Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Биографии и мемуары » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 229
Перейти на страницу:

Відаць, да гэтага часу (а можа, трохі раней) адносіцца маё знаёмства з мастацкай літаратурай. Яшчэ чытаць ня ўмеў, і першы мастацкі твор мне прачытаў бацька. Гэта быў знакаміты «Гой» Міхася Лынькова («I плакала Рыва…»). А ў школе неяк прынёс настаўнік некалькі дзіцячых кніжак, пачаў раздаваць для чытаньня — на табе, на табе… Мне дасталася тоненькая кніжачка, казка «Царэўна-лягушка», а Валодзю — «Канёк-гарбунок». Гэта была мая першая школьная крыўда: не хацеў я чытаць пра «лягушку» — хацеў пра каня-гарбунка. Абдзяліў лёс на першым этапе. У другую клясу пайшоў ужо ў іншую вёску — у Двор-Слабодку. Гэта трошкі далей, але школа там была лепшая, у былой панскай сядзібе. Пад школу адвялі палову панскага дома з вэрандай, кафлянай грубкай і вялікімі вокнамі. Вучыў нас малады настаўнік Сьцяпан Рыгоравіч Троцкі, а таксама ягоны калега Крацёнак. Першы цяпер на пэнсіі, доўга працаваў у Браславе. Тады быў вясёлы, нязлы, мы яго любілі.

Ён вучыў, здаецца, адну зіму. Пасьля прыйшоў іншы — Сяргей Сьцяпанавіч Новікаў, паходжаньнем з нашае вёскі. Гэты ўжо быў супрацьлегласьць ранейшаму, — даволі строгі чалавек, парцеец, ён арганізоўваў калгасы ў нашай акрузе і загінуў у партызанах, у час знакамітага разгрому, названага пасьля «прарывам». У яго была свая, партыйная сістэма навучаньня: вельмі ён напіраў не на мову ці арыфмэтыку, а на грамадазнаўства, на гісторыю таксама. У пакоі, дзе мы вучыліся, было дзьве клясы — два шэрагі партаў. Калі ў адной клясе ішоў вусны ўрок, дык у іншай — пісьмовы, значыць, самастойны. Ды бывала так, што я свае задачы хуценька парашаю і сяджу, слухаю, пра што ідзе гаворка ў старэйшай клясе. Неяк сталася, што некалькі разоў, калі там ніхто ня мог адказаць на нейкае пытаньне настаўніка (памятаю, нешта пра Парыжскую камуну), дык я паднімаю руку, і Сяргей Сьцяпанавіч мяне выклікае, а пасьля сарамаціць старэйшых за тое, што яны ня ведаюць. Вось так я паактыўнічаў пару разоў, і настаўнік кажа: няма чаго табе там сядзець, перабірайся сюды. Так сярод зімы ён перавёў мяне ў чацьвертую клясу. Хаця тое мне не пайшло на карысьць. Бо скончыў я чатыры клясы ў дзесяць год, а што далей? Сярэдняя школа ў Кублічах, за тры кілямэтры, дык бацька і кажа: «Куды табе, малому, далёка хадзіць? Хадзі зноў у Слабодку». I пайшоў я зноў у чацьвертую клясу, абы вучыцца. Значыць, у трэцюю клясу хадзіў паўгода, а ў чацьвертую — два гады. Пасьля пайшоў у Кублічы, дзе была сярэдняя школа і куды хадзілі хлопцы і дзяўчаты з усяе акругі.

Калі замярзала балота, у школу хадзілі наўпрасткі — па алешніку, цераз пагорак і далей на балота. Там трэба было абысьці хамлачок алешніку з дрыгвяністай асакой, перабрацца цераз зарослую аерам рачулку і ўскараскацца на крутаваты схіл перад Кублічамі. Шлях быў цяжкі, але цікавы: на балоце трапляліся зайцы, можна было спугнуць курапатак у асацэ. Аднойчы ў зімовых прыцемках мне трапіўся воўк, нейкі час мы зь ім ішлі ў адным накірунку, я — па сьцежцы, а ён зводдаль па цаліку. Пасьля разышліся — кожны сваёй дарогай.

На балоце перад школай разьлеглася невялікае азярко, недаступнае ўлетку, затое дужа цікавае восеньню, як пакрыецца тонкім празрыстым лёдам. Там можна было пакоўзацца ўранку, дасьледаваць, што на неглыбокім тваністым дне. На дне дзе-нідзе, ледзьве варушачы плаўнікамі, драмалі язі ды шчупакі. Варта было прадзяўбсьці паціху невялічкую палонку і скіраваць на рыбіну зробленыя з тоўстага дроту восьці, як тая рабілася тваёй хвалюючай здабычай. Тым звычайна займаліся некаторыя старэйшыя хлопцы, малым дазвалялася хіба паназіраць зблізку.

Лета, лецечка, лецейка…

Лета чакалася, марылася, набліжалася ў думках-мроях. А яно марудзіла, вясна доўжылася. Вясна — таксама няблага, але ж — школа. Іспыты-экзамэны кожны год, за кожны клас. Ізноў жа — бясхлебіца, шчаўё ды крапіва. Траўнікі, ад якіх баліць у роце.

Ды во нарэшце школа ззаду, падручнікі — на паліцу. Лес ужо апрануўся ў лістоту, вакол зелена. Крыху кепска — бяз школы няма кніжак, чытаць няма чаго. Затое — воля і — возера. Наладжваем вуды. Кручкі здабылі загадзя, ёсьць пару з вушкамі, а то цяпер у крамах — толькі з пляскатымі канцамі. Тыя дрэнна трымаюцца ў валасянай, зьвязанай вузялкамі лесцы. Тую «леску» вяжам з валасоў, выдраных з хваста белай кабылы. На жаль, яна адна ў калгасе — белая. Брыгадзір сварыцца… Але брыгадзір увогуле добры, Антон Стрыжонак, і сварыцца ён нязлосна.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 229
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)