Рускія народныя казкі
- Автор: Афанасьев Александр Николаевич, Нечаев Александр Николаевич
- Год: 1985
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- Переводчик: Алесь Іванавіч Якімовіч
- Жанр: Сказки народов мира
Электронная книга - «Рускія народныя казкі». Краткое содержание книги:
чарадзейныя і бытавыя казкі, казкі пра жывёл.
— Не сварыся, баба, на гэты раз без падману! Падай хутчэй Лубянку — натрасу грошай, і ідзі на рынак, купляй што трэба.
Прынесла баба Лубянку, падставіла.
Страсянуў дзед кашалёк раз, другі — выпаў стары медны гузік, і больш нічога няма. Зноў пачаў трэсці кашалёк. Трос, трос — няма нічога.
Тут баба давай дзеда частаваць, чым пад руку трапілася. Б'е, а сама плача, прыгаворвае:
— Ах ты пустамеля, пустазвон, загубіў мяне, гаротніцу! Усё жыццё з табою прапакутавала, добрага дня не бачыла, а на старасці год і зусім розум страціў, з кожным днём усё дурнейшы робішся!
Біла-лупіла, пакуль Лубянка не рассыпалася, потым кінулася па качаргу.
А дзед — дай бог ногі. Выскачыў з хаты і бег, пакуль вёска з вачэй не схавалася. Спыніўся: «Ну куды цяпер падацца? Баба сварыцца ды б'ецца, а мне пасля такіх падманаў і на вочы ёй паказацца сорамна. Пакуль управы не знайду, дадому не вярнуся. Ці не падмяніў гэта часам шынкар абрус-самабор ды кашалёк-саматрас? Ці мо вецер Паўночнік пакеплівае? Пайду да свайго названага брата: шынкар, калі і падмяніў абрус ды кашалёк, усё роўна не прызнаецца».
Трэці раз пайшоў дзед да высокай гары.
Вецер Паўночнік якраз дома быў. Выйшаў ён з хаты і няветліва сустрэў названага брата:
— Я ўсё пра цябе ведаю. Зноў мяне не паслухаўся, наракай сам на сябе! На вось табе гэтую торбу і жыві сваім розумам. Калі будзе патрэба — страсяні торбу ды скажы толькі: «Двое з торбы!» — і пабачыш, што будзе. А цяпер бывай!
Нічога больш не сказаў Паўночнік, засвістаў, загігікаў, узвіўся пад хмары і паляцеў за трыдзевяць зямель, за трыдзевяць мораў.
Надзеў дзед торбу і паплёўся дадому. Ідзе і думае: «Някепска было б папіць, паесці! Давай хіба пагляджу, што за торба». Зняў торбу, страсянуў і кажа:
— Двое з торбы!
У тую ж хвіліну выскачылі з торбы два малойцы з дубінкамі і давай дзеда біць-малаціць. I датуль білі-малацілі, пакуль ён не здагадаўся крыкнуць:
— Двое ў торбу!
Хлопцы-малойцы тут жа зніклі, нібы іх ніколі і не было.
Дзед бакі чухае, а сам думае: «Не так сабе Паўночнік мне гэтую торбу даў...— I тут здагадаўся:—Гэта ж калі з розумам, дык торба саслужыць добрую службу!»
Начапіў торбу і пайшоў далей.
Доўга ці не доўга ішоў і дабраўся да знаёмага заезнага двара:
«Вось дзе работа для мае торбы знойдзецца!»
А гаспадар убачыў дзеда праз акно і адразу ж выбег на ганак.
— Заходзь, заходзь, госць дарагі!
Прывёў у святліцу і нібы той уюн каля дзеда круціцца:
— Каптан от сюды павесім, а кіёк у гэты куточак паставім!—Падсунуў лаўку да печы:—Садзіся, грэйся, а я скажу, каб на стол падавалі. Сёння мая чарга цябе частаваць...— Мітусіцца, гукае: — Жонка, жонка, радасць вунь у нас якая! Хадзі сюды!
Прыбегла гаспадыня, ласкава, ветліва павіталася.
А шынкар шуміць, не сунімаецца:
— Хуценька на стол падавай! Ды самыя лепшыя стравы і віны!
Стол накрылі, усялякага ядзення-піцення панаставілі. Дзеда пасадзілі на покуць.
— Пі, еш, госць дарагі, ды расказвай, дзе пабыў, што пабачыў! Мы дамаседы — нідзе на бываем, нічога не знаем. Што на белым свеце робіцца?
Дзед частуецца ды гамоніць, а шынкар з торбы вачэй не зводзіць, падлівае госцю віна:
— Паспытай вось гэтага яшчэ, не пагрэбуй, бо пакрыўдзіш нас!.. Кланяйся, жонка, частуй госця дарагога!
Сцяміў дзед: «Не інакш як да торбы шынкар падбіраецца». Сам п'е-есць, пасміхаецца.
Пілі-елі, гаманілі, шынкар не вытрываў і пытаецца:
— Скажы, госцейка дарагі, што ў цябе ў гэтай торбе— мусіць, зноў нейкае дзіва?
Адказвае дзед:
— Гэта не торба, а дзіва з дзіваў. Варта толькі страсянуць яе ды сказаць: «Двое з торбы!» — як з'явяцца чарадзеі і ўсё, што пажадаеш, зробяць для цябе. Вось якое гэта дзіва!
Слухае шынкар дзеда, дагодліва на яго паглядвае, а сам думае:
«Ну, буду я не я, калі гэтая торба не будзе мая!»
Пабалязалі, павячэралі, павялі госця ў найдальшы пакой, улажылі на мяккую пярыну:
— Спі, адпачывай!
А шынкару не спіцца. Знайшоў ён якраз гэткую ж з выгляду торбу і, як заснулі ўсе ў доме, пракраўся ўпакой, дзе спаў госць, павесіў на цвік сваю торбу, а дзедаву занёс у сваю святліцу.
Пабудзіў жонку:
— Зірні, што я прынёс. Цяпер усе мае жаданні збудуцца. Перш-наперш няхай чарадзеі збудуюць палац прыгажэйшы за царскі ды маёнтак вялікі дадуць, і будзем мы як паны жыць-пажываць!
Страсянуў торбу і крыкнуў:
— Двое з торбы!
Выскачылі з торбы два малойцы з дубінкамі і давай шынкара з жонкай частаваць, адно толькі дубінкі пасвістваюць. Гаспадар з гаспадыняю крычаць баяцца, а малойцы з торбы б'юць-малоцяць.
Няма ўжо сілы трываць, пачаў шынкар прасіць-маліць: