Практычны дапаможнік па руйнаваньні гарадоў
- Автор: Бахаревич Ольгерд Иванович
- Год: 2002
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Практычны дапаможнік па руйнаваньні гарадоў». Краткое содержание книги:
Я йшла на курсы ангельскай, проста йшла, дыхала вуліцай, ішла, to go, to run, to rush, да Дому рэспублікі было ўжо бясьпечна блізка, я й ня ведала, што маятнікі завушніцаў, якія нячутна адлічвалі сэкунды па ахайна закладзеных за вушы валасох, даўно грукочаць у ягонай галаве шаманскімі бубнамі. Ён хістаўся, ён ішоў проста на мяне. „Добры дзень траляля Іванавіч,” — сказала я, як сапраўдная дзяўчынка-журавінка. „Прывітанне,” — сказаў ён і няўклюдна, быццам хацеў сагнаць муху з маіх грудзей, тыкнуў мяне ахапкам гвазьдзікаў. Мы моўчкі пайшлі поруч, Дом рэспублікі спрытна ўвярнуўся ад нас, падалей ад грэшнікаў, і застаўся ззаду. „А які ваш любімы мастак, Траляля Паўлавіч?” — спытала я, гледзячы ўніз, у цокат чаравікоў. Ён ці то закашляўся, ці то засмяяўся, а потым сказаў глуха й падступна: „Хасэ Эмануэль Дасьвіданья, чула пра такога?”. Ха-ха. Я сказала чаканае „не”, і ён з гатоўнасьцю падхапіў: „Хадзем, тут блізка”. „Курсы,” — сказала я, хаця тут ужо нават даун з адзінаццатага зэ ўцяміў бы, што курсы сёньня адмяняюцца. „Хіба я не педагог?” — усклікнуў ён опэрным голасам і ўзяў мяне за руку.
Бегаў, зварыў мярзотную каву, кашляў, глытаў макроту, паліў без супынку. Потым пачаліся мэтамарфозы: шафа стала дзьвярмі, у якіх намалявалася бабулька з зашмальцаваным рушніком і прадрапала: „Калі ноччу захочаце ў туалет, дзевушка, рабіце проста ў вядро, я на раніцу вынесу”. Метамарфозы працягваліся. „Ня трэба, траляля Пятровіч”. Кветкавы гаршчок стаў попелкаю, тэлевізар — сталом, цьмяная лямпачка ўверсе — загадкавым сталактытам, ён — заснулым на маіх каленях алкаголікам. Іспанскі мастак і канкістадор Хасэ Мануэль Дасьвіданья маркотна глядзеў на мяне са сьцяны.
Я настаўнік, школьны настаўнік...
Я дзяўчынка — журавінка, дзяўчо-зайчо...
Дык чаго ж мы гэтак хочам адно ад аднаго?
2000
Альгерд Бахарэвіч – беларускі пісьменьнік.
Нарадзіўся ў 1975 годзе ў Менску. Аўтар некалькі кніг прозы, у тым ліку раманаў “Сарока на шыбеніцы”, “Шабаны. Гісторыя аднаго зьнікненьня”, “Дзеці Аліндаркі”, “Белая муха, забойца мужчын”, а таксама зборнікаў эсэ (“Малая мэдычная энцыкляпэдыя Бахарэвіча”, “Гамбурскі рахунак Бахарэвіча”, “Ніякай літасьці Альгерду Б.”, “Бэзавы і чорны. Парыж праз акуляры беларускай літаратуры”) і інш. Апошняя апублікаваная кніга – 900-старонкавы раман “Сабакі Эўропы”, які выйшаў напрыканцы 2017 году ў выдавецтве “Логвінаў”.
Эсэ і апавяданьні Альгерда Бахарэвіча перакладаліся на 10 моваў. Раман “Сарока на шыбеніцы” выйшаў у 2010 годзе ў нямецкім перакладзе, “Малая мэдычная энцыкляпэдыя” – у польскім (2017), “Белая муха, забойца мужчын” – у расейскім (2017). Зборнік апавяданьняў “Талент заіканьня” выйшаў па-польску ў 2008 годзе. Раман “Дзеці Аліндаркі” рыхтуецца да выданьня на францускай мове ў парыскім выдавецтве “Le ver de soie”. Пераклад рамана “Сабакі Эўропы” на расейскую мову выйдзе ў 2019 годзе ў маскоўскім выдавецтве “Время”.
Паводле рамана “Шабаны. Гісторыя аднаго зьнікненьня” на камэрнай сцэне Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы пастаўлены спэктакль.
Двойчы атрымліваў прэмію “Кніга году” (2014, 2018). Ляўрэат прэмій “Гліняны Вялес”, “Залатая літара”. Чатыры разы быў ляўрэатам другой прэміі Ежы Гедройця (2012, 2013, 2016, 2018) і аднойчы – трэцяй прэміі (2014, за раман “Дзеці Аліндаркі”).
Вёў аўтарскія праекты на Радыё Свабода, сайтах budzma.by, 34mag.net, у чэскім часопісе Host, на сайце “Міністэрства контркультуры”. З 2017 году калюмніст часопіса “Большой”. Вёў курс “Майстэрства прозы” у Беларускім калегіюме. Выступае з публічнымі лекцыямі. У 2017-2018 у Менску працаваў Літаратурны клюб Альгерда Бахарэвіча.
Стыпэндыят нямецкага ПЭН-цэнтра (Гамбург), фонда Гайнрыха Бёля (Нямеччына, Лянгенбройх), Institute France (Парыж), Балтыйскага Цэнтра пісьменьнікаў і перакладчыкаў (Вісбю, Швэцыя), Бэрлінскага літаратурнага калёквіюму на Ванзэе, Міжнароднага дому пісьменьнікаў (Грац, Аўстрыя). Удзельнік літаратурных фэстываляў у Нямеччыне, Швэцыі, Польшчы, Чэхіі, Славеніі, Украіне, Літве. Прадстаўляў Беларусь на Эўрапейскай пісьменьніцкай канфэрэнцыі ў Бэрліне (2014). Перакладае зь нямецкай мовы сучасную і клясычную нямецкую літаратуру.
У 2007-2013 гадах жыў у Гамбургу, цяпер жыве ў Менску.
Падрыхтаванае на падставе: Бахарэвіч Альгерд, Практычны дапаможнік па руйнаваньні гарадоў. Проза 1997-2001. Сэрыя SCHMERZWERK, — Мінск: Логвінаў, 2002.
ISBN 5-94716-012-9
У кнігу Альгерда Бахарэвіча увайшлі празаічныя тэксты, створаныя аўтарам на працягу 1997-2001 г.г. У кнізе захаваная аўтарская артаграфія