БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ
- Автор: Найдзюк Язэп, Касяк Іван
- Год: 1993
- Язык: белорусский
- Год: Навука і тэхніка
- ISBN: 5343014585
- Жанр: История
Электронная книга - «БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ». Краткое содержание книги:
Але дарма, што Масква мела перад сабой адзш з лепшых на гэныя часы збораў законаў, роўных якому тады ня было ня толькі ва ўсходняй, але і шмат якіх краёх заходняй Эўропы,— яна не патрапіла добра з яго і сьпісаць. Той жа самы праф. Дьяконаў піша, што «образец оказался много выше снимка». Далей ён кажа гэтак: «Бяручы на ўвагу пазычкі з Статуту... трэба ладна абмежаваць пагляд аб «Уложении» як аб строга нацыянальным зборніку маскоўскага права, які абыймае сабой гістарычна выпрацаваныя ў гармоніі з народным пераконаньнем усіх абшараў і ўсіх клясаў дзяржавы нормы права... На ім з асаблівай яснасьцяй можна давесьці справядлівасьць цьверджаньня, што і маскоўскі закон (указ) разыходзіўся з маскоўскім правам». Чаму? — Таму, што ён быў заснаваны праз Статут на праве беларускім *.
I з гэтага мы ізноў бачым, як шмат Масква брала ад беларусаў і якую вялікую культурную ролю адыгрывала Беларусь на ўсходзе Эўропы ў мінуласьці.
XX
Палітычны лад.— Вялікі князь.— Гаспадарская Рада.— Соймы.— Адміністрацыя.— Грамадзкі лад.— Баярства.— Вяльможы (магнаты). — Шляхта.— Мяшчане.— Сяляне.
На Беларусі, а насамперш у беларускім Полацкім княсьцьве, таксама як і ў іншых беларускіх княствах, як аб гэтым ужо гаварылася раней, палітычны лад так быў уложаны, што галоўную ролю адыйгравала ў гаспадарсьцьве веча, народныя сходы, ці лепш можа, сходы народных мясцовых правадыроў. Бо трэба ўсё-ж сказаць, што хоць у гэтых сходах мела права браць удзел усё жыхарства, дык усё-ж фактычна разьвязвалі ўсе справы старшыні родаў ды мясцовыя правадыры, якія выбіваліся на чало сваймі прыроднымі здольнасьцямі, працай, вялікімі заслугамі і г. д. Веча магло пастанаўляць аб усім.Яно выбірала князёў, давала ім свае парады, але і князі ў залежнасьці ад сваіх здольнасьцяў мелі вялікую ўладу, вялікія ўплывы, якія паступова павялічваліся. Урэшце дайшло да таго, што вялікаму князю, гаспадару, было прызнаванае права на самастойнае кіраўніцтва. Гэтым правам карысталіся і гаспадары Вялікага Княства. Калі была падпісаная між Вялікім Княствам і Польшчай у 1413 г. вунія ў Гародлі, яна гэтых правоў не скасавала, хоць вялікі князь уважаўся за намесьніка караля польскага. Гэты вунійны акт, між іншым, устанаўляў і парадак выбару вялікага князя, паводле якога беларусы і летувісы ня мелі права выбіраць сабе вялікага князя без паразуменьня з палякамі. Але гэты парадак не ўжыцьцяўляўся, і гаспадары Вялікага Княства выбіраліся аднабочна беларускімі, украінскімі і летувіскімі магнатамі, нават бяз ведама палякоў. Улада вялікага князя юрыдычна ня была абмежаваная аж да канца XV ст., але фактычна яна знаходзілася пад уплывам магнатаў, духавенства, што пры кажным князю мелі сваю раду. Пасьля, калі магнаты і шляхта атрымалі розныя прывілеі, улада князёў абмяжоўвалася. Усё-ж такі вялікі князь кіраваў усё дзяржаўнае жыцьцё, як у галіне замежнае, так і нутраное палітыкі. Ён выдаваў законадаўныя акты, дбаў аб абароне краю, даваў прызначэньні на ўрады, разьвязваў спрэчныя справы, наглядаў за кіраўніцтвам дзяржаўных двароў, наладжваў дыплёматычныя дачыненьні, абвяшчаў вайну, рабіў мір.
Пры вялікім князю была гаспадарская рада. У склад яе спачатку ўваходзілі прыдворныя магнаты, вяльможы, вышэйшае духавенства, а пасьля і вышэйшыя земскія ўрадаўцы, ваяводы і старасты. Дзейнасьць рады была рознаякая. Таму пры вялікім князю і радзе была створаная канцылярыя ,на чале з канцлерам і скарб на чале з падскарбім. Ад XV ст. пры князю была створаная яшчэ гэтак званая «пярэдняя рада». У яе ўваходзілі асобы з гаспадарскае рады, найбольш збліжаныя да князя.
З пачаткам XV ст., ад часу падпісаньня вуніі з Польшчай у 1401 годзе, у Вялікім Княсьцьве пачалі адбывацца зьезды, называныя соймамі. Бралі ў іх удзел князі і вяльможы, а пасьля і прадстаўнікі шляхты. Спачатку ў зьездах гэтых мелі права ўдзелу толькі каталікі, пазьней, аднак, гэтае права здабылі і праваслаўныя беларускія ды ўкраінскія магнаты і шляхта. Князі і паны ўсе мелі права ўдзелу ў сойме, а з шляхты толькі старшыні, па два ад кажнага павету, а таксама запрошаныя гаспадаром госьці. У XV ст. соймы займаліся пытаньнямі замежнае палітыкі, справай вуніі з Польшчай, выбарам гаспадара, а ў XVI ст. на соймах ужо абмяркоўваліся справы абароны краю, вайны і міру, падаткаў, новых законаў, адміністрацыі краю. Сойм дзяліўся на два колы: рыцарскае, у складзе якога былі прадстаўнікі ад паветаў і асобы, запрошаныя гаспадаром, і кола паноў рады. Пастановы сойму ня зьвязвалі волі гаспадара, але фактычна яны зьяўляліся абавязкавымі. Дзякуючы сойму зьмяншалася значаньне рады, а павялічвалася значаньне сярэдніх і дробных земляўласьнікаў-шляхцічаў.