Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Биографии и мемуары » Доўгая дарога дадому
Доўгая дарога дадому - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Доўгая дарога дадому

Электронная книга - «Доўгая дарога дадому». Краткое содержание книги:

Гэтая кніга — успаміны народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава пра асабіста перажытае амаль за 70 гадоў ягонага багатага на падзеі жыцьця. У цікавай аўтарскай манеры вядомы пісьменьнік распавядае пра найбольш яркія старонкі сваёй біяграфіі, дае ацэнку грамадзка-палітычным і культурным працэсам, што адбываліся ў Беларусі на ягоных вачах. В. Быкаў прапануе досьвед культурнага дзеяча, знакамітага пісьменьніка, выказвае думкі адносна будучага разьвіцьця краіны.
1 ... 35 36 37 38 39 40 41 42 43 ... 171
Перейти на страницу:

Гэта быў цi не апошнi бой на венгерскай зямлi, за восень, зiму i вясну багата палiтай нашай крывёю… Да аўстрыйскай мяжы рухалiся ўвогуле ўдала, зь нядоўгiмi сутычкамi. А на мяжы ўсё спынiлася, немцы сталi ў абарону. У перадгор’i Альпаў — шырачэзная далiна, якую немцы перакрылi агнём i нас туды не пушчаюць. Нямецкiя танкi здаля б’юць па адзiнай на схiле дарозе. Пяхота, артылерыя — усё ў нас спынiлася. Ды хутка з’явiўся нейкi генэрал у камбiнезоне, але з генэральскай фуражкай на галаве, i якраз налез на нашую батарэю. «А вы чаго тут тарчыцё? А ну ўпярод!» I пагнаў батарэю па адхоне ўнiз, туды, дзе немцы. «Студэбекеры» з гарматамi неяк праскочылi, i мы хуценька за кусьцiкамi пачалi акопвацца. Iншых, што ехалi за намi, немцы не пусьцiлi, спалiлi некалькi машынаў, i болей нiхто празь iх агонь не праскочыў. Пра тое, што мы на праглядзе ў сваiх, мы не клапацiлiся. А на вайне як бывае? Розных часьцей зашмат, нашыя ў палку, скажам, ведаюць, дзе iхнiя астатнiя, а iншыя могуць i ня ведаць. I нейкiя мiнамётчыкi, якiх спрытны генэрал змусiў хутчэй адкрыць агонь, агонь i адкрылi. Па нас, канешне. Толькi я з салдатам выкапалi ровiк па калена, як тыя пачалi смалiць. Мiны кучна клалiся якраз абапал. I, вiдаць, накрылi б, калi б не найшла вясновая хмарка i не палiў дождж. (Зрэшты, у вайну, калi пачыналася арткалатнеча, заўсёды пачынаўся i дождж. Iншы раз ён i не спыняўся, бо не спынялася арткалатнеча.) Як толькi дождж хлынуў, я выскачыў з ровiку[: ] давайце за машынай i хутчэй адсюль. Але куды — наперадзе ж немцы? А хоць да чорта ў зубы… Трохi некуды ад’ехалi, за нейкiя кусьцiкi, ад якiх было блiжэй да немцаў, чым да сваiх, i тым уратавалiся. Пад носам у немцаў стала спакайней.

Ну а пасьля падцягнулася болей войска, пачалося планамернае наступленьне i баi. Ды ўжо ў горнай мясцовасьцi. Адчувалася хуткае сканчэньне вайны, дух быў бадзёры. Помню, дзень бiлiся за нейкую вёску, не маглi ўзяць, тады аднекуль зь iншага ўчастку перакiнулi самаходны полк. Гэта 76-мм самаходкi, якiх на вайне таксама звалi «бывай, радзiма». Во яны праходзяць мiма, у адной ззаду (зад у iх адкрыты) стаiць бравага выгляду камандзiр, вусаты у танкавым шлеме, i гойкае нам: «Упярод, пушкары, годзе пузам зямлю пахаць!». Што ж, давай упярод, калi ты гэткi спрытны. Вёску ўзялi, пяхота прайшла на той бок, мы — сьледам. Каля мастка, гляджу, стаiць абгарэлая самаходка, i зь яе зьвiсае на гусенiцу абгарэлы чалавек. Па недагарэлых вусах мы пазналi таго аптымiстага.

Помняцца i яшчэ прыкрыя, а то i камiчныя выпадкi. Як я ўжо казаў, у Румынii я першы раз захварэў на малярыю. Даволi паскудная хвароба, тым болей, што шпiтальнага лячэньня не вымагае. Зiмой была перадышка, а вясной пачалiся прыступы. З пэўнай рэгулярнасьцю — пад вечар або калi ўбачу ваду… Хоць здалёк, хоць зблiзку. Раптоўна здрыгаюся, i пачынаецца лiхаманка на некалькi гадзiнаў. Аднойчы мы займалi пазыцыю на прамой наводцы ў полi. Трошкi далей i збоч ад агнявой расьлi дрэўцы, нейкiя кусьцiкi. Агонь не вялi, але немцы былi блiзка. Мяне раптам затрэсла, i я адышоўся да тых дрэўцаў. Было цёпла, ужо зялёная траўка прабiвалася. Як лёг, салдат навалiў на мяне нейкiх трафейных коўдраў, нямецкiх шынялёў — каб сагрэцца. Пасьля, як крыху адпусьцiла, заснуў. А як прачнуў ся, дык зьдзiвiўся, што вакол дужа цiха. Высунуў галаву з-пад таго варахоб’я — ужо сьцямнела. Але дзе гармата? На агнявой няма маёй гарматы, стаяць нейкiя людзi i пазiраюць чамусьцi не туды, куды заўжды пазiраюць на фронце, — у бок працiўнiка. Гэтыя пазiраюць назад. Я яшчэ прыгледзеўся i прыслухаўся — то ж немцы! Канешне, спалохаўся, хаця нiчога дзiўнага. У пяхоце такiх, негераiчных, выпадкаў хапала. Але пра тое мала напiсана. Бо зь пяхоты, апроч хiба В. Кандрацьева, у лiтаратуру нiхто не прыйшоў. Мабыць, не засталося. Усё лепшае, што напiсана пра вайну зь лiку яе ўдзельнiкаў, канешне, належыць усё ж артылерыi. Мабыць, паводле традыцыi, распачатай артылерыстам Л. Талстым. А тут, пакуль я дрыжэў пад варахоб’ем, нашы драпанулi, гармату камбат загадаў адцягнуць нiжэй у сяло, а пра мяне забылiся. Таго салдата, што там мяне накрываў, паслалi па аўтамабiль, а iншыя ня ўгледзелi… I вось бачу чужыя сiлуэты, — адзiн у касцы, а другi, помню, у казыркастай шапцы… I я паўзком, на кукiшках даў адтуль дзёру. Знайшоў сваiх, камбат пытаецца: дзе быў? У немцаў, кажу, быў. Пасьмяялiся… Усё ж iшоў сорак пяты, да перамогi заставаўся апошнi месяц. А здарылася б тое раней на год цi паўгода, было б не да сьмеху. Як з тым нашым камандзiрам узводу кiраваньня, якi параненым пабратаўся зь немцам. У Венгрыi, у час бою за нейкае сяло, надта бамбiлi нямецкiя самалёты, i гэты лейтэнант, паранены ў нагу, сунуўся ў скляпок на двары сялянскага падворку. Якраз зьмяркалася, i ў той скляпок сунуўся i яшчэ нехта, таксама паранены. Тады скончылася бамбёжка i наогул скончыўся бой. I во яны сядзяць удвух, але ў цемры ня бачаць адзiн аднаго i ня ведаюць, хто побач — свой цi чужы? Таму маўчаць. А галоўнае — ня ведаюць, хто заняў сяло — нашы цi немцы. Нiхто першы ня хоча адкрыцца. Так мiнула ноч. I толькi як пачало сьвiтаць, лейтэнант убачыў, што перад iм немец, гаўптман мэдыцынскай службы. I нiхто зь iх за пiсталет не схапiўся, бо зноў жа — невядома, хто наверсе. Першы не стрываў немец, таксама паранены, неяк выбраўся, а лейтэнант сам выбрацца ня можа. Сядзiць i чакае, калi прыйдуць немцы i возьмуць яго ў палон. Або прыстрэляць у яме. Немцы i прыйшлi. Але на ламанай рускай мове растлумачылi, што страляць ня будуць, будуць рабiць арцлiхер беiстанд (мэдыцынскую дапамогу). I выцягнулi лейтэнанта, занесьлi яго ў мэдпункт, дзе той жа ягоны начлежнiк перавязаў яму нагу i папытаўся, што ён хоча: да сваiх цi ў палон?

1 ... 35 36 37 38 39 40 41 42 43 ... 171
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)