Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Ператвораныя ў попел - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Ператвораныя ў попел

Электронная книга - «Ператвораныя ў попел». Краткое содержание книги:

Кожны раз увесну, калі прылятаюць птушкі і высокае неба скаланаецца ад птушынага граю, калі ў гарадзкіх парках і на гародах паляць леташнюю лістоту і жоўтыя лапы дыму цягнуцца, нібыта кітайскія цмокі, да дрыготка-зьвінючага сонца, памяць мая абуджаецца і я вяртаюся ў тую далёкую, немаведама якога году вясну, бачу шпака, што сьпявае на разгалістай яблыні, і маці, якая стаіць на ганку, зь вінаватай усьмешкай паглядаючы на пяюна. “Шпак”, — прамаўляе маці й вочы ейныя захоплена бліскаюць. Я таксама гляджу на птушку. У гэты момант за сьпінай маёй чыркае запалка і бацька, прыпаліўшы папяросу, вясёлым голасам гукае: “Ну, здорово живёшь... Какой же это шпак? Это скворец!” Мы з бацькам сьмяемся зь нехлямяжага матчынага слова, і маці, усё з той жа вінаватай усьмешкай, ледзь чутна прамаўляе: “Скворец”. З таго красавіцкага ранку мінула безьліч гадоў. І сёньня, згадваючы вясёлы бацькаў сьмех і матчыну ўсьмешку, я разумею, што яны нездарма захаваліся ў цёмных спратах памяці, бо былі своеасаблівым кодам маёй сутнасьці, жывымі генамі беларускай і расейскай мэнтальнасьці. Дзьве душы — беларуская ды расейская — жывуць ува мне з тае пары. Ім цесна пад адной скурай, яны штодня крояць на часткі маё ego і, відаць, я змагу ўсьвядоміць сябе беларусам толькі на божай пасьцелі, калі адна душа вылузьнецца са скуры, а другая — беларуская — забавіцца на хвіліну. І калі знадворку будуць сьпяваць шпакі, і жоўтыя лапы дыму будуць цягнуцца да сонца, а на белых вуснах маіх застыне вінаватая ўсьмешка, ведайце: я памёр беларусам.
1 ... 31 32 33 34 35 36 37 38 39 ... 57
Перейти на страницу:

Ці настройваліся тою ўва ўсіх сэнсах глухою парою на «люксэмбурскую» хвалю беларускія заўзятары біта? Цяжка сказаць. Хутчэй за ўсё – не. У кастрычніку 62-га беларусам было не да песень: згуртаваўшыся вакол роднай камуністычнай партыі, яны зьбіраліся даваць рашучы адпор амэрыканскім агрэсарам. Я тады хадзіў у другую клясу і, вяртаючыся са школы, чуў з разнасьцежаных вокнаў патасна-брынклівы левітанаўскі голас. Ледзь ня кожнага дня зачытваліся заявы савецкага ўраду – пра агрэсіўныя пляны вашынгтонскай адміністрацыі ў раёне Карыбскага басэйну, пра тое, што амэрыканскія ваенныя самалёты ўчыняюць правакацыйныя аблёты савецкіх вадаплаваў, пра тое, што Савецкі Саюз будзе й надалей аказваць дапамогу братняму кубінскаму народу. Тады ж бацьку паклікалі ў ваенкамат, уляпілі ў ваенны білет ружовага колеру ўкладку, і бацька, пужаючы маці, зачытваў паперку, дзе гаварылася – што трэба браць з сабою ў выпадку мабілізацыі. Дагэтуль памятаю, што сярод іншага трэба было прыхапіць з дому лыжку і конаўку.

У 1962 годзе Савецкі Саюз уяўляў сабой маналітны ледавік. І ўсё ж час вялікага абледзяненьня ўжо мінуў; палітычны клімат рабіўся цяплейшым, і ў самім маналіце ўзьніклі першыя, амаль нябачныя расколінкі. І ўзьніклі яны, дзякуючы ўсё тым жа кароткахвалевым прыймачам.

Аднойчы – ужо і не згадаю, у якім годзе – бацькі пайшлі на вясельле, і я падсеў да радыёлы. Ледзь ня ўсю ноч круціў ручку настройкі, і нечакана, скрозь шум і посьвіст, да мяне даляцелі зыкі, ад якіх я зьлёгку ачмурэў: было поўнае ўражаньне, што я плыву ў паветры, і сэрца маё сьціскаюць нечыя цёплыя і пяшчотныя рукі. На далёкай, зьнявечанай радыёперашкодамі хвалі, гучала бітлоўская песьня “I Want to Hold Your Hand”. Сорак гадоў мінула, а ўражаньне ад той песьні і дагэтуль ня выпетрылася з душы. І на пытаньне “Ў чым фэномэн «Бітлз»?” ёсьць толькі адзін адказ: яны стваралі музыку, якая гучала ў аднолькавай амплітудзе з нашым дыханьнем, з трапятаньнем нашых душаў. І спароджаны бітламі рэзананс скалануў урэшце ледзяны маналіт, ад якога пачалі адвальвацца першыя камлыгі.

Дасьледнікі, што будуць вывучаць усе гэтыя палітычныя інтэрстадыялы — разбурэньне савецкага ледавіка – мусяць выявіць прозьвішчы людзей, якія зьдзейсьнілі пры канцы шасьцідзясятых грамадзянскі подзьвіг: запісалі на вінілавай кружэлцы славутую «Girl». Гэта была першая ў Савецкім Саюзе афіцыйна выдадзеная бітлоўская песенька. І зьявілася яна толькі таму, што работнікі гуказапісу ўвялі ў зман “апэратараў халадзільнай устаноўкі”, ціскануўшы на вініле нязграбна-пукатыя літары: “Девушка”, англ. нар. песня. Обработка Леннон-Макартни”. Прачытаўшы сакрамэнтальнае “нар. песня”, апэратары ўявілі тую самую дзяўчыну “в кокошнике с набалдашником”, і далі дабро на тыражаваньне палітычна небясьпечнай аўдыёпрадукцыі.

У 1968 годзе адна зь песень “Бітлз” загучала на савецкім TV. Тэлепраграма мела назву «В объективе – Америка» і распавядала пра жахі амэрыканскага ладу жыцьця. У застаўцы паказвалі нью-ёрскую Wall Street і гучала знакамітая “Can’t Buy Me Love”. Уся “прасунутая” моладзь ліпла тады да экранаў. Вядома ж, не дзяля таго, каб пабачыць плеткара-міжнародніка Валянціна Зорына, а каб паслухаць “бітлух”.

Крыху пазьней песьні “Бітлз” загучалі і ў беларускай філярмоніі: кагадзе ўтвораны ансамбаль “Лявоны” ўключыў у свой рэпэртуар колькі бітлоўскіх зонгаў. Я быў на канцэрце “Лявонаў” і бачыў, зь якім фурорам выконваліся гэтыя песьні. Асабліва публіка шалела ад “Ob-La-Di, Ob-La-Da». Па-ангельску, праўда, выдаваўся толькі першы куплет (“Дезмонт хэс э бэров ин зэ макет плейс/Моли ис зэ синге ин зэ бэнд…» – тэксты песень «Лявоны» завучвалі менавіта ў такім варыянце), астатнія сьпявалі па-расейску. Я таксама шалеў ад «Ob-La-Di, Ob-La-Da», але найбольш запала ў душу песьня “Моя гитара”.

Моя гита-ара, пой бесконечно, О том, что в сердце моём. О чувстве ве-ерном, о чувстве вечном С тобою вме-есте споём…—

пранікнёна цягнуў Уладзіслаў Місевіч, тулячы да грудзей флейту. У залі Палацу культуры нафтавікоў гучала песьня, якую, здавалася, я чакаў усё жыцьцё. І душа лунала недзе пад стольлю, і сэрца парывіста білася, не пасьпяваючы пампаваць гарачую кроў, а то й зусім замірала, калі Місевіч прыкладаўся вуснамі да флейты. Я быў перакананы, што песьню напісалі L&M, і толькі праз пару гадоў, пабачыўшы “Белы альбом”, прачытаў на пацёхканай капэрце: “While My Guitаr Gently Weeps” (Harrison)”.

1 ... 31 32 33 34 35 36 37 38 39 ... 57
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)