Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Прочее научное » Вока тайфуна. Апавяданні і аповесці
Вока тайфуна. Апавяданні і аповесці - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Вока тайфуна. Апавяданні і аповесці

Электронная книга - «Вока тайфуна. Апавяданні і аповесці». Краткое содержание книги:

Кнігу пісьменніка Уладзіміра Караткевіча складаюць апавяданні на сучасныя тэмы, аповесць «Лісце каштанаў» - аб жыцці і прыгодах падлеткаў у гады Айчыннай вайны – і гістарычны дэтэктыў «Дзікае паляванне караля Стаха»
1 ... 37 38 39 40 41 42 43 44 45 ... 152
Перейти на страницу:

- Чаму няма? - загадкава ўсміхнуўся Ролік. - Як пашукаць, то заўсёды яго знойдзеш, выхад.

I раптам кінуў:

- Варочай, хлопцы, на Уладзімірскую. Пройдзем паўз універсітэт. - I толькі тут "звярнуў увагу" на Нонку. - Чаго ты цягнешся? Чаго цягнешся, кажу?

- А я не за вамі, сокіл ты мій, - Нонка ўсміхнулася краёчкам рота, паказаўшы некалькі снежных зубоў. - Я гуляю. Вуліца не твая. Куды хачу - туды іду.

Багдан шумна ўздыхнуў:

- Такая ўрэдная, зараза. Вось спаймаю неяк.

Нонка, відаць, слухала. Таму што амаль адразу пачала нешта ціха мармытаць, прыстукваць падэшвамі сандаляў, а потым перайшла на лёгкую, вельмі спрытную чачотку.

Ох, яблучко,

Ди із Гапоніі, -

Дівкй з нашого двора,

Як півоніі.

- Тожа мне півоня, - буркнуў Багдан. - Пустазелле ты. Піво-оня!

- Анягож!

- Ды кінь ты яе, хай хвяліттття. - сказаў Жэнька.

Ох, яблучко,

Ди із Гамерики, -

Хлопці з нашого двора,

Як вареники.

I растлумачыла:

- Такія тоўстыя, лянівыя, белыя, бы ў смятане.

- Ой, вушы надзяру, - сказаў Ролік.

- А ты спачатку наздагані.

Я ачухацца не паспеў, як Ролік нечакана вертануўся і кінуўся на гэтае злашкоднае стварэнне. Гэта было так нечакана, так бліскавічна, што я раз і назаўсёды зразумеў, якая імгненная рэакцыя, які імпэт тояцца ў гэтым нязграбным на выгляд целе.

Ён ужо выцягнуў руку, каб схапіць, але Нонка таксама крутанулася, выслізнула, і тут яе нібы з цецівы спусцілі: ляцела стралой, вялізнымі скачкамі, закінуўшы галаву, выпнуўшы ледзь абазначаныя грудзі. Шакаладныя ногі мільгалі з такой хуткасцю, што рухі іхнія, здавалася, цяжка было заўважыць. I хаця Раланд таксама бег так, як рэдка бегаюць хлопцы - амаль адразу стала ясна, што гэтую казу яму не дагнаць. Урэшце ён гучна затупаў нагамі на месцы і пайшоў назад.

- Чорта яе дагоніш, - прысаромлена сказаў ён. - Ляціць як куля. I на Падвальную адна ходзіць, і на яўбаз. Не баіцца. I ніводнаму з тамтэйшых хлопцаў яе ані разу злапаць не ўдалося.

...У густых шатах каштанаў стаяў пахмуры бронзавы Тарас і глядзеў на чырвоную каробку універсітэта. Толькі каробка ад яго і засталася. Агонь злізаў месцамі новую даваенную фарбу, і з-пад яе праступала старая, "бычыная кроў", якой Мікола I калісьці загадаў пафарбаваць універсітэт "за мяцежны дух": яскрава-чырвоная, нібы мокрая, як кроў.

Праз пустыя вачніцы акон мірна і ласкава ззяла сіняе неба канца ліпеня.

Дзверы - правал дзвярэй - і вокны ніжняга паверха былі густа заплецены калючым дротам.

- Мы сюды прыйдзем міны шукаць. I бомбы, - сказаў Ролік. - Яны ўжо такія, без стабілізатараў, без усяго. Але корпус і іншае ёсць. Мы выбухоўку выплавім у кіпетні, сфармуем, запалы ёсць. Мы ім уначы, каб ахвяр не было, учынім лазню... Яны, гады, на нашым участку схілу сабе штаб-пячору выкапалі. Часавыя ўвесь дзень стаяць.

I тут мы пачулі ззаду тупат. Азірнуліся і ўбачылі Нонку, якая ва ўсе лапаткі лупіла ў бок бульвара. Пасля да нас даляцеў скрогат, дробны звон, нейкае брынчанне.

- Трамвай! - крыкнуў Жэнька. - Во пашанцавала!

Мы прыўдарылі за Нонкай. Сапраўды, злева, страшна гайдаючыся, калоцячыся дробнымі дрыжыкамі, надыходзіў брынклівы, аблуплены трамвай. Нонка ўжо стаяла ў тамбуры і, подлая, прадавала зубы.

Мы беглі за трамваем, наздаганяючы яго, хапаліся за парэнчу, набіралі хуткасць і скакалі на падножку. Апошняму, Багдану, давялося падмагаць, падцягваючы за каўнер.

Трамвай гайдала так, што трэба было здзіўляцца, як ён не зляціць з рэек. Мы крыху адсапліся.

- Хто пячору выкапаў? - спытаў я.

Ролік хмыкнуў.

- А чаму мы пыталі, з якой ты вуліцы? - насмешліва спытаў Жэнька. - Тут навокал усе нам ворагі. I з Падвальнай, і з Пірагоўскай, і з яўбаза. Мы тут адны. Як гусіты. Супраць усіх.

- Культурны, - сказаў я. - I часта ж яны вам у косткі даюць?

- Чаму? - прабасіў Багдан. - Мы часцей.

- Іх жа шмат. Столькі вуліц.

У Роліка быў крыху заклапочаны выгляд:

- Нас шэсць было. Іх дзесяць. Цяпер двох бацькі з Кіева звезлі. Адзін у больніцы. Крыху-крыху падарваўся. Ну, трох супраць дзесяцёх малавата. Яшчэ завербаваць аднекуль трэба. Ваенны тэрмін: "роўныя сілы".

Трамвай набліжаўся да Крашчаціка, які ў гэтым месцы не быў разбураны. Нонка стаяла ля пярэдніх дзвярэй. Яна, дый усе мы і не падумалі браць білеты. У нас проста не было грошай, але мы рабілі выгляд, што грэбуем такой умоўнасцю, як білет. Кандуктары даўно і безнадзейна змірыліся з гэтым. А можа, ім проста было прыемна, што вось і падлеткі ў горадзе з'явіліся, што горад, значыцца, ажывае.

- Слухайце, хлопцы, - сказаў раптам Жэнька, - ёсць прапазіцыя, як спаймаць тую выжлачку. Прабіваемся наперад і, як пачнуць выходзіць, у штурханіне бяром пад руку. Скандаліць у тлуме не будзе. А як выйдзем - тут ужо яна - наша.

1 ... 37 38 39 40 41 42 43 44 45 ... 152
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)