ПАД ЗНАКАМ ПАГОНІ
- Автор: Малецкі Язэп
- Год: 1976
- Язык: белорусский
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «ПАД ЗНАКАМ ПАГОНІ». Краткое содержание книги:
Язэп Малецкі
Вось адзін абразок. На пачатку 1943 году ў віленскі Беларускі Камітэт зьявіўся стары зрусыфікаваны Беларус Т. Фішар. Усё жыцьцё быў ён чыгуначным інжынерам-інспэктарам, перад вайной-жа асеў у Вільні. Два тыдні перад гэтым ён з сваёй жонкай апісаў на Беларускі Нацыянальны Камітэт дом і 12 гэктараў зямлі ў Ерузалімцы пад Вільняй. Мы перанялі маёмасьць, перадачу зацьвердзілі Немцы. Цяпер вось гэты Фішар зьявіўся ў Камітэт з плачам, што летувіскі паліцыянт уварваўся ў ягоны дом ды зрабаваў жончыну біжутэрыю на суму 5000 даляраў. Тут ён, на довад праўды, паказаў фатаграфію сваёй жонкі, што была зробленая ў 1913 годзе ў Вэнэцыі, дзе яна стаіць, як каралева, з дыядэмай, нашыйнікам, бранзалетамі, пярсьцёнкамі.
Справа нялёгкая, у часе вайны цяжка знайсьці нейкую справядлівасьць. Ды ў мяне мільганула думка: Гітлер даў свабодную руку на рабаваньне Жыдоў, але няма ніякіх нямецкіх выказваньняў пра дазвол рабаваць і ня Жыдоў. Я стараўся супакоіць нашага дабрадзея ды пераконваў яго, што тут напэўна нейкі разгул толькі жамойцкіх шавіністых ды прыабяцаў, што мы будзем шукаць справядлівасьці.
Я напісаў адпаведны ліст да гэбітскамісара Вільні ды пераслаў яго нашым перакладчыкам. На другі дзень Фішара выклікалі ў СД, дзе яму сказалі, што ягоная скарга будзе разгледжаная, а пакульшто ён павінен чакаць. Чаканьне гэтае зацягнулася. Каб справа не адцягвалася «ад календас грэкас», я ізноў націснуў на Немцаў. Не прайшло й колькі дзён, як у БНК зьявіўся др. Шольц, ды радзіў нам не займацца гэтак энэргічна розыскам біжутэрыі Фішара. Па-першае, казаў ён, Фішар, хоць зь нямецкім прозьвішчам, не запісаўся фольксдойчам. Па-другое, ягоныя каштоўнасьці могуць мець жыдоўскае карэньне.
Мы зразумелі, што праўды тут ня дойдзем, што тут звычайная нагласьць дужэйшага. Бо, што каштоўнасьці Фішара ня былі нейкага крымінальнага паходжаньня, ня мелі «жыдоўскага карэньня», было ясна з старой, зробленай у Вэнэцыі, фатаграфіі. Фішару пасьля гутаркі з др. Шольцам я сказаў, што, як выявілася, націскаць моцна на справядлівасьць справа небясьпечная, бо можа скончыцца для яго нечым горшым.
У БНК прыходзілі часта з скаргамі й абрабаваныя сяляне. Адзін вось прыклад:
— Вёз я, паночку, дровы да Вільні. Але, вы-ж самі знаеце, не пражывеш цяпер, калі ня будзеш хітрыць. У мяне пад дровамі быў падсьвінак… Ці гэткая хітрасьць перашкаджае нямецкай уладзе? То-ж грошы цяпер малавартасныя. Толькі тавар рэч надзейная.
— Колькі-ж пудоў важыў ваш падсьвінак?
— Пудоў восем на чыста.
— Дык гэта не малы парсюк! — кажу яму.
— Дык вось, паночку, Жмудзякі зьнюхалі, што тут ладная здабыча, ды вяпрука забралі. Мне загадалі адвезьці яго на іхны паліцыйны ўчастак і там, на маіх вачох, яны расьсеклі яго на восем кавалкаў ды падзяліліся між сабой, мне-ж далі толькі галаву вяпрука. Ці нельга было-б зьвінаваціць іх у Немцаў, бо ім Жмудзякі нічога ня прызначылі?
Я яму сказаў, што ўсю справу можам прадставіць Немцам і можа паліцыянты й будуць пакараныя, але й яму гэта ня будзе на карысьць, бо цяпер продаж усякага тавару падлягае нямецкай кантролі.
— Хай сабе падлягае, — казаў селянін, — але чаму жамойцкія разбойнікі маюць жывіцца нашым мазалём?
АБРАЗКІ ЗЬ ВІЛЬНІ
Аднойчы ў нашым камітэце зайграла піяніна й паліліся жаночыя арыі з апэрэтак Штраўса ды Легара. Хто-ж гэта так іграе ды пяе? А прыйшлі ў камітэт жонкі савецкіх вайсковых і ўрадаўцаў, якіх Летувісы палавілі, сваім звычаем абдзерлі, ды пасадзілі ў спэцыяльныя дамы, скуль яны маглі выходзіць толькі з адмысловым дазволам. Цяпер гразілі ім вывазам у Нямеччыну й яны прыйшлі па раду ды дапамогу перад гэтым гвалтам. Прасілі таксама запраданых інфармацыяў пра тое, што дзеіцца ў Савецкім Саюзе.
Калі яны даведаліся, што Ленінград у напружаньні, Масква заложаная, камуністы ды Жыды ўцякаюць на ўсход, дык толькі ўскрыквалі:
— Да неужелі это правда?
Беларусак сярод іх ня было. Нам тады быў патрэбны мэдыцынскі пэрсанал. Адну лекарку я паслаў да Кабыльніка, а дзьве сёстры накіраваў да Баранавіч у шпіталь, дзе іх пасьля й спаткаў на працы. Іншых вывезьлі ў Нямеччыну.
На пачатку лістапада 1941 году ноччу, колькі хатаў далей ад майго дому на Кальварыйскай вуліцы, пасыпаліся стрэлы. Назаўтра мая гаспадыня Марыя, што прабіралася нават у жыдоўскае гетта, пайшла на выведку. Хутка прыносіць ведамку, што дом № 46 на нашай вуліцы абстаўлены паліцыяй і там робяць вобыск. Уночы-ж там быццам лавілі камуністаў. Вечарам я наведваю маю знаёмую Я. Бянюкевіч, куды заходзілі жмудзкія тайныя паліцыянты на спрэчкі ды выпіўку. Вось я й сустрэў аднаго па прозьвішчы Ожаліс — былы Казлоўскі — які хваліўся: