Доўгая дарога дадому
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2004
- Язык: белорусский
- Год: Кніга
- ISBN: 985-6605-13-Х
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Доўгая дарога дадому». Краткое содержание книги:
Дамчалi да ракi Энс, у цэнтральнай Аўстрыi. Гэта быў мой апошнi рубеж той вайны. За ракой амэрыканцы. Пакiдалi на лужку абы-як пастаўленыя машыны, пачалi «сустрэчу». Нас на той бок не пушчалi, затое амэрыканцы свабодна прыйшлi на гэты бок. Некаторыя з амэрыканцаў мелi славянскае паходжаньне (пераважна з палякаў), а ў нас былi хлопцы з Заходняй Беларусi, якiя разумелi папольску, такiм чынам устанавiлiся зносiны. Яны нам дарылi свае гадзiньнiкi, запальнiчкi, розную драбязу — на памяць. Мы iм што маглi падарыць — зорку зь пiлоткi. Але знайшлося вiно, i мы добра ўпiлiся разам — пераможцы розных армiй i нацыянальнасьцяў. I ўсе паснулi проста ў кузавах нашых «студэбэкераў». Начальства некуды зьнiкла, можа, да iншага начальства, у кожнага знайшлася свая кампанiя.
Уначы я прачнуўся i пабрыў у горад. Маленькi такi гарадок, але спрытны, як i ўсе iхнiя гарады. I не разбураны, цэлы. Бачу ў адным месцы сьвятло з фараў, i нашы салдаты штось робяць. Аказваецца, тут харчовы склад гэтага гораду. Хлопцы прынесьлi супрацьтанкавую гранату i бабахнулi ёю па замку — дзьверы i правалiлiся. А там процьма скрынак, мяхоў — сьпiртное, кансэрвы, мука, шакаляд… Пачалi выгрузку. Я таксама зьбегаў да сваiх, прыгнаў «студэбэкер». I мы нагрузiлiся. Але не абдзялялi i аўстрыйцаў, якiя прыйшлi да пераможцаў. Аўстрыякi жылi галаднавата, харч быў па картках. Падышоў адзiн дзядуля зь мiсачкай, просiць дазволу набраць мукi. Кажу, што табе мiсачка — бяры мех. Кажа — цяжка. Але падстаўляе згорбленую сьпiну, салдаты навальваюць яму мех мукi, пайшоў дзед хiстаючыся. Мы сталi добрыя, чужога дабра не шкадавалi… Можа, i добра рабiлi, то была наша ноч, ноч пераможцаў. Наступны за ёй дзень ужо належаў ня нам. Удзень зьявiлася вялiкае начальства, усiх чужынцаў выгналi з гэтага берагу на той, на мосьце паставiлi трайную варту. Нiкога — нi туды, нi адтуль. А мы толькi марылi пачаставаць нарабаваным нашых саюзьнiкаў. Не ўдалося.
Полк хутка адвялi ў тыл, пад горад Леабэн, дзе ў лесе найперш загадалi здаць усё здабытае тою ноччу. Калi не дачакалiся добраахвотнай здачы, начальства пайшло само i выгрузiла з аўтамабiляў нашыя запасы — бутэлькi, сыр, шакаляд. Сказалi, будзеце атрымлiваць у парадку харчаваньня.
Нiчога не атрымалi. Тыя скрынкi паехалi ў тыл.
Праз пару дзён полк пастроiлi на лужку з нагоды перамогi. Палiчылi, хто самы старэйшы (ня ўзростам, а па часе прабываньня ў палку), хто найболей заслужаны (лiчы — узнагароджаны). Даўжэй за ўсiх праслужыў у палку начфiн, а самы ўзнагароджаны — камандзiр маёй гарматы старшына Лук’янчанка. Але заслужана ўзнагароджаны гэты немалады ўжо сялянскi сын аднекуль з Кубанi. Камандзiры батарэяў узнагароджаныя ня надта, узводныя яшчэ меней. Ордэн Чырвонай зоркi — звычайная наша ўзнагарода за вайну. У мяне таксама. А Вальку Бахцiгозiна так i не ўзнагародзiлi нiчым. Раней усё казалi — малады, пасьпее…
А тут i вайна скончылася.
Празь дзень-другi — новы загад: падрыхтавацца да маршу. Куды? Кажуць, быццам аж у Сафiю. Празь Венгрыю, Югаславiю, Румынiю. Па сьлядах нядаўнiх баёў. Выцягнулi на дарозе калёну, але перад тым, як рушыць, начальства пайшло трэсьцi машыны. Камбрыг сказаў: «Я вас барахольшчыкамi цераз Эўропу не павязу». Зноў загад: здаць усё майно, прадукты, нiчога, апроч боепрыпасаў, у кузавох не павiнна быць. Пачалi адбiраць. Пажылыя ветэраны, што праваявалi ўсю вайну, у каго панiшчана ўсё на радзiме, голыя дзецi i галодныя жонкi, ледзьве ня плачучы, прасiлi: ну дазвольце хоць гэтыя гамашы адвезьцi. Ну хоць гэтыя падэшвы на боты. Нiчога не дазвалялася. Тады з машын пачалi кiдаць усё ў раку, што цякла побач з дарогай, i па ёй паплылi ўсялякiя шмоткi, гiтары, скрынкi з правiзiяй, а то i бутэлькi. Хай прападзе, але не здамо. Хаця хапiла i здадзенага. Толькi начальнiк палiтаддзелу ўжо з Балгарыi адправiў тры «студэбэкеры» ў Адэсу, дзе жыла ягоная сям’я. Не адсталi ад яго i iншыя начальнiкi, у тым лiку i новы начальнiк аддзелу контрразьведкi сьмерш.