Непрычалены човен
- Автор: Акулiн Эдуард
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Жанр: Прочая поэзия
Электронная книга - «Непрычалены човен». Краткое содержание книги:
“Непрычалены човен”— новая кніга вершаў Эдуарда Акуліна. У ёй аўтар спрабуе знайсьці згублены бераг натхненьня, з болем азіраецца назад, дзе залітае “кінаварнай крывёю” ясьнеецца ў тумане ягонае страчанае паэтычнае “Радно”… Творчасьць Эдуарда Акуліна – гэта лірыка напоўніцу, без аніякіх дадаваньняў. Гэта рамантызм чыстае вады. Тут і каханне, і роздум над былым, і прыгажосьць навакольнай прыроды. Тут усё. Вершы цудоўна кладуцца на музыку, што, дарэчы, аўтар дасканала выкарыстоўвае. У Зборніку “Непрычалены човен” знойдзем вершы-прысвячэньні, вершы-разважаньні. Тут і тэма веры, рэлігіі, Бога й пакутніцкага шляху да Яго. Тут таксама баляды. У зборнік увайшлі і пераклады з літоўскай й украінскай.
Перейти на страницу:
І доўжыцца спрадвеку паляваньне,
За рацьцю раць стральцоў па сьледзе йдзе,
То хітры зьвер ад вечара да раньня
Іх на нябачным повадзе вядзе.
Ідуць стральцы. Згубіліся дарогі.
Зьбялела сонца ў небе, нібы косьць.
Ім мроіцца алень блакітнарогі,
І аксамітна-вогненная поўсьць.
Тут столькі стрэлаў страчана дарэмна,
Тут столькі лукаў зломлена тугіх…
Вастрэй стралы -- тут вока мець патрэбна.
Вастрэй за нож – тут мець патрэбна слых.
…Сяджу ў засадзе, сэрцам заміраю,
Як росны ліст ад холаду трымчу,
Стралу выцягваю і гэтак закладаю,
Каб нават вецер шолах не пачуў.
Такімі вось блакітнымі начамі,
У сэрца зазіраючы сваё,
Я бачыў зьвера з сінімі вачамі,
Што піў з крыніцы зорнае сьвятло.
І высьпеў стрэл. Глядзі, не прамахніся,
Сястра мая, страла, не падвядзі!
Ляціць страла, нанізваючы лісьце,
Ляціць страла, зьбіваючы гады…
А я стаю адзін у звонкай цішы,
Чакаю ўпарта сьнег на галаву…
Ды не стралу, а сэрца насадзіўшы,
Нацягваю тугую цеціву…
Перейти на страницу: