Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Ператвораныя ў попел - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Ператвораныя ў попел

Электронная книга - «Ператвораныя ў попел». Краткое содержание книги:

Кожны раз увесну, калі прылятаюць птушкі і высокае неба скаланаецца ад птушынага граю, калі ў гарадзкіх парках і на гародах паляць леташнюю лістоту і жоўтыя лапы дыму цягнуцца, нібыта кітайскія цмокі, да дрыготка-зьвінючага сонца, памяць мая абуджаецца і я вяртаюся ў тую далёкую, немаведама якога году вясну, бачу шпака, што сьпявае на разгалістай яблыні, і маці, якая стаіць на ганку, зь вінаватай усьмешкай паглядаючы на пяюна. “Шпак”, — прамаўляе маці й вочы ейныя захоплена бліскаюць. Я таксама гляджу на птушку. У гэты момант за сьпінай маёй чыркае запалка і бацька, прыпаліўшы папяросу, вясёлым голасам гукае: “Ну, здорово живёшь... Какой же это шпак? Это скворец!” Мы з бацькам сьмяемся зь нехлямяжага матчынага слова, і маці, усё з той жа вінаватай усьмешкай, ледзь чутна прамаўляе: “Скворец”. З таго красавіцкага ранку мінула безьліч гадоў. І сёньня, згадваючы вясёлы бацькаў сьмех і матчыну ўсьмешку, я разумею, што яны нездарма захаваліся ў цёмных спратах памяці, бо былі своеасаблівым кодам маёй сутнасьці, жывымі генамі беларускай і расейскай мэнтальнасьці. Дзьве душы — беларуская ды расейская — жывуць ува мне з тае пары. Ім цесна пад адной скурай, яны штодня крояць на часткі маё ego і, відаць, я змагу ўсьвядоміць сябе беларусам толькі на божай пасьцелі, калі адна душа вылузьнецца са скуры, а другая — беларуская — забавіцца на хвіліну. І калі знадворку будуць сьпяваць шпакі, і жоўтыя лапы дыму будуць цягнуцца да сонца, а на белых вуснах маіх застыне вінаватая ўсьмешка, ведайце: я памёр беларусам.
1 ... 35 36 37 38 39 40 41 42 43 ... 57
Перейти на страницу:

— Вунь, бачыш, што засталося ад каналаў? — Пятро кіўнуў на жабурыністы стаў, пасярод якога – халявай угору – плаваў падзерты бот. – Між іншым, яны былі праточныя, лучыліся з возерам.

— А дзе яно? — перапытаў я, з тупой зацятасьцю пазіраючы на халяву.

— Хто?

— Возера.

— Ды тут, за кустамі.

Дапяць да возера было ня проста. Добрых дзьвесьце мэтраў мы ішлі тваністай, парослай аерам і сітнікам балацявінай, пакуль ня ўзьбіліся на азёрны бераг. І вось яно, Асьвейскае возера! Млявай хваляй плёскае ля ног, люляе на хвалях ружовыя аблокі і здаецца, што сьвет перакуліўся дагары нагамі і мы плывем на тых аблоках, згубіўшы арыентацыю ў часе і прасторы.

— Аднак – ня Нарач, — буркнуў я, шпурнуўшы каменьчык у той бок, дзе беглі па вадзе вужачыныя цені трысьнёгу.

— Зарасло... пасьля 27-га году, — азваўся Пятро. – У 27-м годзе бальшавікі канал пракапалі, хацелі ваду з возера спусьціць. Дно тут сапрапэлістае, дык яны зьбіраліся на асушаным прасторы плянтацыю кок-сагызу пасадзіць. Канал пракапалі, ды вада ўся не сышла, адно ўзровень панізіўся.

— Ну, а дзе тут выспа? — задаў я пытаньне, якое даўно не давала спакою.

— Ды вунь яна, перад табою.

Узгорыстая, парослая кустамі выспа займала добрую палову возера.

— Дык зусім блізка. Колькі будзе напрасткі?

— Больш як два кілямэтры. На лодцы цэлую гадзіну веславаць.

Пятро стаў апавядаць пра востраў, пра тое, што некалі там была вёска – з крамаю, клюбам, дызэльнай электрастанцыяй і школкаю, што там было процьма грыбоў і што цяпер там ніхто не жыве – адно пасьвяцца калгасныя коні.

— А ці ведаеш каго з карэнных астраўлянаў? — перабіў я суразмоўніка.

— А во... Дзіна Сымонаўна. У школе-інтэрнаце працуе. Зараз цябе пазнаёмлю.

Я рушыў сьледам за Пятром і кожны крок мой абцяжарвала назолае пытаньне: «Няўжо тая самая Дзіна?»

— Ну што вам сказаць пра востраў, — з заклапочанасьцю ў голасе прамовіла жанчына. – Да вайны ў нас была вялікая вёска. Двароў, можа, семдзясят. Быў свой калгас, дакладней, калгасная брыгада, якая лавіла рыбу. Мой дзед, Паладзій Мікалаевіч, быў за брыгадзіра. У 38-м годзе яго забралі. Зьвезьлі ў Полацак і, як мы потым даведаліся, расстралялі. Ну а ў вайну вёску спалілі. Было гэта ўзімку. Немцы прыехалі на лыжах, пахадзілі, пагергекалі і падпалілі стрэхі...

Я слухаў жанчыну і ў душы нараджалася дзіўнае адчуваньне. Я адчуў раптам, што мне стала моташна жыць. Моташна жыць у краіне, дзе здавён часу вынішчаюцца людзі, мова, прырода. Дзе бязьмежна пануе звыродны кадук – ці то ў абліччы энвавэдыста з наганам, ці то эсэсаўца са шмайсэрам. Каб пазбыцца непрыемных думак, я шчоўкнуў дыктафонам.

— А памятаеце, Дзіна Сымонаўна, я вам калісьці ліста напісаў? Пра востраў пытаўся.

Жанчына сумелася, апалым голасам прашаптала: — Памятаю.

— Трыццаць чатыры гады мінула, — паведаміў я зь невясёлай бадзёрасьцю.

Суразмоўніца мая хвіліну маўчала, а потым, панурыўшы вочы, запытала: — Чаму ж вы тады не прыехалі?

— Валера захварэў...

Я ўдыхнуў паветра, зьбіраючыся паведаміць, што Валера пазалетась памёр ад інфаркту, ды, адчуўшы непрыемны халадок у грудзіне, кашлянуў у далонь, падхапіўся на ногі і ўбачыў сябе як бы збоку, на адлегласьці: пасівелы, апанаваны штодзённай пякоткай і начным бяссоньнем чалавек выпаўзае з-пад крушні пражытых гадоў, азіраецца і з жахам разумее, што жыцьцё ідзе да скону.

— Прыяжджайце. Муж на востраў звозіць, — прамовіла на разьвітаньне Дзіна Сымонаўна і я, ні слова не сказаўшы, пацалаваў жанчыне руку.

Шарай гадзінай, з пляшкай гарэлкі ў поліэтыленавай торбе, мы ішлі зь Пятром да ягонай хаты і нечакана нас аклікнулі:

— Ну... куды бяжым?

Тры падпітыя хлопцы стаялі пасярод закіданага трэскамі двара і палілі цыгарэты.

Мы падышлі, парукаліся.

— Чуў, Пятро, што дзеецца? — прамовіў адзін з хлопцаў. – На востраве дванаццаць адсечаных лебядзіных галоў знайшлі. Бамжы, відаць, адсеклі.

Хлопец з абурэньнем сплюнуў тытунёвыя крыхоткі, а кадук у маім уяўленьні набыў новае аблічча – залётнага бамжа з секачом у руках.

Насоўваўся прыцемак. Неба было колеру сыроваткі і ў нябесным прыціне круглявай аблачынкай плыла поўня. Дзесьці стомлена ўздыхала карова, ля Пятруковай хаты бразгалі поўныя вёдры, камар зьвінеў за вухам, а ў шэрай траве штосьці стоена шамацела і на сьцяжыну жывым клубком выкаціўся вожык. Ступіўшы на ганак хаты, я азірнуўся: скрозь стаўбуры старых таполяў, пазбыўшыся ўсіх сваіх фарбаў, сьвяцілася ў мораку пляскатае возера.

Гаспадар паслаў мне ў сьвятліцы і, перш чым заснуць, давялося прагледзець сьвежы нумар «Народнай Волі», які набыў ад ранку. Газэта паведамляла страшэнныя рэчы: да Зямлі, з хуткасьцю 15 кілямэтраў у сэкунду, ляціць астэроід і, ня выключана, праз 878 гадоў ён можа ляснуцца аб зямную паверхню.

1 ... 35 36 37 38 39 40 41 42 43 ... 57
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)