Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба
- Автор: Ипатьева Ольга Михайловна
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Неман
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба». Краткое содержание книги:
Тады ёй пашанцавала так, нібыта несьлі дзяўчыну на крылах самі залатыя браты Ашвіны. А можа, і сапраўды яны паслалі ў тыя кароткія імгненьні, калі яна, скочыўшы ўніз, не зламала нагі і кінулася да дарогі, той карычневы вазок з залацістымі ўзорамі? У ім з гасьцяваньня вярталася дахаты багатая ўдава Вольха, некалі закаханая ў ейнага бацьку Леся. Удава пазнала дзяўчыну, схавала яе ў свой вазок, а пасьля прывезла дахаты. Яна ж узрадавала Кругляца вестачкай аб сястры, і гэта па задуме Вольхі замест сапраўднай Бярозкі ў замку пад ейным імем атабарылася іншая. Яна павінна была выбраць патрэбную хвіліну і патрапіць да вязьняў. Бярозку ж разам з яе бацькамі паслалі ў Чэхі, дзе яны змаглі адкрыць уласную карчму на грошы, шчодра ахвяраваныя Кругляцом.
Вольха надта старалася надаць Уне іншае аблічча, каб, ня дай Мокаш, не пазнаў яе хто са знаёмых. І праўда, было аднойчы, калі памочніцы малодшага кухара давялося несьці вячэру ў вартоўню: галоўны стражнік Воўк неяк дзіўна прыглядаўся да яе, пакуль яна разьлівала па тарэлах поліўку. Уна нават зьніякавела ад таго, хаця попельныя валасы яе, пафарбаваныя гарэшкамі альшыны, выглядалі касматымі і грубымі, а начарнёныя тым жа гарэшкам бровы зусім перайначылі яе прыгожы і пяшчотны тварык. Яна ўпарта шукала хаця якой зачэпкі трапіць да братоў. Аднак, хаця як і належала тое памочніцы, начавала яна ў пакойчыку каля кухні, каб першай, яшчэ да сьвітаньня, распальваць печ, за ўвесь тыдзень ні разу не давялося нават наблізіцца да лесьвіцы, якая вяла ў падзямельле: варта дзень і ноч пільнавала сховы. І тады разам з братам яны прыдумалі іншы план — дзёрзкі і нечаканы, з сонным парашком у віно стражнікам і вызваленьнем Кумца і Няжылы.
Але тыя разьлікі ня зьдзейсьніліся. Упартасьць Кумца здавалася неспасьцігальнай, і ўсе вырашылі: яго акруціў Злыдух і памуціў розум хлопца.
Праўда, слуга Рамша з асьцярогай выказаў шкадаваньне, што гаспадары не зьвярнуліся да галоўнага жраца храма Сварога Лойкі. Шапталіся ў народзе, што перад Лойкам расчыняюцца ўсе дзьверы таму, што некалі прыдбаў ён чароўную разрыў-траву. Ня кожны вядун можа яе дастаць, бо шлях да яе акрутны: замазаць глінай гняздо адной з вешчых птушак — сойкі, сарокі альбо савы, каб тыя птушкі не маглі насіць ежу сваім дзеткам. Паляціць тады птушка-маці шукаць разрыў-траву, каб ёю прабіць загароду і накарміць птушанят. А калі паляціць тая трава ўніз, трэба пільнаваць пад дрэвам, разаслаўшы белы абрус, а пасьля разрэзаць правую далонь і зашыць пад скурай чароўнае зельле. Тады, калі штурханеш гэтай рукой любыя дзьверы, яны расчыняцца.
— Чаму ж не даўмеўся Лойка таемна прабрацца ў хату да Дзівейны, каб там знайсьці каралі? — загаварыла было Уна, ды абсеклася. Нягожа Лойку шныпарыць па чужых хатах, як якому вышуканцу ці віжу! Але Рамша растлумачыў па-іншаму:
— Людзі кажуць, што яго спыніла Нара. Мацнейшаю яна аказалася за Лойку. Ды толькі травы ў яе няма — не далася ёй разрыў-трава, бо ня кожныя рукі прыдатныя да таго!
Ніхто не гаварыў пра самае балючае: нашто была тая разрыў-трава, калі ўсе іхнія высілкі ўсё роўна сталіся марнымі!
Той жа ноччу Уна, зноў пераапрануўшыся хлопцам, як і тады, калі прыходзіла ў замак, ад’ехала ў Нямеччыну. Кумец застаўся ў Вільні. Наўрад ці дазнаюцца возны ці кашталян Нарбут аб тым, што зьніклая з замку Бярозка была насамрэч ягонай сястрой Унай. Ніхто ня мог ведаць аб тым. Яны пабачыліся ў замку толькі аднойчы, калі яна перадавала кругляк з нумарам, які трэба было падкінуць да вартаўнікоў, і ў скрыпторыі, як і па ўсім доўгім калідоры, тады не было ніводнае душы.
З таго дня, як іхняе з Унаю мірнае, спакойнае жыцьцё перапыніў вярхоўны жрэц, а любімая сястра мусіла хавацца і будучае для яе нібыта зьнікла, ён перастаў спаць па начах. Ляжаў, утаропіўшыся ў столь, глядзеў, як цені ад сьвечкі трапечуць па чырвоных цаглінах, як варушацца па кутах тонкія, ледзь улоўныя абрысы нейкага іншага жыцьця, якое — ён адчуваў гэта — пранізала іхні час і іхнія лёсы. Можа, гэта былі душы продкаў, якія спачувальна спрабавалі ахутваць іх заслонай ад няшчасьцяў, а можа, гэта ажывала будучае, якому ніякай справы не было да таго, што адбудзецца з ім і Унай.
Яе каханьне забрала цямніца. Але і ейнае жыцьцё сталася цямніцай. На яе наладзіў паляваньне сам вярхоўны жрэц, і калі б яна засталася тут, ягоныя віжы-выжлы рана ці позна выйшлі б на сьлед, сястру знайшлі б, каб аддаць у ахвяру Перуну. Выйсьця не было — ні яму, ні ёй.
План, які здаваўся яму самым дзейсным — каб Кумец разам з Унай і братам выехалі ў іншую краіну, не ажыцьцявіўся. А мог бы. Яны, зацныя людзі Княства, не прывязаныя да аднаго месца, ім адкрыты ўвесь сьвет. Багацьця ягонай сям’і дастаткова было для таго, каб сястра атрымала тое адзінае, чаго яна хацела і чаго заслугоўвала сваёй прыгажосьцю і самаахвярнасьцю — каханага мужа.