Жар кахання [Апавяданні пра жанчын]
- Автор: Далідовіч Генрых
- Год: 1996
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 985-02-0003-0
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Жар кахання [Апавяданні пра жанчын]». Краткое содержание книги:
Рэдактар: І. І. Канановіч
— Што гэта з табой? — нібы здзівілася яна. — Нечакана на паэзію перайшоў!
— Алеся, — ціха сказаў ёй. — Ты адна, я адзін, давай разам пасядзім. Вып'ем добрага віна, пагамонім. Карацей, паехалі да мяне.
Тут жа яна кемна паківала яму перад носам пальчыкам:
— Ну-ну, халасцяк! Дакладу Алёне!
— Алеся, — прамовіў усхвалявана, з тым хваляваннем, што накочвалася некалі, у маладосці. — Мне вельмі хочацца пасядзець i пагаварыць з табой.
— Вось вернуцца Алёна i Юра — давай сустрэнемся, адновім нашы сяброўскія традыцыі, — адвяла ўбок гамонку яна.
— Я не пра тое. Я хачу сустрэцца з табой сам-насам.
Алеся, адчуўшы, як адмыслова змяніўся яго голас, чэпка i трошкі палахліва (як тады, на сваёй кухні) зірнула:
— Ты штосьці задумаў...
— Задумаў...
— Засумаваў без Алёны? — пагарэзавала.
— Не зусім. Я засумаваў па табе.
— Вось як! Так сумаваў, што за пяць гадоў ні разу не пазваніў!
— Але гэтыя гады зрабілі сваё...
— Што?
— Без ix не была б такая радасная сённяшняя наша сустрэча. Яна ўразіла i абудзіла мяне.
— Чым? — усміхнулася Алеся. — Тым, што мы дружна працавалі?
— Мяне ўразіла ты. Рухавасцю, спрытам, сваёй жаноцкасцю. Я сёння адчуў: кахаю цябе. Лепш сказаць, я кахаў цябе i раней, толькі не прызнаваўся ў гэтым нават самому сабе.
— А цяпер прызнаешся?
— I сабе, i табе.
— Не трэба, Міхась, — сказала яна. — Ты жанаты, я замужам. З тваёй Алёнай мне няпроста, яна ганарлівая, але я паважаю яе. Я не магу зрабіць ёй дрэнна.
— Я разумею цябе. Але ж, павер, я адчуў: кахаю.
— Ты ж, усе кажуць, ідэальны муж, бацька. Вы — узорная сям'я.
— Але ж я, Алеся, жывы чалавек, i мне ўсё чалавечае не чужое. Ці ты лічыш, трэба змагацца з тым, што ў сэрцы?
— Можа, i трэба.
— Можа. Але гэта глуміць пачуццё, збядняе свет, радасць, шчасце, жыццё.
Карацей, колькі ехалі, Міхась угаворваў завітаць да яго, але Алеся адмаўлялася. Дома сёння ён не толькі адчуваў неспакой, ён быў сам не свой. Ён не проста жадаў, каб быць з Алесяй побач, ён адчуваў маладое хваляванне, а разам з гэтым усё глыбей i глыбей тануў у супярэчнасці: што рабіць? Калі будзе дабівацца Алесі, дык будзе мець грэх перад жонкаю i дзецьмі, ступіць на шлях распусніка, ці што. Ці, можа, пачуццё да Алесі нечаканае i нямоцнае? Можа, яно паволі ацішэе i адыдзе?
Назаўтра чакаў: можа, Алеся пазвоніць першая. Скажам, з жартам запытае: «Прайшло тваё каханне, выкліканае нашай сустрэчай?» Але яна не падала голасу. Паслязаўтра, хвалюючыся, як хлапчук, ён пазваніў ёй на працу сам (дома ў яе не было тэлефона).
— Ты — што? — здзівілася яна. — Сур'ёзна? Я ўжо забылася пра тую нашу размову. Палічыла: яна — жарт.
— Не жарт.
— Дык няхай будзе жартам. На гэта ёсць сотня прычын.
— Але ёсць сто першая, каб ты ўсё ж была маёй жаданаю госцяй.
— Не-не.
На наступны дзень ён узмацніў тэлефонную атаку.
— Міхась, — папрасіла Алеся, — паразваж, астудзіся. Падумай: што будзе, калі гэта здарыцца? Я маю на ўвазе не толькі, што пра гэта могуць уведаць Алёна i Юра... Гэта ж — вялікі пералом. Ты гатовы да яго?
— Здаецца, гатовы.
— Бачыш, сам кажаш: «здаецца...» А я не гатовая. Я — сем'янінка ад пят да галавы.
— Але ж ты ад пят да галавы чалавек, жанчына. А я — мужчына.
Ён настойваў i ўрэшце дабіўся ад яе: «Я падумаю».
Як ён чакаў канца рабочага дня ў яе бухгалтэрыі! Вярнуўшыся дамоў, падыходзіў да аднаго i іншага акна — выцікоўваў Алесю сярод люду на тратуары ці ў сваім двары, то падыходзіў да тэлефона альбо да дзвярнога вочка: вось-вось яна пазвоніць ці будзе цокаць абцасікамі, падымаючыся на іхні другі наверх! Ён i баяўся, i жадаў гэтай сустрэчы, што, канечне ж, павінна шмат змяніць у ягоным жыцці.
Дачакаўся. Пазваніла. Па тэлефоне.
— Гэта я, — падала голас толькі тады, калі ён, можа, разоў сем выдыхнуў «алё». — Я не магу прыйсці.
— Чаму? — запытаў апалым голасам.
— Ну, як ты не разумееш усяго?
— Разумею, але...
— ...але, — перахапіла яна ход ягонай думкі, — у цябе ёсць Алёна, Валерык i Дзімка, a ў мяне — Юра, Сярожка. Разумееш гэта, муж i бацька?
— Разумею, але ёсць i Яны — Ён i Яна. Я i ты. Яшчэ маладыя людзі, якія мала чаго бачылі ў жыцці. Што да мяне, кажу ж, я закахаўся. Не па-юнацку, слепа, а па-сталаму, глыбока. Чуеш?
— Ты, мабыць, прыдумаў штосьці сам сабе.
— Можа, прыдумаў. А можа, i не. Ды гэта не тэлефонная размова.
— Я званю з вуліцы. Пераканай мяне, што трэба прыйсці, дык прыйду.