Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Биографии и мемуары » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 229
Перейти на страницу:

Мама распавядала, некаторыя зь сялянаў зьдзіралі зь іх боты, апратку. Тое распавядала з асуджэньнем, амаль спалохам (гэта ж — вялікі грэх!) і паказвала ў вуглу хаты дзірку, дзе засела куля, што прыляцела ўсё адтуль, зь Бітай пожні. Я таксама не любіў тую пожню, але болей за калючую траву, што расла там і дужа калола босыя ногі.

Бацька ўспамінаў, як ва Усходняй Прусіі (у Аўгустоўскіх лясох) трапіў у палон да немцаў. «А куды ты дзеў вінтоўку?» — цікавіўся я. «Павесіў на сук у лесе», — казаў бацька. I я шкадаваў: нашто ў лесе, лепш бы прынёс дамоў, я б зь ёй гуляў. Мне ў той час было гадоў пяць.

Маці Ганна Рыгораўна паходзіла зь вёскі Завулак, якая апынулася па той бок мяжы, пад Польшчай. За мяжой застаўся і яе брат, той, што лавіў рыбу. Яна ўвесь час па ім гаравала, асабліва як агітатары распавядалі, што працоўныя ў Польшчы гібеюць без правоў і бяз хлеба. Для нас, дзяцей, гэта таксама была нейкая драма, спасьцігнутая ў надта раньнім узросьце. Я быў старэйшы. Праўда, была яшчэ старэйшая за мяне сястра Антуніна, але яна памерла ў пятнаццаць гадоў… Пасьля мяне нарадзілася сястра Валя, а ў 30-м годзе — брат Мікола (памёр у 2000-м). Ну, калі яшчэ казаць пра бацькоў… Бацька быў даволі строгі да нас, дзяцей, увогуле мы яго пабойваліся. Маці ж, наадварот, — дужа мяккая і жальлівая, я ніколі ня чуў ад яе гучнага слова — усё з ласкай і добрасьцю. І я лічу, што гэта кепска. Жыцьцё — усё ж бязьлітасная рэч, для яго яшчэ ў дзяцінстве патрэбна загартавацца характарам. Я ж засвоіў ад маці занадта шмат мяккага, што мне неяк шкодзіла — на вайне і пасьля вайны. Асабліва ў войску, дзе ў пашане пэўная зьвераватасьць характару.

Мабыць, варта яшчэ зазначыць, што вёска наша была ў якіх-небудзь двух кілямэтрах ад мяжы з Польшчай, і тая акалічнасьць накладвала свой адбітак на шмат што — побыт, палітыку, самаадчуваньне людзей.

Шмат рамантычнага па маладосьці, а таксама драматычнага зьвязанае ў мяне зь мяжой. У Кублічах побач са школай была памежная камэндатура, каля школьнага двара — канюшня і цір ці стрэльбішча, дзе памежнае начальства страляла з рэвальвераў. Па дарозе ў школу і са школы можна было бачыць памежнікаў, якія ўсё кудысь ехалі — конна, групамі, па два, зь вінтоўкамі і шашкамі, у прыгожых, скрыпучых сёдлах. Камандзіры жылі ў мястэчку, а іх жонкі-настаўніцы вучылі нас у школе. Памежнікі часам паказвалі кіно ў вёсках, былі як бы шэфы. На нейкае сьвята на местачковай плошчы наладжвалі джыгітоўку — на конях, шашкамі «секлі лазу». Усё тое было цікава. А ўлетку купалі коней на Камароўскім возеры, мы памагалі. Не абыходзілася, канешне, і без драматычных падзеяў. Памятаю, неяк узімку прымчалася начальства, усіх мужыкоў выгналі ў засады — пільнаваць парушальнікаў мяжы, і тыя дзень і ноч сядзелі ў кустоўі, каб падаць сігнал, калі заўважаць каго. У канцы 20-х — пачатку 30-х з Польшчы на гэты бок ішло нямала народу, у асноўным моладзі, пасьля вядомага разгрому кампартыі і камсамолу. Хлопцы ішлі вясёлыя, нават з гармонікамі, — як жа, вырваліся з-пад панскага гнёту ў новы сьвет. Мы бачылі, як іх ранкам вялі з заставаў у камэндатуру, і яны пасьміхаліся. А пасьля, як ужо мы ішлі са школы, іх на аўтамашынах везьлі далей, і рукі іх былі закладзеныя назад ці, можа, зьвязаныя, і яны не пасьміхаліся. Аднойчы на мяжы нехта забіў пагранічніка, і яго хавалі ўсім раёнам на кірмашовай плошчы ў Кублічах. Як цяпер разумею, забілі таго не абавязкова палякі ці парушальнікі, а зусім магчыма — свае ў мэтах правакацыі, як гэта яны здаўна рабілі. Усё тое афарбоўвала дзяцінства ў часам ненатуральныя, звыродлівыя колеры. Асабліва калі мець на ўвазе некаторыя наступныя падзеі…

Школа ў вёсцы арганізавалася на мяжы 30-х гадоў, сьпярша гэта была пачатковая школка ў сялянскай хаце. Хата тая і дасюль стаіць, пасьля вайны ў ёй жыў мой брат Мікола. А тады гаспадары проста перасяліліся ў трысьцен, а большы пакой аддалі пад школу. Там паставілі два даўгія сталы і сабралі чалавек пятнаццаць вясковай драбнаты. Настаўнікам быў Антон Васільевіч Аўласенка зь вёскі Дарошкавічы. Дарэчы, ягоная дачка жыве ў Менску, замужам за старэйшым Машэравым. Сталася так, што ўсе мае сябры былі старэйшыя за мяне і пайшлі ў школу раней, а мне толькі шэсьць год. Сяджу адзін дома, а ў школе штось адбываецца цікавае, і я таксама хачу туды. Тады аднойчы бацька ўзяў мяне за руку і павёў да настаўніка. Пагаварыў зь ім, і Антон Васільевіч кажа: хай ходзіць. Даў мне сшытак, пяро, а Валодзя Галавач, зь якім я хадзіў на возера, павёў на замерзлае балота, акуратна зрэзаў ножыкам чарацінку, уставіў туды пяро. I пачаў я вучыцца.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 229
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)