ПАД ЗНАКАМ ПАГОНІ
- Автор: Малецкі Язэп
- Год: 1976
- Язык: белорусский
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «ПАД ЗНАКАМ ПАГОНІ». Краткое содержание книги:
Язэп Малецкі
Вясною 1942 году нямецкія агенты ТОД пачалі ўсімі сіламі зьбіраць людзей на працу ў Нямеччыне, асабліва на працу ў транспарце места Бэрліну. Найбольш ахвотных знайшлося Расейцаў, бо аж 60 чалавек. Пасьля ішлі Палякі, Летувісы й 16 Беларусаў. Немцы былі зьдзіўленыя, што «прыязная» беларуская нацыя так слаба адгукнулася на патрэбы нямецкай сталіцы. У дзень адпраўкі гэтых дабравольцаў Немцы зрабілі на станцыі мітынг і дэфіляду з аркестрай. Расейцы й Летувісы маршыравалі зь песьнямі ды сьцягамі. Беларусы-ж і Палякі безь сьцягоў ды моўчкі. Да працы ў бамбардаваным Бэрліне яны не сьпяшаліся.
НЕ СПАДАБАЎСЯ НЕМЦАМ
Праца ў Камітэце ішла сваім ходам: выкуплівалі ад Жмудзякоў для нашых школаў паперу й пісьмовыя прылады, трымалі кантакт з правінцыйнымі асяродкамі, высылалі людзей на адказныя становішчы, вялі перамовы зь іншымі нацыянальнымі групамі, выручалі, як маглі, нашых людзей з арыштаў, палонных зь лягераў. Часта былі гэта дробныя справы, ды ці раз хадзіла й аб людзкое жыцьцё.
Калі Жмудзіны занялі Сьвір, яны ня далі магчымасьці нармальна там працаваць беларускім школам, а ведамага нашага дырыгента хораў П. Родзевіча, што быў там школьным інспэктарам, змусілі пакінуць сваю працу. За нашай радай ён пераехаў на такое самае становішча да Вялейкі. Ведаючы ягоную адкрытую й шчырую душу музыкі, я прасіў не займаць ніякага адміністрацыйнага становішча, а толькі літаваць школьніцтва й хору.
Першыя яго выступы зь мяшаным хорам у Вялейцы былі ўздымам патрыятычнага духу. Вялейскі гэбітскамісар Шмідт, які быў вельмі прыхільны да Беларусаў, запрасіў Родзевіча на бурмістра. Прапанова была прынятая, бо Родзевіч спадзяваўся, што гэтак хутка пабудуе ў Вялейцы народны дом ды створыць Музычную Школу.
Яго папулярнасьць, здаровы нацыянальны падыход да грамадзкага жыцьця й уздым беларускага духу ў Вялейцы зьвярнулі ўвагу кіраўніка СС, рыскага фольксдойча Гравэ. Шмідт у хуткім часе быў адкліканы, на ягонае-ж месца прыбыў дабрадушны палкоўнік СС Манн. Родзевіч у гэтым часе правёў дзьве бурныя размовы з Гравэ ў справе арыштаваных і нявінна пабітых на вечарыне Беларусаў.
За Родзевіча заступіліся ўсе беларускія патрыёты на чале з У. Калодкам і М. Скабяём, супроць-жа быў заступнік крымінальнай паліцыі, былы царскі палкоўнік Перамыкін, браты Саўчыцы й Касякі, ды іншыя русацяпы. Яны бессаромна даносілі на Калодку й Родзевіча ўсякую хлусьню, прыкладам, што Родзевіч быў у каталіцкай духоўнай сэмінарыі, што да жонкі пісаў лісты папольску й падобнае. Станоўчасьць у абароне правоў сваіх суродзічаў ды самадзейнасьць давялі да арышту абодвух. Родзевіча СД забіла, трупа спалілі ў лазьні 7 км за Вялейкай. Калодку-ж, які быццам менш спрачаўся, саслалі ў канцэнтрацыйны лягер у Нямеччыну. Віленскі Беларускі Камітэт востра на гэта запратэставаў.
У іншым выпадку Камітэту давялося ратаваць жыцьцё ведамых беларускіх дзеячоў др. Грабінската й др. Грынкевіча. Было гэтак: адзін заўзяты жмудзкі камэндант паліцыі хапаў віленчукоў з вуліцы, дапытваў, зьбіваў да паўсьмерці. Рабіў ён гэта на сваю руку, каб падмацаваць жмудзкія ўплывы ў Вільні й за гэта яго ў белы дзень застрэлілі на вуліцы Міцкевіча. Азьвярэлыя Летувісы, на сваю руку таксама, схапілі 12 выдатнейшых віленскіх грамадзян, а між імі старшыню міжнароднага Чырвонага Крыжа прафэсара К. Пэльчара, адваката Энгельса, інжынера Станкевіча, прафэсара Вільчынската, зь Беларусаў-жа дактароў Грабінскага ды Грынкевіча.
З арыштаваных палавіну Летувісы расстралялі ў ямах на Пажарах, дзе яны забівалі й Жыдоў. Другую-ж палову вывезьлі ў лес на цяжкую працу. Там др. Грабінскі з праф. Вільчынскім спушчалі з пня таўстыя сосны. Калі праф. Вільчынскі пры гэтым прыгаварываў «Цёнгніймы, колего, пілэн нашэго жывота!»[13], прыганяты Жмудзін на яго закрычаў: «А ты там цягай, цягай, польская морда!»
Мы злажылі зразу ў гэбітскамісара гораду востры пратэст супроць самаволі Летувісаў. У хуткім часе др. Грабінскі й др. Грынкевіч былі звольненыя.
Калі праца Камітэту гэтак ішла сваім «нармальным» ходам, ад доктара Шольца нам пад сакрэтам даносяць, што мая асоба мела нарабіць шмат клопатаў мясцовым нямецкім уладам ды што я непажаданы на займаным становішчы. Хутка я дастаў і ліст з гэбітскамісарыяту з запытаньнем і перасьцярогай:
1. Колькі людзей выслаў я самавольна на працу ў Беларусь?
13
Цягайма, калега, пілу нашага жыцьця!