Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]
- Автор: Короткевич Владимир Семенович
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0898-0
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]». Краткое содержание книги:
Першая кніга распавядае нам пра «выйсце крыніц» якія выліліся ў раку гневу і змаганьня за незалежнасьць Беларусі. Нягледзячы на літаратурнасьць раману, адчуваецца натуральнасьць падзеяў. Кожны бачыць, як памірае стары сьветапогляд яшчэ з часоў перад падзеламі Рэчы Паспалітай, і нараджаецца новае пакаленьне, якому суджана пакласьці галаву для будучыні Беларусі. «Грушы накнавана абрынуцца ў Дняпро», але і «крыніцы нязьменна спалучацца ў імклівую раку».
Уладзімер Караткевіч доўга падыходзіў да раману, і цалкам верагодна, што меў задуму на працяг, але нягледзяячы ні на што менавіта «Каласы пад сярпом тваім» сталі сапраўднай вяршыняй творчасьці беларускага пісьменьніка і паэта, які заўчасна пакінуў гэты сьвет, каб назаўсёды злучыцца з роднай беларускай зямлёй.
Губа здзекліва глядзеў на яго.
— Чаго мне баяцца? Мне ўсяго жыцця з вераб'іныя нагавіцы. Ну і Сібір. Няхай. Ці не ўсё адно, адкуль да прабацькі Абрама на піва выпраўляцца…
— Ён яшчэ і блюзнерыць, ёмашнік стары… Патрэбен ты Абраму, парахня смярдзючая, — сказаў аконам.
Са старым Губой ніхто так не размаўляў. Абрам Абрамам, a павага патрэбна старому нават тады, калі ён скончыў зямныя справы. I таму пакрыўджаны Губа аскароміўся.
Аконам убачыў ледзь не пад самым сваім носам парэпаную цёмную дулю, нейкую вельмі доўгую і таму асабліва здзеклівую. I тады ён размахнуўся і сцёбнуў старога па пыльнай світцы, гарбатай на спіне.
I тут адбылося тое, чаго ніхто не чакаў ад заўсёды рахманага, паважна-маўклівага Корчака. Пэўна, і ён сам не чакаў, бо твар ягоны застаўся разважлівы і амаль спакойны. A рукі ў гэты час тарганулі з зямлі гaблі[45] і шпурнулі іх y аконама.
Вілы прасвісталі ў паветры і, дрыжучы, упіліся ў зямлю між расстаўленых аконамавых ног. Аконам збялеў.
A на яго ўжо насоўваўся натоўп.
— Гані адсюль!
— Паражняк адмяніў, поскудзь!
— Трэ-э-эці дзень!!!
— Плаці за згон!
— Рунь канямi топча, конаўка дурная!
Крык ап'яніў людзей, асабліва калі яны ўбачылі, што аконам ускінуўся ў сядло і прыпусціў уздоўж вясковай вуліцы. За весніцамі аконам кінуўся ўбок і паскакаў проста пожняй, без дарогі.
A ўзбуджэнне ўсё нарастала ў душах, і над натоўпам стаяў смех, ганарлівыя выгукі, свіст. Нясытае было лета, галодная будзе вясна — чорт з ёю! Чорт з ёю, абы на хвіліну прыйшлі ў душу патоля і гонар.
— Як гэта ты наважыўся, Корчак?! A каб пацэліў?
— Каб захацеў, дык пацэліў бы, — збянтэжана і трошкі горда пасмейваўся Корчак. — Што я, турак, каб y жывога хрысціяніна цаляць?
— Ды які ён хрысціянін?! Падла ён! Як жа… Згон дарма рабілі. A цяпер голад!
I гэта зноў звярнула думкі на крыўду.
— Слё-озачкі, — загаласіла нейкая баба. — Што ж ім спатрэбілася, зяпам ненаедным?!
— У старца кій адабралі!
— У дзяцей галодных кавалак з рота вырвалi!
Загаласілі і другія бабы. I з нарастаннем іхняга галошання нейкі цьмяны, лютаваты агеньчык загарэўся ў вачах y мужыкоў.
Нарастала нясцерпна балесная, ледзь не да слёз, крыўда. Яна патрабавала неадкладнага выхаду. I таму натоўп радасна выбухнуў, калі нехта кінуў:
— Спаліць Кроеравы сцірты… Хай ведае.
Натоўп зароў. Спадабалася ўсім.
— Не нам, дык і не яму!
— Палі!
З самаробнымі паходнямі рушылі знішчаць сцірты. Моладзь аддзялілася і пайшла паліць мэндлікі. Дзень пачаў захлынацца ў дыме… I дзіўна — ніхто не ўзяў ані снапа. Відаць, таму, што гэта быў не рабунак, a помста.
— Хай ведае!
— Носам наторкаць!..
…Спаліўшы збожжа, людзі вярнуліся ў вёску і сталі чакаць, што з гэтага будзе.
…Чакаць давялося нядоўга. Сонца яшчэ стаяла даволі высока, калі хлопец на верхавіне абшчыннага дуба заўважыў на дарозе з Кроераўшчыны пыл. Хацелі былі кінуцца ўпрочкі, але Корчак пераканаў, што няварта. Адзін чалавек — што ён такое без іншых? A калі тыя, што ішлі, наблізіліся, усім стала нават сорамна за свае думкі аб уцёках.
Ішлі дзесяць чалавек, a з імі ехаў коннік. A калі гэтыя дзесяць чалавек наблізіліся — людзі пазналі ў іх татар-вартаўнікоў, a ў конніку — паручніка Мусатава.
Аконам выпадкова застаў яго ў Кроераўшчыне і, смяротна перапалоханы, маліў яго, каб ён скакаў y Сухадол па дапамогу. Але ў паручніка былі іншыя планы. Бунт быў занадта шчаслівы выпадак, каб выпусціць ініцыятыву з рук, аддаць яе другому, застацца без рэпутацыі мужнага і дзейнага чалавека.
Зеленаватыя вочы Мусатава загарэліся прадчуваннем падзей. Небяспека — глупства: што робіцца без небяспекі? Яна надавала нават вострае адценне таму, што ён збіраўся рабіць. I таму ён прыкрыкнуў на аконама:
— Ану змоўч! Наробяць тут бязглуздзіцы, a ты выпраўляй… Колькі вартаўнікоў y маёнтку?
— Дзесяць.
— Давай іх сюды… A сам скачы ў Сухадол. Скажаш, пан Мусатаў сам рушыў y Півошчы… Хай не марудзяць.
Аконам глядзеў на яго з дрэнна прыхаванай пашанай і некаторым жахам. I гэта было добра: будзе сведка. У душы паручніка ўсё лікавала ад захаплення ўласнай хітрасцю. Хай y Сухадоле спяшаюцца. Гэта патрэбна, каб яго не абвінавацілі ў залішняй самаўпэўненасці. Але яны не паспеюць, яны проста не здолеюць паспець. «Малады і распарадны паручнік, які выпадкова аказаўся на месцы», зробіць усё без іх… Не трэба было толькі паказваць радасці. I таму ён спакойна аглядаў зброю татар.
45
Вілы.