Сама пайду дарогаю, голас пашлю дуброваю...
- Автор: Барадулін Рыгор
- Год: 2004
- Язык: белорусский
- Год: ГА Беларускае таварыства «Кніга»
- ISBN: 985-6605-19-9
- Жанр: Прочая поэзия
Электронная книга - «Сама пайду дарогаю, голас пашлю дуброваю...». Краткое содержание книги:
Зборнік «Песьні Матчыны з Вушаччыны» — нястомны праваднік па фальклору роднай для народнага паэта Беларусі Вушаччыне. Абрадавыя песні, напеўкі, смяшынкі-казытушкі: шчымлівыя й гуллівыя, дасціпныя й каларытныя, сціплыя й скаромныя. Сабраныя за бяседным сталом — памяці i ўдзякі маме паэта й крэўнікам, якія праз вякі пранеслі крывіцкае слова, неўміручае сваёй паганскай шчырасцю.
Перейти на страницу:
* * *
Не шчабячыце, дробныя пташкі,
У даліне,
He будзіце майго мілага
Ў пярыне.
Я маладзенька таму радзенька,
Што ён спіць,
Што ён маёй галовачкі
Не журыць.
Я за работку, ён за варкотку,
Я за ложачкі, ён за вожачкі —
Мяне біць.
* * *
Пушчу каня ў гарод,
Сама сяду ля варот,
А я косю прывяжу,
А я косю прыкажу:
— Не еш, кося, травіцы,
А еш, кося, красачкі,
Баравыя васількі.
А еш, кося, сена брок,
Вязі мяне ў чужы бок.
* * *
Ты, баравая зязюлечка,
Не кукуй рана на дуброве [1],
Не будзі мяне маладое.
Пабудзіць мяне свякроў мая:
— Ўставай, нявеста, дзідя мая,
На дуброве — на выгане.
A ўжо каровы на дуброве,
Дробныя статкі на даліне,
А ты маладая йшчэ ў пярыне.
* * *
Перад Пятром пятым днём
Разгуляўся Юр'еў конь.
Разгуляўся Юр'еў конь,
Разбіў камень капытом.
A ў камяня ядра няма,
A ў хлопцаў праўды няма.
Перад Пятром пятым днём
Разгуляўся Юр'еў конь.
Разгуляўся Юр'еў конь,
Разбіў арэх капытом.
A ў арэху ядро ёсь,
A ў дзяўчатак праўда ёсь.
* * *
Ля новага калодзеся
Два двараніны коні паілі,
Яны паілі ды гаварылі:
— Не бяры, брацец, багатую,
А бяры, брацец, худобачку.
У багатае коні, каровы,
A ў худобачку чорныя бровы.
Коні, каровы паздыхаюць,
Чорныя бровы век не зліняюць.
* * *
Ha вуліцы ля варот
Сядзіць жонак карагод
Кулаком зямлю прабілі,
Аб нявестак судзілі.
Адна кажаць: ласуха,
А другая: красуха,
А трэцця: ляніва,
Чацвёртая: драмліва.
* * *
— Чаму, Купалка, нявесела,
Краскамі вочкі завесіла?
— А як жа мне вясёленькай быць,
У мяне мамка няродная.
На вулку гуляці не пушчаіць,
У цёмну камору запіраіць.
Я маладзенька прамышлёна,
Я замочак паламала,
Выйшла на вулку, пагуляла.
* * *
Маладзіца маладая
Шэрых гусей прыганяла,
Прыганяла, прыгукала:
— Прывыкайце, шэры гусі,
I к зялёненькай травіцы,
I к сцюдзёненькай вадзіцы.
Я молада прывыкала
I к свёкарку i к свякроўцы,
I к дзеверу i к залоўцы.
Свёкар мовіць пасцель слаці,
A свякроўка разуваці,
Дзевер мовіць вады ісці,
Свякровачка кароў даіці.
Я молада паслухмяна
Усё робіла старанна.
* * *
На гарэ карыта
Поўна вады наліта.
Там дзяўчаты ходзілі,
Рукі-ногі памылі.
A хлопчыкі хадзілі,
Тую ваду выпілі.
ЖНІВА, ЖЫТА
А я у полі жыта жала...
* * *
Ішоў Бог дарогаю,
Дарогаю шырокаю
I з вялікімі снапамі,
I з даўгімі каласамі.
А хто Бога пярэйміць,
У сваё гумно заверніць?
A пераняў Бога Іванька:
— А ка мне, Божа, ка мне.
У мяне гумно вялікае,
Пярэплаты вісокія,
Пераклады [2] шырокія.
Ёсь дзе Богу пасядзеці,
На пераклады паглядзеці.
* * *
Нанясі, Божа, абалынку [3],
Дай, Божа, нам адпачынку.
Дай, Божа, нам кугакала [4],
Каб часценька плакала.
А мы б селі скалыхнулі,
Сярэдзінкі б адпачнулі.
* * *
Жыта маё ядраное,
Калоссіка залатое.
За тое сонцу хвала, хвала!
У нас сягоння вайна была.
Усё поле зваявалі,
Усё жыта пажалі.
Змялі поле мяцёлкаю,
Дамоў прыйшлі з вясёлкаю.
* * *
Рада, рада шэра перапёлка,
Што лета даждала, рада, рада.
Надаелі вялікія снягі,
Лютыя марозы надаелі.
Рада, рада наша гаспадынька,
Што жыта дажала, рада, рада.
Надаела жаркота-пякота,
Цяжкая работа надаела.
вернуться
1
На дуброве — на выгане.
вернуться
2
Пераклады — жэрдзі, якія не даюць снапу валіцца.
вернуться
3
Абалынка — аблачынка, воблачка.
вернуться
4
Кугакала — немаўля.
Перейти на страницу: