БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ
- Автор: Найдзюк Язэп, Касяк Іван
- Год: 1993
- Язык: белорусский
- Год: Навука і тэхніка
- ISBN: 5343014585
- Жанр: История
Электронная книга - «БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ». Краткое содержание книги:
У 1588 г. пры Жыгімонце IV Статут быў выданы ў трэйцяй рэдакцыі пад кіраўніцтвам канцлера Лявона Сапегі. Гэтая рэдакцыя Статуту таксама была ў беларускай мове, і ён быў надрукаваны ў беларускай друкарні братоў Мамонічаў у Вільні.
Беларусы вельмі гардзіліся гэтым законам, тым больш што ён забесьпячаў асновы беларускае гаспадарсьцьвенасьці, хоць выйшаў пасьля Люблінскае вуніі. У ім Лявон
Сапега не зьмясьціў ані акту гэтае вуніі, ані іншых нявыгодных для Беларусі ўмоваў, адбіраючы ім гэтым самым абавязваючую сілу. Адначасна Статут выразна забесьпячаў правы беларускае мовы як урадавае мовы ў гаспадарсьцьве.
Такім парадкам, Статут гэты зьяўляецца для беларусаў нязвычайна важным культурным, літаратурным і гаспадарсьцьвеным помнікам. Аднак з гледзішча сацыяльнага Статут для народу, асабліва для сялян, палёгкаў не даваў. Наадварот, ён пашыраў яшчэ больш правы і прывілеі шляхты і замацоўваў раней імі набытыя правы над сялянствам, азначаючы адначасна правы гаспадара — караля. Магчыма, што гэткім спосабам Лявон Сапега хацеў трымаць шляхту пры сваім Беларускім гаспадарсьцьве і адцягнуць яе ад гону за польшчынай, што несла згубу Беларусь
Калі пачало разьвівацца заканадаўства, адначасна разьвівалася і арганізацыя суду. Так, побач з копнымі судамі, што паступова выпіраліся з жыцьця, паўсталі суды, намесьніцкія. Былі гэта суды дзяржаўцаў-кіраўнікоў гаспадарскіх маёнткаў, якія мелі права суду над сялянамі, няўпрывілеяванымі гарадамі, баярамі, шляхтай і рэштай жыхарства гаспадарскіх маёнткаў. Ад суду гэтага звальняліся толькі тыя асобы, што мелі асаблівыя прывілеі. Дзяржаўца-намесьнік судзіў у прытымбытнасьці прадстаўнікоў мясцовага жыхарства: баяраў, мяшчанаў, а часам і сялянаў.
Права судзіць мелі таксама ваяводы і кіраўнікі паасобных старастваў, якімі кіравалі на такіх самых асновах, як намесьнікі-дзяржаўцы. Ваяводзкія суды разглядалі справы і тых асобаў, што падавалі жальбы-скаргі на дзяржаўцаў.
Вышэйшым судом быў Суд Вялікага Князя. Ён судзіў тых, што не падпадалі пад мясцовыя суды,— розных князёў, паноў, шляхцічаў, цівуноў-дзяржаўцаў, а таксама разглядаў справы, што скіроўваліся яму пасьля прысудаў судоў ніжэйшае ступені. Вялікі князь судзіў у прытымбытнасьці асэсараў, паноў рады, дворных ураднікаў і іншых урадавых асобаў, але прысуд выносіў сам.
Апрача таго, паўсталі суды паноў-рады. Яны зьбіраліся тады, калі ў краі ня было вялікага князя, і іхны суд быў роўназначным з судом князя.
Паводле Статуту 1566 году, на Беларусі, на жаданьне шляхты, можна было ўводзіць тры катэгорыі судоў: земскі, падкаморскі і замковы, як гэта было ў Польшчы
Земскі суд складаўся з судзьдзі, падсудка і пісара, выбіраных на паветавых сойміках і зацьвярджаных гаспадаром. Гэтаму суду падпадалі ўсе шляхоцкія справы грамадзянскага і крымінальнага характару, за выняткам тых справаў, якія падпадалі замковаму суду. Апэляцыя магла падавацца на разгляд гаспадара.
Замковы суд, якім кіраваў стараста судовага павету-раёну, што меў замак або гаспадарскі двор, разглядаў наезды на шляхоцкія дамы, гвалты, разбой, зладзейства і фальшы, скіраваныя супроць шляхты. Замковаму суду падлягалі і чужынцы. Справы гэтыя судзіў сам ваявода або стараста, а калі яго ня было — намесьнік суду. Апошняя жальба на іхныя прысуды магла скіроўвацца да гаспадара.
Падкаморскі суд разглядаў спрэчныя межавыя справы. Падкаморага дажыцьцёва вызначаў сам гаспадар з ліку аселых шляхцічаў. Сам-жа падкаморы выбіраў сабе ў дапамогу двох каморнікаў, якія, на ягоны загад, даглядалі спрэчныя справы. Апэляцыі і ад гэтага суду можна было падаваць гаспадару.
Уся судовая працэдура павінна была весьціся і запісвацца ва ўсіх судох у беларускай мове. Арганізацыйна-ж пабудова судоўніцтва была абапертая на прынцыпе ўпрывілеяванасьці магнатаў і шляхты з некарысьцяй для сялянства, што было крыўдным для апошняга. Аднак дзеілася гэтак ня толькі на Беларусі, але і ва ўсёй Эўропе, бо была такая пара.
Агулам, аднак, бяручы, сама ўстанова копных судоў, а насамперш Статут Вялікага Княства, сьведчаць аб вялікім культурным разьвіцьці Беларусі, асабліва раўнуючы да Масквы, якая толькі ў 1649 г. падрыхтавала свой першы збор законаў п. н. «Уложение царя Алексея Михайловича», і то ў бальшыні сьпісаны з нашага Статуту. Вось што аб гэтым кажа расейскі вучоны праф. Дьяконаў: «3 усіх 25 разьдзелаў «Уложения» разьдзелы 2, 3, 4, 5, 7 і 9 зьяўляюцца бадай даслоўным перасказам з Статуту (з разьдзелаў I i II). У вадным разьдзеле найменш 55 параграфаў, узятых з розных мясьцінаў Статуту (усіх параграфаў «Уложение» мела 967); разьдзел 22 бадай цалкам узяты з разьдзелу XI. Частка параграфаў перакладзеная і цалкам сьпісаная, частка-ж датарнаваная да абставінаў маскоўскага «самодержавия». Ёсьць выпадак, дзе сьпісаны параграф бяз добрага разуменьня ягонага сэнсу. Разам узятыя з беларускае мовы і жыўцом перанесеныя ў расейскую розныя праўныя тэрміны, якіх менш разьвітая тады расейская мова ня мела. Словы, якімі пачынаецца бадай кажны параграф «Уложения»: «А будет кто» ёсьць простай перадачай звычайнай формулы Статуту: «Гды-бы хто».