалежная Беларуская-Літоўская дзяржава. Амаль уся (акрамя Беласточчыны) тэрыторыя Беларусі была гвалтоўна ўлучаная ў склад Расейскай імпэрыі. Падчас напалеонаўскіх войнаў, паводле Тыльзыцкае мірнае дамовы 1807 г. паміж Расеяй і Францыяй, Беластоцкая акруга перадавалася Расеі. Такім чынам, праз 12 гадоў усе беларускія землі апынуліся пад уладаю расейскага царызму.
Пачалася новая эпоха ў гісторыі Беларусі, у гісторыі беларускага народу. Эпоха гвалтоўнай русыфікацыі, пазбаўленьня й выкараненьня нацыянальнай адметнасьці ды гістарычнай памяці, але і эпоха нацыянальна-вызвольнага руху, паўстаньняў, а потым ― і Адраджэньня.
III. Геапалітычнае становішча Беларусі ў XIX―XX стст. Беларусь ― стратэгічнае перадпольле Расейскай імпэрыі
Захоп Расейскаю імпэрыяй амаль усяе тэрыторыі Беларусі ў выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793 і 1795 гг.) і далучэньне да Расеі ў 1807 г. Беласточчыны паводле француска-расейскага Тыльзыцкага міру стварылі новую геапалітычную сытуацыю. Цяпер Беларускае-Літоўскае гаспадарства ў складзе Рэчы Паспалітай страціла незалежнасьць, і Беларусь сталася памежным краем магутнай тады Расейскай дзяржавы. Такім чынам, Беларусь становіцца аб'ектам (а не суб'ектам) міжнароднай палітыкі і цалкам выкарыстоўваецца расейскім царызмам у ягонай эўрапейскай палітыцы.
Тэрыторыя Беларусі ад канца XVIII ст. стаецца стратэгічным пляцдармам для войнаў у Эўропе, месцам сталага разьмяшчэньня вялікіх кантынгентаў расейскай арміі і адначасова перадпольлем на выпадак наступальнай вайны з боку праціўніка, каб затрымаць тут варожую для Расеі армію і пазьбегнуць матэрыяльных і людзкіх стратаў на тэрыторыі Расеі. У сувязі з гэтым на Беларусі ў XIX ст. будуюцца моцныя Берасьцейская й Бабруйская фартэцыі ды іншыя фартыфікацыйныя ўмацаваньні.
Адначасова выкарыстоўваюцца і людзкія рэсурсы Беларусі. Тутэйшае сялянства дагэтуль ня ведала вайсковай службы, бо ў беларускім-літоўскім войску не служыла. Расейскі ўрад адразу пачаў праводзіць у Беларусі рэкруцкія наборы сялянаў у армію з доўгатэрміновай (да 25 гадоў) салдацкай службай. Беларускую шляхту набіралі ў юнкеры і афіцэры расейскага войска. Яны служылі імпэратару і фактычна выконвалі ролю ляндскнэхтаў у імпэрыі заваёўнікаў. Такім чынам, беларусы ўдзельнічалі ў войнах, змагаючыся дзеля чужых інтарэсаў і мэтаў. Пасьля захопу Беларусь сталася крыніцай узбагачэньня ўладароў Расеі за кошт падаткаў з насельніцтва і выкарыстаньня ейнай эканомікі, але перадусім была вельмі важным стратэгічным аб'ектам, што прыкрываў кірункі на абедзьве сталіцы Расеі ― Санкт-Пецярбург і Маскву.
Гэтае становішча Беларусі царызм падмацаваў нутраной палітыкай, узяўшы курс у першыя дзесяцігодзьдзі свайго панаваньня на падтрымку тутэйшых памешчыкаў, дагэтуль амаль цалкам апалячаных. Каб захаваць у краі спакой, на іх распаўсюдзілі правы і прывілеі расейскага дваранства з усімі наступствамі.
Былі захаваныя ранейшыя навучальныя ўстановы на чале зь Віленскім унівэрсытэтам (з польскай мовай навучаньня ў іх). Захавалася таксама справаводзтва на польскай мове ва ўрадавых установах, і толькі некаторыя дакуманты, якія падпісвалі губэрнатары ды іншыя вышэйшыя чыноўнікі, прыежджыя з Расеі, ды справаздачы, што ішлі ў Пецярбург, пісаліся па-расейску.
1812 г. на некалькі месяцаў зьмяніў сытуацыю. Падчас француска-расейскай вайны тэрыторыю Беларусі (за выняткам паўднёвай часткі) у другой палове 1812 г. занялі войскі «Вялікай арміі» імпэратара Напалеона I. Дэкрэтам Напалеона ад 1 ліпеня 1812 г. было ўзноўлена Вялікае Княства Літоўскае ў складзе Віленскага, Менскага, Горадзенскага дэпартамэнтаў (губэрняў), а «ўласна беларускія» губэрні ―Віцебская і Магілеўская ― атрымалі сваё асобнае кіраваньне кожная. Гэтыя губэрні не далучылі да Вялікага Княства Літоўскага, каб падчас эвэнтуальных мірных перамоваў з расейскім імпэратарам Аляксандрам І іх можна было б саступіць Расеі ўзамен за прызнаньне ёю Вялікага Княства Літоўскага.
Урадавыя і мясцовыя органы былі складзены з тутэйшых памешчыкаў. Ураду Вялікага Княства Літоўскага ў Вільні, урадавым камісіям у Віцебску і Магілеве, мясцовым органам кіраваньня пастанаўлялася набіраць дабрахвотнікаў у польскія злучэньні Напалеонавай арміі, ставіць коней для кавалерыі й абозаў, зьбіраць прадукты й фураж для францускай арміі. Сытуацыя давала магчымасьць аднавіць Беларускую-Літоўскую дзяржаву. Але Напалеон ня выкарыстаў гэтага, а таксама не дазволіў Вялікім Княствам Варшаўскаму і Літоўскаму зноў аб'яднацца ў Рэч Паспалітую. Рэальнай улады мясцовае насельніцтва ня мела. Таму бальшыня тутэйшых памешчыкаў і шляхты не падтрымала Напалеона. Не падтрымалі і сяляне. Шанц адрадзіць Беларускую дзяржаву быў страчаны. Перамога Расейскай імпэрыі ў гэтай вайне перакрэсьліла ўсе пляны стварэньня самастойнага ці ў фэдэрацыі з Польшчай Вялікага Княства Літоўскага. Беларусь па-ранейшаму засталася падзеленай на губэрні пад кантролем расейскага ўраду.
Пасьля перамогі Расеі ў вайне з Францыяй і далучэньня да Расеі паводле пастановы Венскага кангрэсу ў 1815 г. большай часткі Польшчы (Каралеўства Польскага) на правох аўтаноміі перадавыя рубяжы былі перанесеныя на мяжу з Прусіяй і Аўстрыяй ― у раёны Каліша, Чанстаховы і Сандаміра, але для імпэрскага ўраду Расеі тэрыторыя Беларусі ня страціла свайго стратэгічнага значэньня. Яна і ў XIX ― пачатку XX ст. заставалася блізкім перадпольлем, дзе пастаянна знаходзілася вялікая колькасьць расейскіх войскаў.
Дзяржаўныя праекты XIX ст
Цяпер, калі Расейская імпэрыя тут замацавалася, былі адкінутыя спробы лібэралізацыі рэжыму, флірту з тутэйшаю шляхтаю й магнатамі. Пасьля задушэньня паўстаньняў 1831 г. і асабліва 1863 г. пачалася палітыка жорсткай русыфікацыі нашай краіны. Яшчэ раней, у 1811 г., цар Аляксандар І адхіліў праект вядомага палітычнага дзеяча канца XVIII ― першай чвэрці XIX ст. Міхала Клеафаса Агінскага (вядомы цяпер больш як кампазытар і аўтар палянэзу «Разьвітаньне з Радзімай»). Агінскі дарэмна спрабаваў пераканаць імпэратара ўзнавіць на тэрыторыі Беларусі, Літвы й Правабярэжнай Украіны былую Беларускую-Літоўскую дзяржаву з адным з братоў імпэратара на чале. Ён прапанаваў плян утварэньня такой дзяржавы з урадам з тутэйшых ураджэнцаў. Аляксандар І у 1813 г. адхіліў таксама праект князя Адама Юрыя Чартарыскага аб'яднаць Польшчу і Вялікае Княства Літоўскае на чале з братам Аляксандра I. Імпэратар заявіў А. Чартарыскаму, што расейцы «ніколі не дапусьцілі б, каб Літва (г. зн. Беларусь.― А. Г.), Валынь і Падолія зноў адышлі да Польшчы». Такім чынам, Расея разглядала Беларусь як сваю неад'емную здабычу.