Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Биографии и мемуары » Доўгая дарога дадому
Доўгая дарога дадому - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Доўгая дарога дадому

Электронная книга - «Доўгая дарога дадому». Краткое содержание книги:

Гэтая кніга — успаміны народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава пра асабіста перажытае амаль за 70 гадоў ягонага багатага на падзеі жыцьця. У цікавай аўтарскай манеры вядомы пісьменьнік распавядае пра найбольш яркія старонкі сваёй біяграфіі, дае ацэнку грамадзка-палітычным і культурным працэсам, што адбываліся ў Беларусі на ягоных вачах. В. Быкаў прапануе досьвед культурнага дзеяча, знакамітага пісьменьніка, выказвае думкі адносна будучага разьвіцьця краіны.
1 ... 40 41 42 43 44 45 46 47 48 ... 171
Перейти на страницу:

Здарылася, аднак, што ў панядзелак палучка не адбылася — з банку грошай не далi. Toe было горш, але я маўчаў. Трошкi зьдзiвiўся, праўда, калi пасьля заняткаў мяне паклiкаў — i не абы-хто, а сам начальнiк палiтаддзелу брыгады, якi наўрад цi калi мяне i бачыў. (Зрэшты, як i я яго.) Размова пачалася ветлiва: ну як працуецца, якiя пляны? А пасьля, нiбы мiж iншым — узносы сабраў? Сабраў, кажу. I што — здаў iх у фiнаддзел? Не, яшчэ не, сказаў я, i ўсярэдзiне ў мяне нешта апала. А дзе яны, грошы? — пытаецца палкоўнiк. У сэйфе, кажу. А ну — прынясiце… Я ўстаў i сеў. Усё было зразумела. Хтось стукнуў, i я прапаў. Ну не зусiм, але халяўская мая палiткар’ера ляснулася ў самым пачатку. Праз два днi вярнуўся на батарэю, i мой камбат Ахрын пакпiў: «Ну што, ня выйшаў зь цябе палiтрук! Я ж гаварыў». А нампалiт маёр Цквiтарыя сказаў, што пасьля такога ўчынку мне ня месца ня толькi ў партыi, але i ў камсамоле. На днях зьбярэм сход i выключым. Я са злосьцi напiўся i, вярнуўшыся з рэстарану, кiнуў у грубку свой камсамольскi бiлет. (З таго часу i на ўсё жыцьцё — беспартыйны.) Назаўтра напiсаў новы рапарт аб дэмабiлiзацыi.

Колькi тыдняў пасьля хадзiў, бы ашаломлены, i ламаў сабе галаву: хто? Хто данёс? Toe мог зрабiць толькi нехта з шасьцi, што былi ў застольлi. Нават зь пяцi. Але ж усе былi браты па зброi, аднагодкi, сябры. Каго было падазраваць у самым, можа быць, гнюсным? Сярод шасьцёх два былi членамi партыi — цi не яны? Цi, можа, хто з камсамольцаў? Або зусiм беспартыйны Лёшка, якi ўсё i справакаваў? Таго, аднак, я не дазнаўся нiколi. Як i ў шмат якiх iншых выпадках.

Даўно людзьмi заўважана, што бяда ня ходзiць адна, бяда любiць кампанiю. Хаця наступныя за першай беды ўжо ўспрымаюцца iнакш, часам з гумарам, са зьедлiвай самаiронiяй. Як у мяне з абмундзiроўкай, якая для маладога вайскоўца заўсёды нямала значыць. Хацелася выглядаць «як усе», лiчылася нягожа, калi на цябе будуць паказваць пальцам. Тым болей у горадзе.

Тады ў Сафii ў мяне ўзьнiклi менавiта такiя праблемы: не было гожай абмундзiроўкi. Яшчэ ў Аўстрыi пачаў зьдзяваць гiмнасьцёрку i адарваў каўнер, якi амаль сапрэў за зiму. Выдалi з падменнага фонду б/у. Быццам i нiштаватая гiмнасьцёрка, але зь дзьвюма лапiкламi: ззаду на левай лапатцы i сьпераду на грудзях, — пэўна, зьнятая з забiтага. Шынэлак мой аказаўся з падпаленымi поламi, бо ляжаў у машыне, а як прарывалiся ў Венгрыi, тая машына згарэла, пасьпелi выхапiць толькi гэты падгарэлы шынэлак. (У рэчмяшку згарэлi i малюнкi ў альбоме. Маляваў жа…) I во ў такiм шынялi з падпалiнамi прыехаў у Сафiю. Улетку нiчога, але ж пачалася восень, насталi халады. Неяк стаю на Арловым мосьце ў сваёй гiмнасьцёрцы, чакаю аўтобус на Плоўдзiўскую шашу. А ўжо зiмна, падае рэдкi сняжок. Побач iдуць балгары, чую гамоняць: «Братушка — сiбiрак, сiбiрак…». Я ўвесь азяблы, а яны думаюць, што загартаваны, мне цёпла, бо сiбiрак.

Каб неяк даць сабе рады, купiў шынэль у аднаго балгарскага генэрала. Балгарскую ж армiю разагналi, афiцэраў звольнiлi. А форма ў iх была такая, як у царскай Расеi, толькi з шасьцю гузiкамi, — падобная да нашай. Шынэлак быў харошы, хiба з адным немалым недахопам — чырвонай падкладкай. Ну але калi добра затулiць полы, дык i нiшто. Хiба надта шыкоўны матэрыял, зь якога пашыты… Першы раз надзеў той шынэлак у выхадны, калi мы зьсябрам i ягонай сяброўкай зрабiлi паход на Вiташу. Усё лета пазiралi на гэту цудоўную гару паблiзу Сафii, а ўзьлезьцi на яе не даводзiлася. Дабралiся да яе зiмой, па сьнезе i, добра стамiўшыся, заначавалi ў паляўнiчай хiжыне. Мой сябра старшы лейтэнант Валодзя зь сяброўкай засталiся, а я павiнны быў ранкам пасьпець на развод. Таму на сьвiтаньнi мусiў рушыць з гары. На шашы сьпяшаюся, але адчуваю, што спазьнюся, i тут якраз — «вiлiс» i ў iм камандзiр брыгады. Ну, спынiўся — сядайце! Сеў, едзем.

Пад’ехалi да прахадной, я хацеў неяк сашмыгнуць, каб пасьпець у свой строй, бо на пляцы ўжо пастроена брыгада, чакаюць камбрыга. Але той мне — пастойце! I вядзе на пляц. А там, як звычайна, дзяжурны камандуе строю «сьмiрна», аддае камбрыгу рапарт. Я стаю побач i ўжо адчуваю, што зараз будзе штосьцi дурное. Так i здарылася. Падаўшы каманду «вольна», камбрыг гучна гаворыць дзяжурнаму: «Ну, а цяпер адрапартуйце во гэтаму гаспадзiну генэралу! Яму, цi бачыце, не даспадобы савецкая форма, дык ён абрадзiўся ў балгарскую. — I паднiмае маю палу на чырвонай падкладцы. — Во палюбуйцеся, „как попугай“!..» У страi рагочуць. Але ня надта. Камбрыг быў чалавек новы, прыехаў з акадэмii i дужа энэргiчна змагаўся за «парадак», ад якога мы за вайну адвыклi. Я i падвярнуўся яму пад руку. А камандзiр палку палкоўнiк Парамонаў тады мне сказаў: «Каб я цябе болей у гэтым шынялi ня бачыў!». Ну што мне было рабiць? Прадаў я гэты шынэлак нашаму ўзводнаму, лейтэнанту Крывавязу, якi зь яго пашыў сабе кiцель i брыджы. Мне выдалi зноў нейкi падменны, англiйскi, — добры шынэлак, але кароткi. Давялося падшываць унiзе… Але з тым i Крывавязу не пашэнцiла. Увогуле ён быў хлопец задзiрысты i аднойчы, выпiўшы, пабiўся з маёрам, начальнiкам сяржанцкай школы, якi быў таксама на добрым падпiтку. Лейтэнант быў маладзейшы i, мабыць, перамог у бойцы. Маёру стала крыўдна. I ўжо ноччу ён пайшоў у iнтэрнат, дзе жыў Крывавяз, каб прадоўжыць бойку. Але той спаў, маёр яго не дабудзiўся. Затое тут жа на тумбачцы была складзена ягоная абмундзiроўка з таго шыняля. Тады маёр узяў са стала чарнiлiцу i добра палiў чарнiлам — i кiцель i брыджы. Гэта цяпер проста — здаў у хiмчыстку i вычысьцяць, а тады… Чым толькi ня цёр яе Крывавяз — i мылам, i бэнзiнам — нiчога не памагло. Так i прапала абмундзiроўка з майго шыкоўнага генэральскага шыняля. Сапраўды, з чужога няшчасьця сабе шчасьця ня будзе.

1 ... 40 41 42 43 44 45 46 47 48 ... 171
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)