Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]
Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове] - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]». Краткое содержание книги:

Раман у двух кнігах «Каласы пад сярпом тваім» прысьвечаны падзеям напярэдадні паўстаньня 1863–1864 гадоў у Беларусі.
Першая кніга распавядае нам пра «выйсце крыніц» якія выліліся ў раку гневу і змаганьня за незалежнасьць Беларусі. Нягледзячы на літаратурнасьць раману, адчуваецца натуральнасьць падзеяў. Кожны бачыць, як памірае стары сьветапогляд яшчэ з часоў перад падзеламі Рэчы Паспалітай, і нараджаецца новае пакаленьне, якому суджана пакласьці галаву для будучыні Беларусі. «Грушы накнавана абрынуцца ў Дняпро», але і «крыніцы нязьменна спалучацца ў імклівую раку».
Уладзімер Караткевіч доўга падыходзіў да раману, і цалкам верагодна, што меў задуму на працяг, але нягледзяячы ні на што менавіта «Каласы пад сярпом тваім» сталі сапраўднай вяршыняй творчасьці беларускага пісьменьніка і паэта, які заўчасна пакінуў гэты сьвет, каб назаўсёды злучыцца з роднай беларускай зямлёй.
1 ... 38 39 40 41 42 43 44 45 46 ... 154
Перейти на страницу:

Зноў страшны ўздых.

— Божа, якая поскудзь! Якая брыдота! Свежае губяць. Шворкай, маной, крывадушнасцю… Чаму я быў за мяжою ў той дзень… Я ведаю, гэта было ад страшнага адчаю… Яны выйшлі, pour se faire mitrailler…[41]

— Chut! il n'e faut pas parler[42]. Ix ycё адно не вернеш.

— Так, іх не вернеш. A як пачыналі! Помню, y доме Лаваля… Спрэчкі да раніцы! Гарачыя маладыя вочы, дым, словы з-пад самага сэрца… Кандраша Рылееў, друг, такі светлы, пухам яму любая зямля… Так подла яго падманулі на допыце!.. Даверлівыя былі, добрыя, чыстыя. Дзеці!.. Святло было ў душах.

Памаўчаў.

— A тыя, што ёсць, лепей бы не заставаліся.

— Як можна, — сказаў бацька. — Упікаць за жыццё нельга, граф.

— A пачыналі ж мы, — з нейкім нават злосным смяшком сказаў граф. — Мы, недабітыя. Нацярпеліся жаху, пакуль нас было мала, і аддалі стырно другім, якія палалі, a цяпер студзяць свой агонь y галадайскім пяску ці ў сібірскіх снягах… Вы ж мелі шчасце сустракацца з Міхаілам Мікалаевічам?[43] Самы разумны з усёй гэтай камарыллі. I ніяк не можа забыць грахоў маладосці, Ліс Патрыкеевіч. Кідаецца ва ўсе бакі, слухае кожны вецер, абы толькі сабе не пашкодзіць. Пачакайце, ён яшчэ дасца ўсім y знакі, я яго ведаю… A гэта ж мы, гэта мы прымалі ў кола першых. Я ўспомніў Пушкіна… Дык вось бліжэйшага ягонага сябра прымала ў грамаду гэтая свіння з тытулам графа. I вось Пушчын y Сібіры, напэўна, памёр, a свіння жыве, робіць выгляд, што забыла маладыя сумленныя словы. Да яшчэ, напэўна, кажа пра «гарачую маладосць», што «мы таксама былі такія», што «ўсё гэта пройдзе». A загадаюць — будзе вешаць гэтую моладзь… Няма горшай свінні, чым адступнік. Былі франдзёры, a цяпер адзін дзяржаўны муж, a другі — к-хат!!! О божа, божа!

— Супакойцеся, граф, не трэба.

— Жыць не трэба, калі здрадзіў ахвярніку, калі кадзіш кату, вось што я вам скажу, князь… Жыць не трэба… Не трэба хаваць галаву ў пясок. Гераічная эпапея! Вялікі эксперымент! Вось чым ён скончыўся. Трупамі і здрадай. Былі юныя, чыстыя сэрцам людзі, a цяпер старыя мярзотнікі, якія загубілі радзіму.

Спалоханы гэтымі словамі такога спакойнага з выгляду чалавека, Алесь ціха выйшаў з пакоя.

Ён ішоў y цемры да вельмі далёкага, амаль нябачнага святла, што прабівалася наперадзе праз вузкую шчыліну. Глуха гучалі крокі. За вокнамі ледзь вымалёўваліся ў цемрыве ночы пагрозлівыя шаты паркавых дрэў. Там, за асветленымі дзвярыма, чакалі Майка і сябры, там была радасць…

Ён ішоў, a ў вушах яго ўсё яшчэ гучалі прыглушаныя словы:

— Ténèbres! Ténèbres!

IX

У Півошчах адбылося так.

Вёска была вялікая, на чатырыста рэвізскіх мужчынскіх душ, і жыла з рыбалоўства — багатыя і сярэднія мужыкі арандавалі ў свайго пана рыбныя тоні на незлічоных старыках Дняпра — і возніцтва. Зямлі было не так ужо і многа, дый тая напалову ўрадлівы лёсавідны суглінак, a астатняя — пясок ды цяжкая гліна. Півошчы ляжалі на пясчаных пагорках, абкружаныя з трох бакоў старыкамі і мокрымі плаўнямі.

Півошчынцам з гэтай прычыны было лягчэй, чым сялянам Кроераўшчыны, другой вёскі пана Канстанціна. Там шэсцьсот астатніх рэвізскіх душ жылі на зямлі, багацей за якую была толькі зямля Загорскага-Вежы, і спаўна адраблялі ўрокі. Ім даводзілася тры дні на тыдзень, па ўмове, працаваць ад цямна да цямна, a з пятнаццатага мая па пятнаццатае жніўня — з пяці гадзін раніцы да заходу сонца.

Працавалі многа, як быццам пан Кроер меў не тысячу душ, a нейкіх няшчасных сто. Многа яшчэ і таму, што Кроер y свае сорак пяць год хадзіў ycё яшчэ «ў дзяўкох», a такія звычайна выдаткуюць меней. Але ж вядома, нежанаты пан часам большая бяда, чым той, y каго пяцёра дзяцей. A ў Кроера быў яшчэ і няшчасны для мужыкоў разгульны характар. Жаніцца ён наогул не хацеў і яшчэ больш не хацеў пасля смерці павялічваць багацце Загорскіх, якім пераходзілі ў спадчыну цераз маці Алеся, «любенькую стрыечніцу, святую дурніцу», вёскі пана. Таму пан Канстанцін і разбаляваўся так. Супыну на яго не было.

Таму мужыкі і працавалі на яго лішні дзень, чым гэта заведзена было ў больш дробных паноў, што ледзь ліпелі на сваіх лічаных валоках.

I гэта ў той час, калі па ўсім Прыдняпроўі звычаёвае права прадугледжвала два дні паншчыны. Два дні па чатырнаццаць гадзін. Патрабаваць большага — паны ведалі — нявыгадна. Звычаёвае права вялося ледзь не з літоўскіх часоў, калі трэба было дагаджаць, каб памежныя землі не чынілі здрады, і за стагоддзі так уелася ў плоць і кроў жыхароў, што мяняць яго было проста небяспечна: пачнуць працаваць цераз пень-калоду, не будуць сачыць за панскімі земляробчымі прыладамі, пераламаюць іх — «гары яны ясным гарам, калі такая ўжо справа». A тады палі зарастуць гірсай, і скулле ўжо атрымаеш з іх.

вернуться

41

Каб падставіць сябе пад кулі (франц.)

вернуться

42

Цішэй! Не трэба аб гэтым гаварыць (франц.)

вернуться

43

Мураўёў М. М.

1 ... 38 39 40 41 42 43 44 45 46 ... 154
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)