Рускія народныя казкі
- Автор: Афанасьев Александр Николаевич, Нечаев Александр Николаевич
- Год: 1985
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- Переводчик: Алесь Іванавіч Якімовіч
- Жанр: Сказки народов мира
Электронная книга - «Рускія народныя казкі». Краткое содержание книги:
чарадзейныя і бытавыя казкі, казкі пра жывёл.
— Папіць, паесці!
Бацюхны мае! Адкуль што ўзялося: панаставілася страў усялякіх, мяды духмяныя, віны салодкія, закускі, заедкі розныя — стол угінаецца! Пі, еш — душа мера!
Шынкар аслупянеў, глядзіць, вочы вылупіўшы, слова сказаць не можа. Гэтакага дзіва век не бачыў.
I дзед вельмі рады:
— Будзе цяпер у нас з бабаю што піць, есці! Будзе чым і добрых людзей пачаставаць!
I ад радасці кліча шынкара:
— Садзіся са мною вячэраць і сваіх усіх, хто ў цябе ёсць, заві — пачастунку на ўсіх хопіць!
Шынкар паклікаў жонку ды дзяцей — і падселі ўсе да дзеда за стол. Сядзяць частуюцца. Дзед выпіў салодкага віна ды моцнага мёду, і зашумела ў яго ў галаве; песню зацягнуў.
Тут шынкару і прыйшло ў галаву:
«От бы гэты абрус мне спатрэбіўся!»
Пасля вячэры дзед паваліўся на лаву і моцна заснуў. Шынкар падмяніў абрус-самабор кропля ў кроплю такім жа з выгляду звычайным абрусам.
Назаўтра дзед прачнуўся раным-раненька і дадому заспяшаўся.
Баба сустрэла яго лаянкай:
— Дзе цябе нячысцік носіць? Дома хлеба ні крошкі, ні палена дроў няма, а яму і гора мала!
— Маўчы, баба! Садзіся за стол, частуйся, чаго толькі твая душа пажадае, пі, еш уволю!
Пасадзіў бабу за стол, разгарнуў абрус:
— Папіць, паесці!
Што такое? Няма нічога...
Дзед яшчэ раз абрус страсянуў, разгарнуў, рукою прыстукнуў:
— Папіць, паесці!
Зноў нічога.
Тут баба ўсхапілася, узяла чапялу:
— Ах ты, пустамеля, яшчэ насміхацца надумаўся! — I раз, раз чапялою: — На вось, на табе, недарэка абрыдлы!
Дзед выскачыў з хаты—ды наўцекі.
Спыніўся за весніцамі.
«Тут штосьці не так. Відаць, Паўночнік ашукаў мяне. Ну, ды не на таго натрапіў! Цяпер мне дарога знаёмая», — падумаў дзед.
I пайшоў да маці чатырох вятроў.
Ішоў, ішоў і познім вечарам прыйшоў да высокай гары, да вялікай хаты з чатырма ганкамі. На той час браты-вятры з усіх чатырох бакоў дадому беглі. Падхапілі госця і занеслі ў хату.
Павітаўся дзед з маці чатырох вятроў ды з братамі і кажа ветру Паўночніку:
— Не па-брацку ты, брат названы, са мною абыходзішся. Твой абрус-самабор усяго адзін раз мяне напаіў, накарміў, ды на тым усё і скончылася. Хіба добра так з мяне насміхацца?
— Пачакай, пачакай,— кажа Паўночнік.— Заходзіў ты на заезны двор?
— Заходзіў.
— Ну вось сам сябе ва ўсім і вінаваць, калі мяне не паслухаўся.— Дастаў кашалёк з-за пазухі.— Вазьмі гэты кашалёк і ідзі. Ніколі ў цябе ні ў чым нястачы не будзе. Што спатрэбіцца, патрасі кашалёк — і колькі трэба грошай, столькі і натрасеш. Ды глядзі помні маё слова: нікуды па дарозе не заходзь.
Госця напаілі, накармілі, і падаўся ён дадому.
Казка хутка кажацца, а яшчэ хутчэй дзед дадому спяшаецца.
Ішоў, ішоў і дайшоў да таго заезнага двара, дзе раней спыняўся.
«Зусім я аслабеў, ды і ногі больш не гнуцца, усё роўна мне дадому сёння не дайсці. Зайду пераначую ў знаёмага шынкара».
Зайшоў, павітаўся. Гаспадар заезнага двара пазнаў дзеда, ласкава сустрэў:
— Садзіся адпачывай, добры чалавек! Калі не пагрэбуеш нашым пачастункам, заказвай папіць-паесці з дарогі.
А дзеду і холадна і голадна.
«Давай пагляджу, чым мяне адарыў Паўночнік!»
Загадаў падаць вячэру, ды і віна заказаў. Выпіў чарку-другую і захмялеў, ведама, стаміўся. Кліча шынкара:
— Садзіся, гаспадар, і сваіх усіх пакліч, ды што ёсць у доме ядома падавай на стол! За ўсё разлічуся, страты не будзеш мець.
Гаспадар замітусіўся, нанасіў розных страў ды ўсялякіх напіткаў, паклікаў жонку ды дзяцей, і ўсе пачалі частавацца. П'юць, ядуць, а шынкару не церпіцца даведацца, якое дзіва ў дзеда ёсць. Усё новых і новых страў патрабуе, а чым будзе разлічвацца?
Цярпеў, цярпеў шынкар і кажа:
— Ну, добры чалавек, дзякуй за пачастунак, пара адпачываць. Заўтра ж рана, пэўна, пойдзеш — разлічымся за ўсё сёння.
Дзед дастаў з-за пазухі кашалёк-саматрас.
Страсянуў раз-другі — і пасыпалася серабро ды золата. Натрое, насыпаў блюда грошай:
— Бяры, гаспадар, усё тваё — у мяне гэтага дабра хопіць!
А гаспадар утаропіўся на дзеда, сядзіць моўчкі. Потым схапіў блюда, пачаў грошы рукамі перабіраць: грошы правільныя, золата ды серабро сапраўднае.
— Вось гэта дзіва!
Паваліўся госць спаць і заснуў моцным, непрабудным сном. Спіць, бяды над сабою не чуе, а бяда-злыбеда тут як тут.
Знайшоў шынкар гэтакі ж кашалёк і падмяніў дзедаў кашалёк-саматрас.
Назаўтра рана-раненька падхапіўся дзед і пайшоў дадому.
Дома толькі цераз парог пераступіў, выхапіў з-за пазухі кашалёк, паказвае: