Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Биографии и мемуары » Доўгая дарога дадому
Доўгая дарога дадому - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Доўгая дарога дадому

Электронная книга - «Доўгая дарога дадому». Краткое содержание книги:

Гэтая кніга — успаміны народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава пра асабіста перажытае амаль за 70 гадоў ягонага багатага на падзеі жыцьця. У цікавай аўтарскай манеры вядомы пісьменьнік распавядае пра найбольш яркія старонкі сваёй біяграфіі, дае ацэнку грамадзка-палітычным і культурным працэсам, што адбываліся ў Беларусі на ягоных вачах. В. Быкаў прапануе досьвед культурнага дзеяча, знакамітага пісьменьніка, выказвае думкі адносна будучага разьвіцьця краіны.
1 ... 34 35 36 37 38 39 40 41 42 ... 171
Перейти на страницу:

Неўзабаве паявiлася начальства, i мы занялi абарону пад вышынямi. У пяхотным ланцугу паставiлi гармату. З тыдзень iшлi баi за тыя вышынi, але танкi далей не пайшлi. Мабыць, сваю задачу яны выканалi, паехалi на iншы ўчастак. А тут калашмацiлi адна адну пяхота, вышынi на некалькi разоў пераходзiлi з рук у рукi. Я з гарматай акапаўся пад самай вышынёй, тое нас, мабыць, i ўратавала. Бо тых, што былi ззаду, немцы расстрэльвалi з вышынь, а нас пад носам ня бачылi. Там у нас загiнуў падпалкоўнiк Аўчароў, капiтан Кавалёў, двое ўзводных i шмат салдатаў. Аднойчы пяхота ўцякла, пакiнула маю гармату, якую мы не маглi выкацiць. Але абышлося — уратаваў туман. А ўвогуле маю гармату ратавала нашая самаходка, што згарэла ў першы дзень i прыкрыла нас сабой з боку ад каналу, адкуль наш пляцдарм прастрэльвалi немцы. Яшчэ нас бамбiлi свае «кукурузьнiкi» — жаночы авiяполк. Кожную ноч вешалi ў небе лiхтары i пачыналi кiдаць бомбы. Добра, што яны не цалялi — проста разгружалiся… У перапынках памiж бамбоўкамi прыходзiў нампалiт маёр Цквiтарыя, тлумачыў нам загады Вярхоўнага галоўнакамандуючага, звароты Ваеннага савету наконт таго, каб нi кроку назад. Як пачыналася бамбоўка, ён кiдаўся да ровiку, але быў тоўсты, няспрытны, месца ў цесным ровiку яму не хапала. Тады ён крычаў: «Я намесьнiк камандзіра палку, прыказываю асвабадыт места…». Як ён хутка сыходзiў, на вышынi пач[ын]алi працаваць нямецкiя «гукаўкi». Праiграўшы «Сьценьку Разiна» або «Ямшчыка», яны абрыналi на нас шквал уласаўскай прапаганды накшталт таго, што пад кiраўнiцтвам Гiтлера пачаўся пералом у вайне, што ня сёньня, дык заўтра мы будзем тут канчаткова дабiтыя, таму трэба ратаваць сваё жыцьцё, а не памiраць за Сталiна i ягоных жыдоў-камiсараў. Але тая прапаганда ўжо нi на кога ня дзейнiчала, мы ўжо выдатна разумелi, што час Гiтлера мiнаўся.

Дзесьцi ў гэты час мы атрымалi новыя, 57-мм гарматы. Гэта ўжо былi добрыя супрацьтанкавыя гарматы — з доўгiм ствалом i вялiкай прабiўной сiлай снараду. Яны нам адразу спадабалiся. Я сам прыстраляў iх паводле ўласнага спосабу — з дапамогай бiноклю. Трапнасьць iх таксама была выключная, i мы шкадавалi толькi, што паявiлiся яны ў нас гэтак позна. Але i тое добра. У хуткiм часе яны нам паслужылi, як за ўсю вайну не служылi iншыя гарматы.

16 сакавiка магутным выбухам на сьвiтаньнi (гэта немцы ўзарвалi ўсё тую ж пераправу пад Шаманторнiяй) пачаўся iхнi адыход i нашае наступленьне на захад.

Наступалi па тых жа мясьцiнах, дзе месяц таму абаранялiся, дзе наш полк разграмiлi нямецкiя танкi. Як праяжджалi каля маёй агнявой пазыцыi, дзе гарэлi ракеты, спынiлiся, i камандзiр палку загадаў завярнуць убок, на старыя пазыцыi разгромленых батарэяў, забраць уцалелыя снарады. Мы адчапiлi гармату i на «студэбэкеры» паехалi недалёка ад дарогi ў поле. На падножку машыны да нас ускочыў капiтан-сьмершавец, i я з пэўнай трывогай падумаў: навошта?

Пазыцыi ўзводу Беражнога былi крайнiя, мы адразу ўбачылi яго разьбiтую гармату, разварочаны гусенiцамi ровiк, некалькi трупаў салдатаў i яго самога — на броўцы ровiку з раскiнутымi рукамi. Дзяга зь яго была зьнятая, пiсталета не было ўжо, з гiмнасьцёркi хтосьцi зьвiнцiў ордэн Чырвонага сьцягу. Залiтая крывёй гiмнасьцёрка ссохлася. Скрынкi са снарадамi былi ўсе побач, але гармата… У вогуле яна была цэлая, толькi ствол — пялёсткамi ўбакi. Значыць, узарваная. Гэта было вельмi кепска. Гляджу на капiтана, а той падышоў, пруцiкам пастукаў па ствале i кажа, пазiраючы нам у вочы: «Глядзi, гэта ж трэба было, так трапiць. Трапiць у самы ствол!» — кажа так, каб усе пачулi. I салдаты каб учулi, i я таксама. Я паглядзеў на яго i крыху зьдзiвiўся, а пасьля зразумеў, што капiтан гэта — знарок. Бо сам ён артылерыст (ва ўсякiм разе такiя эмблемы насiў) i ў гэткiх справах павiнны быў разьбiрацца. Канешне, падарваў не Беражны, ён ужо забiты, значыць, хтосьцi з жывых. То ўжо была падсудная, трыбунальная справа, i сьмерш мог яе раскруцiць. А ён даў нам знак, што лiчыць гармату разьбiтай з нямецкага танку. I праўда, болей размоў аб тым не было. Забралi некалькi скрынак снарадаў. Забiтых не ўзялi, iх павiнны былi пахаваць тылавiкi, мы сьпяшалiся, бо немцы адступалi.

…Ноч некуды ехалi, ехалi — па нейкiх мокрых i гразкiх прасёлках, па полi, пад ранак прыехалi на ўскраiну сяла, паставiлi гарматы абапал сьцiрты. Чутно, як непадалёк адбываўся якiсьцi рух — гырчэлi маторы, штосьцi гуло, шархацела, часам чулiся прыглушаныя галасы. Iшлi калёны. Немцы ад Будапешту прарывалiся на захад. Як стала трошкi сьвiтаць, убачылi зводдаль тое, што чулi ў цемры. Iшоў суцэльны паток войска: аўтамабiлi, танкi, пяхота. Зараз жа адкрылi агонь. Страляць было проста, бо блiзка. Адразу там запалала некалькi аўтамабiляў, з танкаў па нашай ускраiне зрабiлi некалькi непрыцэльных стрэлаў. А мой наводчык Расцалуеў меў вострае вока i трапна ўзяў iх на прыцэл. З другога стрэлу загарэўся танк. Калёна амаль спынiлася, заднiя пачалi напiраць на пярэднiх, пярэднiя гарэлi. Пяхота ў панiцы кiнулася ў поле, i мы расстрэльвалi яе асколачнымi. Пасьля, як усё скончылася, нешматлiкiя машыны ўцяклi, а пяхота разьбеглася, мы пайшлi паглядзець, што нарабiлi. Жудасна было тое бачыць… Такога разгрому я ня бачыў зь вясны сорак чацьвёртага, як на дарозе пад Уманьню нашыя танкiсты разграмiлi нямецкую штабную калёну.

1 ... 34 35 36 37 38 39 40 41 42 ... 171
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)