На флейце самоты [Лірычныя мініяцюры ў жанры “танка”]
- Автор: Гилевич Нил Семёнович
- Год: 2004
- Язык: белорусский
- Год: Pro Christo
- ISBN: 985-6628-56-3
- Жанр: Прочая поэзия
Электронная книга - «На флейце самоты [Лірычныя мініяцюры ў жанры “танка”]». Краткое содержание книги:
«На флейце самоты» - кніга пяцірадковых лірычных мініяцюр, напісаных у жанры класічнага японскага верша «танка». Складаецца кніга з двух сшыткаў. У першым — «А святло ўсё ідзе» - лірычныя роздумы пра Бацькаўшчыну і яе лёс, пра часовае і вечнае, пра выпрабаванні для душы і сэрца на жыццёвай дарозе чалавека. Другі сшытак прысвечаны памяці той, якой не стала. У ім - несціханы боль і непазбыўны смутак. I невымернае пачуццё ўдзячнасці ёй і лёсу, які звёў дзве светламройныя пуцявіны ў адну.
Перейти на страницу:
Як мала тваіх
Выслухаў я ўспамінаў!
Усё адкладаў:
«Будзе на гэта старасць».
А старасці Бог не даў.
У кожнай кветцы —
Той, што ты пасадзіла,
Бачу, здаецца,
Твой, поўны суму, пагляд...
Можа, таму, што восень?
Знаю, якой ты
Ад Бога ка мне прыйшла —
Якой святлістай!
Знаю, што ўзяў у цябе.
А ці што даў — не знаю.
Ніводнай гронкі
Чорнай рабіны ў двары
Ніхто не сарваў.
Пакінута ўся драздам —
На дзяды. На памінкі.
Якую ўжо ноч —
Толькі пачну засынаць —
Боль працінае:
«Чаму ты крыўдзіў мяне?
Няўжо ты не знаў, хто я?»
Хаджу паплакаць...
Лепш, як побліз магілы
Нікога няма, —
Тады можна і ўголас.
Уголас не так баліць.
Кажуць і кажуць:
«Звыкнешся, боль ападзе,
Час, брат, — ён лечыць...»
Кажуць так шчыра, нібы
Вераць у гэта самі.
На фотаздымак
Гляджу, у вочы твае, —
Істолькі бачу!
Столькі крыўды і скрухі —
Што воўкам завыць хачу.
I чуецца мне
Ціхі журботны голас, —
Той, у палаце:
«А ружы ці зацвілі?
Праўда? То гэта добра...»
Нехта прыходзіў
I на курганок пад крыж
Цукеркі паклаў.
Выпадкова ці ведаў —
Тыя, што ты любіла.
Хмары зрадзелі,
I запылала сонца
На клёне ў вакне.
Так бывала, калі ты
Заходзіла ў мой пакой.
Божа, якою
Няшчаснай, пакрыўджанай
Ты ўранку была!
Хай бы я лепш не ўбачыў.
Хай бы я ноччу памёр.
Як ты трымцела
Над верай сваёй! I як
Змагалася ты —
З сабой і з цэлым светам, —
Каб той веры не страціць!
Радасці тыя,
Прагнуў якіх я, — былі
Д'ябла грымасы.
Знаў бы я, чым для мяне
Абернецца кожная!..
Ціха страсаю
З заледзянелых вянкоў
Шэрань і чую,
Як хутка ў нутро душы
Прабіраецца холад.
Наша з табою
Мы ўспаміналі разам.
Як люба было!
Успамінаць аднаму —
Цяжка, няўсцерп балюча.
«Паклёп іх і бруд
Ты не прымай да сэрца», —
Гэтак сказала
Мне на сустрэчы яна.
Сёння. У сне. У поўнач.
Вось і снег суздром
Укрыў магілу тваю.
Стаю і зябну.
I думаю пра сябе:
«Толькі каб не зімою...»
Сёння — паўгода...
Выйшаў на ганак у ноч.
Божа, якое
Чорнае неба ўгары!
Хоць бы адна дзе зорка!..
Ізноў і ізноў
Я вяртаюся ў тое,
Што не збылося.
Горка. Ды лепш, чым думаць
Аб тым, што не збудзецца.
Як кроплю расы
Долу баіцца праліць
Поўненькі венчык —
Гэтак баялася ты
Долю праліць няўмысна.
Ноччу пабачыў
Як ты ламала рукі —
Ад болю, ад мук —
Над цяжка хворым дзіцём...
I я зразумеў усё.
Што ты стрывала,
Сцярпела і вынесла —
Знаю адзін я.
Пэвен, што ў нашым краі
Святых жанчын больш, чым дзе.
З кім падзяліцца
Мне болем за родны край —
Так, як з табою?
Так — каб сляза у слязу.
Так — каб на клятву клятва.
Помню, спытаўся:
«Што ад мяне ім трэба?
Чаму так грызуць?»
I ты адказала мне:
«Душу не прадаў — таму».
Перейти на страницу: