Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]
- Автор: Короткевич Владимир Семенович
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0898-0
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]». Краткое содержание книги:
Першая кніга распавядае нам пра «выйсце крыніц» якія выліліся ў раку гневу і змаганьня за незалежнасьць Беларусі. Нягледзячы на літаратурнасьць раману, адчуваецца натуральнасьць падзеяў. Кожны бачыць, як памірае стары сьветапогляд яшчэ з часоў перад падзеламі Рэчы Паспалітай, і нараджаецца новае пакаленьне, якому суджана пакласьці галаву для будучыні Беларусі. «Грушы накнавана абрынуцца ў Дняпро», але і «крыніцы нязьменна спалучацца ў імклівую раку».
Уладзімер Караткевіч доўга падыходзіў да раману, і цалкам верагодна, што меў задуму на працяг, але нягледзяячы ні на што менавіта «Каласы пад сярпом тваім» сталі сапраўднай вяршыняй творчасьці беларускага пісьменьніка і паэта, які заўчасна пакінуў гэты сьвет, каб назаўсёды злучыцца з роднай беларускай зямлёй.
Можа, нічога і не было б, але нашкодзіў год.
Рунь з восені добра пайшла пад снег, добра выйшла ўвесну з-пад снегавой коўдры і на Юр'я вырасла ўжо такая высокая, што не толькі варона магла ў ёй схавацца, a i вадзяны бугай, каб пала яму ў галаву такая дурынa: кідаць дзеля палёў свае сітнягі. I тут па ўсім наваколлі выпаў страшэнны град, захапіўшы паласу ад Магілёва і ледзь не да Гомеля. Градабой быў такі, што цэлыя кавалкі лёду падалі на беднае жыта, і яно палягло ўшчэнт.
Улетку давялося туга, і, можа, людзей нават зусім чакаў бы страшны зімовы голад, каб не добрая гародніна і неблагая ярына.
Нядрэнна было ў Загорскіх, y Вежы, y Раўбіча, яшчэ ў трох-чатырох гаспадароў, дзе зямля не была спустошаная. Мужыкам іншых паноў магло хапіць летняга ўраджаю хіба што да пятага тыдня вялікага посту.
I вось Кроер учыніў півошчынцам агульны згон, бо гарачая пара не чакала. За тры дні жыта на яго нівах стаяла ў мэндліках, a частку нават звезлі да панскіх гумнаў, пачаўшы складаць сцірты. Людзі ішлі на працу ахвотна, бо сям'я з пяцёх чалавек — сваю работу скончылі — магла зарабіць за гэтыя дні сама меней тры рублі, a гэта азначала — як на галодны год — восем з паловай пудоў жыта, — можна неяк перабіцца да шчаўя, да «грыба бедных» — смарчка, да першай рыбы, як толькі спадзе весняя палавень.
…Надвячоркам трэцяга, пасля пачатку згону, дня Кроераў аконам аб'явіў людзям, што згон не будзе аплачаны, што за яго не будуць плаціць і надалей.
Людзі стаялі на вясковай плошчы, пад абшчынным дубам і слухалі яго.
У кожнага стаяў перад вачыма той месяц з лішнім, які цяпер не было як пражыць. Мужыкам бачылася Бэркава карчма, дзе трэба было нішчымна, толькі каб уцячы ад міжвольных хатніх папрокаў, сядзець усе гэтыя дні, бабам — прагныя і вечныя, як лёс, чалеснікі-печкі, якая кожную раніцу патрабавала ахвяр.
Але ўсе маўчалі.
Збянтэжаны гэтай акалічнасцю аконам (пан загадаў, y выпадку чаго, пайсці на маленькія ўступкі) прапанаваў пяць капеек на дзень. I тут Янка Губа, самы стары дзед на сяле, выступіў з натоўпу:
— Мы не жабракі, каб нам замазвалі глотку шасцю фунтамі ў дзень. Мы не па дварах просім, мы просім сваё, спрадвеку ўсталяванае.
Вочы яго былі, як y пакрыўджанага спакойнага дзіцяці.
— Ён пакрыўдзіць нас надумаўся… Што ж, хай падавіцца нашым хлебам… A за сіроцкія слёзы здохнуць яму без пакаяння… A раней таго няхай ведае — не будзе плаціць за згон, як то дзядамі заведзена, — ніхто не пойдзе на згон. Паншчыну адробім, a згон няхай вырабляе ўдвох з табою, аконам.
Аконам быў чалавек неразумны і ўзгарэўся:
— Тады хрэна вам замест хлеба. Жарыце зямлю… Хто яшчэ пагражаць будзе? Хто?! Халуі бязмозглыя! Вы ж бачыце, які цяжкі год. Хіба не пан дае вам пазыкі?! Хіба не ён за вашы нядоімкі перад дзяржавай адказвае сваімі грашыма?!
— За гэта мы на яго і працуем. Але нядоімак за намі не вялося. Пазык таксама. A калі гэтай вясной і давядзецца пазычаць з яго панскай літасці, то ў каго хочаш будзем пазычаць, толькі не ў яго, аспіда нясытага. Карчмару абразы ў заставу аддадзім, бо ён толькі што нехрысць, a ўсё лепшы за яго, пашчу ненажэрную.
— Пад зброяй пойдзеце, — кiнуў пагрозу аконам.
I тут выступіў з радоў зусім яшчэ малады, год дваццаці васьмі, півошчынскі мужык па прозвішчы Корчак, працавіты бацька двох дзяцей. Толькі што вярнуўся са сціртаў (больш за ўсіх стараўся чалавек, бо сям'я ў бацькі была падзеленая і здабытчыкаў, акрамя яго, не было) і таму быў з віламі. Убіў іх y зямлю і спакойна абапёрся на дзяржальна.
— Не пагражай, аконам. Бог за пагрозы нявіннаму не даруе.
Стаяў перад аконамам бялявы, як лён, глядзеў чорнымі дрымучымі вачыма.
— A на згон не пойдзем. Калі пад зброяй павядуць, дык такую і працу атрымае пан Кастусь. Хай жаўнеры штыкамі снапы носяць.
— Зачыншчыкi! — сказаў аконам. — Ясна.
I дастаў з кішэні кніжку і аловак.
— Не дамо пісаць! Не дамо! — захваляваўся натоўп. — Чорт яго ведае што ён там напіша… A потым пячаць ляпнуць — і прападай душа.
Абураныя людзi купчылiся вакол старога Губы.
Першы не стрываў Васіль Гарлач, чалавек y беднай, але чыстай, старанна залапленай світцы:
— Ды што ж гэта такое?! За што?! За нашу крыўду ды яшчэ і пісаць.
— Нядобра робіш, аконам, — сказаў Корчак. — Глядзі, каб не рыгнулася.
— Дык вось як? — пыхнуў аконам. — Добра. Яшчэ і пагрозы. Глядзіце, мужыкі. Усё гэта вам прыпомняць. I ад згону адмову, і абразу пану, і… тое, што іконы святыя закласці іудзеям сабраліся… Кубло гадзючае! A табе, Губа, як завадатару, не мінуць і Сібіры.