Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба
- Автор: Ипатьева Ольга Михайловна
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Неман
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба». Краткое содержание книги:
На чацьвёрты дзень, адзінока седзячы ля адчыненых наўмысна дзьвярэй у вялікай залі, застаўленай куфрамі з кнігамі і сьпіскамі, бяздумна ўчытваючыся ў словы грэчаскага пергамена аб узяцьці вялікай Троі, ён пачуў шэпат, які, адбіваючыся ад вузкіх сьцен, быў выразна чуцён у скрыпторыі:
— Пачакай, яна яшчэ ня сьпіць…
Ён ціха спусьціўся па лесьвіцы, стараючыся, каб каптан не зачапіўся за шурпатую паверхню сьцяны, каб тоўстыя дубовыя масьніцы не рыпелі пад ботамі, і асьцярожна вызірнуў з-за вуглавога каменю, што востра вытыркаўся з каменнай кладкі.
Зімовае сонца з верхніх акенцаў залатымі чатырохкутнікамі клалася на шэрую каменную падлогу, высьцеленую каля пакояў княгіні калматымі баранковымі скурамі, высьвечвала звычайна цёмныя і панурыя куткі прасторнага калідору, ясна паказвала тых, хто, магчыма, хацеў бы схавацца ад яго — пакаёўку старэйшай князёўны Гайну і новую прыслужніцу вялікай княгіні, чарнавалосую і высокую Зязюлю, якую Марыя загадала пахрысьціць як Васілісу, бо не жадала карыстацца паслугамі язычніцы. Васіліса была ў клятчастай хусьце, накінутай на блакітную кашулю з чырвоным аксамітавым гарсэтам, Гайна ж была ў зялёным каптанчыку са срэбнай аблямоўкай.
Дзяўчаты шапталіся, але маладыя душы яшчэ не навучыліся лаўчыць і хітраваць па-сапраўднаму, таму галасы іхнія гучалі даволі гучна і выразна, так што Круглец чуў кожнае слова:
— А што, калі гаспадарыня загадае праводзіць сьледства? — турбавалася малодшая, спалохана азіраючыся па баках.
— Стрыга цябе забяры, дзяўчына! Няўжо мала табе двух срэбных талераў?
— Ня мала, не, але ж жыцьцё даражэйшае…
— Няма ўжо калі перарабляць усё, што задуманае, чуеш — няма, — Гайна павысіла голас, і Зязюля-Васіліса спалохана зашыпелала:
— Цішэй, яшчэ пачуе хто!
— А ты рабі тое, што абяцала!
— Баюся, галубачка, ой баюся.
Гайна выпрасталася. Круглец ня бачыў вачэй пакаёўкі, але з тым большай увагай глядзеў на невялічкі скрутак у ейных караткапалых, моцных пальцах, і белым ільняным скруткам гэтым яна ткнула ў грудзі сваёй суразмоўніцы:
— Калі ты, Стрыга цябе забяры, не пакладзеш іх туды, куды мы дамаўляліся, ты не пражывеш і тыдня. Чуеш ты — нават тыдня! Вялікая княгіня павінна надзець іх сёньня!
— Чаму — «іх?» — падумаў Круглец. — Што там такое — «яны»?
І ў той жа момант ён раптам здагадаўся, што было ў белым невялічкім скрутку. Гэта маглі быць толькі смарагдавыя каралі, якія вось ужо некалькі тыдняў шукалі патаемныя службы войта, і якія належалі вялікай княгіні.
Першым памкненьнем яго было жаданьне кінуцца да дзяўчат і выхапіць скрутак з рук Гайны, затым абвясьціць пра сваю знаходку варце і самому войту, каб ужо яны дазнаваліся, як апынулася гэтая каштоўнасьць у руках пакаёвак. Аднак абвостранае ўяўленьне адразу падказала яму, што будзе далей: Гайна падніме крык, што гэта ЁН трымаў у руках смарагды, што гэта ЁН быў злоўлены тут як злодзей. І гэтая, другая, пацьвердзіць усё, што скажа першая. І падчашы знойдзе яшчэ пару сьведкаў, якія будуць пераконваць вялікага князя, што бачылі яго тут з гэтым скруткам…
Ён, сьцяўшыся, чакаў далей. І ўбачыў, як, апусьціўшы галаву, узяла скрутак Зязюля-Васіліса, сунула яго сабе ў гарсэт, прамармытала:
— Пайду. Можа, яна яшчэ не прачнулася. А калі ня сьпіць, то я іх… заўтра…
— Сёньня, да заходу сонца. Што хочаш рабі, але яна павінна іх надзець… сёньня! Так паказала гаданьне. Заўтра прыязджае лекар з Візантыі, з гары Афон — чула пра такую? — патрабавала Гайна.
Зязюля-Васіліса шчыльней захутала шыю хустай, згорбілася і, адчыніўшы дзьверы ў пакоі сваёй гаспадыні, панура ўвайшла туды. Гайна сачыла за ёю, пасьля пругка, як зьмяя, пацягнуўшыся, азірнулася навокал і, хутка падабраўшы спадніцу, пашыбавала ў накірунку да пакояў старэйшай князёўны, што месьціліся ля супрацьлеглага ўваходу. Прайшоўшы некалькі крокаў, яна нібыта адчула погляд Кругляца, неспакойна паматляла плячыма, нібыта адганяла назойлівую муху, і зноўку хутка, ледзь схіліўшы галаву, агледзела ўсё навокал. Але ён ужо паднімаўся наверх, прыгнечаны і задуменны, абдумваючы, што трэба рабіць яму, і рабіць неадкладна…
Ён ня бачыў, што за ім краўся цень, разрастаючыся па сьцяне, дастаючы галавой высокую столь. Цень размахнуўся даўбешкай… Удар па галаве, храбусьценьне костак — і Круглец грымнуўся на каменную падлогу бяз памяці. Ён ужо ня чуў, як яго цела, засунутае ў мех, валаклі да вакна, як скінулі ў роў, што абкружаў замак, а пасьля — у Вяльлю. Ды толькі Усявышні, якому маліўся ягоны бацька ў Візантыі, відаць, дапамог маладому кніжніку: мех зачапіўся за галіну вярбы і не патануў, а тым часам па беразе скакаў баярын Кіян, які спалохаў нападоўцаў і выцягнуў Кругляца.